Усе навіны

Эканамічны пратэст VS безадзыўныя дэпазіты

Архіў навін

Эканамічны пратэст VS безадзыўныя дэпазіты — пытанні і адказы


Пасля звароту Паўла Латушкі, у якім ён заклікаў беларусаў больш актыўна выводзіць уклады з банкаў, і наступнай публікацыі пра пагрозу новых фінансавых абмежаванняў, мы сталі атрымліваць пытанні пра безадзыўныя дэпазіты.

Мы падрыхтавалі серыю адказаў на ключавыя пытанні па гэтым відзе дэпазітаў для ўсіх, хто ўжо падтрымлівае (ці яшчэ толькі збіраецца падтрымаць) эканамічны пратэст і нашу акцыю «Банкамат-абменнік-банк».

1. Напачатку — а што такое безадзыўны дэпазіт?

Гэта дагавор, які (у адрозненне ад адзыўнога) не прадугледжвае вяртання грашовых сродкаў да заканчэння тэрміну вяртання ўкладу. У Беларусі такія дэпазіты з’явіліся пасля апублікавання Дэкрэта № 7 ад 11.11.2015.

Бываюць рублёвыя і валютныя. Стаўкі па іх трохі вышэйшыя, чым па адзыўных дэпазітах, што нібыта кампенсуе немагчымасць забраць іх раней за тэрмін. Насамрэч спробы рэальна «зарабіць» на дэпазітах у Беларусі не маюць сэнсу, асабліва цяпер

2. Чаму адкрываць безадзыўныя дэпазіты не мае сэнсу? Стаўкі ж вышэйшыя…

Кіраўнік Нацбанка таксама так кажа. Аднак на справе ўсё інакш — грошы на безадзыўных дэпазітах не проста не «прымножацца», яны не захаваюць і свайго цяперашняга кошту. Нават з улікам працэнтаў. Іх папросту «з'есць» паскораная інфляцыя (МАРГ якраз рыхтуецца адпусціць кошты, бо стрымліваць іх штучна ўжо немагчыма) і будучая дэвальвацыя.

«Дзякуй» за гэта можна сказаць бяздарнай эканамічнай палітыцы — напрыклад, схаванай эмісіі, праведзенай Нацбанкам у мінулым годзе, і раздачы крэдытаў стратным прадпрыемствам

3. Я падтрымліваю эканамічны пратэст, але ў мяне адкрыты безадзыўны дэпазіт. Яго сапраўды нельга закрыць?

Можна, калі на гэта пагодзіцца ваш банк. Вось толькі па законе ён рабіць гэта не абавязаны, а пералік дакументаў і падстаў для адклікання дэпазіту банк вызначае сам. Але нават з імі банк можа адмовіць у закрыцці — а некаторыя банкі ў прынцыпе не вяртаюць безадзыўныя ўклады датэрмінова

4. Ок, але ўсё ж шанцы вярнуць безадзыўны дэпазіт ёсць?

Так. Звычайна для гэтага пішацца адмысловая заява з указаннем прычыны вяртання, а да яе прыкладаюцца дакументы, якія пацвярджаюць аб’ектыўную неабходнасць вяртання. Праўда, прыклады прычын у асноўным звязаныя з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі і неспадзяванымі акалічнасцямі:

  • пераезд за мяжу на ПМЖ
  • страта працы
  • страта працаздольнасці
  • атрыманне інваліднасці
  • смерць блізкага сваяка
  • сур’ёзная пашкоджанне жылля г. д.

5. Калі банк пагодзіцца, мне адразу ж вернуць усе грошы?

Не. Хутчэй за ўсё, банк возьме некалькі дзён, каб дакументальна аформіць вяртанне. Таксама пры датэрміновым скасаванні банк можа пералічыць суму працэнтаў, і так званы даход па дэпазіце вы страціце.

Акрамя таго, нават пры наяўнасці важкіх падстаў, цяпер банкі будуць рабіць усё, каб не дапусціць закрыцця валютных дэпазітаў да 09.07.2021. У гэты дзень уступіць у сілу Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях валютнага рэгулявання і валютнага кантролю», які дазваляе ўводзіць валютныя абмежаванні (аж да забароны на валютныя аперацыі) на тэрмін да 1 года.

6. Куды скардзіцца, калі банк адмовіцца вярнуць мне безадзыўны дэпазіт?

На жаль, скардзіцца ў гэтым выпадку бессэнсоўна. Нават у Нацбанк, які афіцыйна не ўмешваецца ў дамоўленасці паміж банкамі і іх кліентамі

7. У мяне ёсць безадзыўны дэпазіт, але яго тэрмін вось-вось скончыцца. Значыць, я закрыю яго без праблем?

Не факт. Лепш праверце дагавор на наяўнасць пункта аб пралангацыі. Яна можа адбыцца аўтаматычна, калі вы асабіста не звернецеся ў банк. І ён зможа працягнуць дамову нават без вашай згоды.

8. Дык якую выснову варта зрабіць тым, хто падтрымлівае ідэю эканамічнага пратэсту?

Не адкрываць у беларускіх банках ніякіх дэпазітаў — асабліва безадзыўных. Звярніце ўвагу, што банкі вельмі імкнуцца прыцягваць менавіта такія ўклады — некаторыя нават праводзяць для гэтага рэкламныя гульні (як «Белаграпрамбанк»).

Бо так яны могуць доўга карыстацца вашымі грашыма — а вы па сутнасці нічога з гэтага не маеце. Нават наадварот — у бягучай сітуацыі вельмі вялікая рызыка поўнага абясцэньвання, замарозкі ці нават экспрапрыяцыі вашых укладаў на карысць злачыннага рэжыму.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter