Навiны АПК

Аб планах па выкарыстанні механізмаў універсальнай юрысдыкцыі

Прэс-рэліз Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі 2 снежня 2022

Як пісаў італьянскі юрыст Чэзарэ Бекарыя, «Непазбежнасць пакарання, нават умеранага, заўсёды робіць мацнейшае ўражанне, чым страх падвергнуцца самаму суроваму пакаранню, калі пры гэтым існуе надзея на беспакаранасць.».

Менавіта таму Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі ставіць перад сабою мэтаю прыняць усе неабходныя і магчымыя прававыя меры, закліканыя забяспечыць непазбежнае і справядлівае пакаранне для асоб, якія ўчынілі злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы, а таксама акты міжнароднага тэрарызму.

Тым самым ажыццявіць прававы ціск на рэжым Лукашэнкі, які, па нашым меркаванні, будзе спрыяць:

адмове датычных асоб пад рознымі падставамі ад далейшай злачыннай дзейнасці, у тым ліку на мяжы з Еўрапейскім Звязам;

паніжэнню ўзроўню рэпрэсій па палітычных матывах у дачыненні да грамадзян Беларусі, а магчыма і пэўнаму расколу ў шэрагах так званых праваахоўнікаў;

сабатажу злачынных загадаў па непасрэдным уступленні беларускіх вайскоўцаў у баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны.

Па стане на снежань 2022 года ў чатырох краінах пададзена звыш 10 заяў ад не менш як 50 асоб аб прыцягненні да адказнасці канкрэтных шэраговых выканаўцаў, якія здзяйснялі гвалт і катаванні, а таксама іх кіраўнікоў. Яшчэ ў дзвюх краінах вядзецца праца па падрыхтоўцы матэрыялаў.

На падставе аналізу праблемных момантаў у прымяненні механізмаў універсальнай юрысдыкцыі Кабінет ужо накіраваў прапановы шэрагу краін (Чэхія і Польшча), каб упаўнаважаныя органы (МЗС, Парламент) далі тлумачэнні, як следчыя і іншыя органы павінны ўлічваць у сваёй дзейнасці асаблівасці крызісу ў Беларусі (напрыклад, не ўжываць асобныя нормы заканадаўства, якія абавязваюць узаемадзейнічаць з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі). У якасці самага лепшага вырашэння праблем прапанавана ўнесці змены ў нацыянальнае заканадаўства.

Будуць прыняты захады па заключэнні пагадненняў паміж Аб’яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі і шэрагам краін (у першую чаргу, Польшча і Літва) аб узаемнай прававой дапамозе. Гэта дасць дзяржаўным органам легальную магчымасць прадстаўляць Кабінету асноўную інфармацыю па адпаведных справах. Дадаткова такія пагадненні могуць быць пашыраны на сферу абароны правоў бежанцаў і іншых грамадзян Беларусі за мяжой (верыфікацыя па візавых пытаннях і іншае).

У дадзены момант рыхтуюцца хадайніцтвы аб аб’яўленні ў вышук падазраваных асоб (раней гэта было немагчыма, паколькі не былі пройдзены пэўныя працэсуальныя стадыі). Дадзены крок з’яўляецца нашай галоўнай прамежкавай мэтай.

Бачыцца мэтазгодным стварэнне сумеснай следчай групы з Польшчай, Літвой, Германіяй, Швецыяй, Нарвегіяй, Чэхіяй, а таксама Украінай па расследаванні злачынстваў па фактах прымянення катаванняў і гвалту да грамадзян Беларусі з 2020 года.

Пры Кабінеце фарміруецца працоўная група з прадстаўнікоў дэмакратычных структур, праваабаронцаў, адвакатаў, асноўнай мэтай якой стане распрацоўка стратэгіі далейшай працы па напрамку універсальнай юрысдыкцыі.

Нам важная падтрымка ў гэтым пытанні кожнага юрыста, праваабаронцы, палітыка, журналіста і кожнага беларуса, якія вераць у ідэалы правасуддзя, справядлівасці і непазбежнасці пакарання.