Усе навіны

Вольны хор перадаў Музею Вольнай Беларусі спеўнiк з подпiсамi ўдзельнікаў

Архіў навін

Кіраўніца знакамітага Вольнага хору падаравала спеўнік Музею Вольнай Беларусi падчас канцэрту, які адбыўся на сцэнічнай пляцоўцы Каралеўскага замку ў Варшаве. Вось што пішуць у анатацыі да гэтага «зборніка твораў беларускіх аўтараў у апрацоўках для змешанага хору, а cappella» яго аўтары: «Мы верым, што гэтымі спевамі мы можам аб’яднаць беларускі народ». І гэта сапраўды так. «Пагоня», «Муры», «Сцяг», «Магутны Божа» — словы гэтых і іншых песен з лета мінулага года вывучыў амаль кожны беларус. Але сёння, у захопленай рэжымам Беларусі, спеўнік забаронены, а кожны, хто паспрабуе ў голас заспяваць гэтыя песні, рызыкуе асабістаю свабодаю.

Каштоўнасць спеўніка як прадмета музейнага значэння — у арыгінальных подпісах удзельнікаў Вольнага хору. Частка з іх пакуль хавае свае імёны і прозвішчы, але іх галасы ведае ўся Беларусь. Калектыў, створаны ў жніўні 2020-га, сваім шматгалоссем натхняў і працягвае натхняць беларусаў па ўсім свеце і прадстаўляе сабой адну з яскравых культурніцкіх з’яў пратэстнага руху на Беларусі ў 2020−2021 гадах.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне выказвае падзяку ўсім, хто перадае прадметы музейнага значэння, а таксама іх лічбавыя копіі ў дар Музею Вольнай Беларусі. Ваша інфармацыя, дасланая праз чат-бот @NAUsupport, пры жаданні, застанецца ананімнай. Разам мы захаваем нашу гісторыю.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter