Усе навіны

Эканамічны ціск на рэжым: пытанні і адказы

Архіў навін

Пазбаўленне рэжыму грошай — адзін з ключавых прыярытэтаў НАУ. Мы падрыхтавалі серыю публікацый у фармаце «пытанне-адказ» — пра тое, што канкрэтна мы робім і як гэта працуе


Пачнем з агульных пытанняў:

1) Якія юрыдычныя падставы існуюць для ўводу санкцый?

Для санкцый ЗША — «Акт аб Дэмакратыі, Правах Чалавека і Суверэнітэце Беларусі-2020». Гэты закон выправіў і дапоўніў закон 2004 года, паводле якога былі прынятыя першыя санкцыі. Для Еўропы гэта аналагічныя рашэнні Еўракамісіі.

2) Хто сочыць за выкананнем санкцый?

У ЗША — Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC). Аналагічныя органы ёсць у Англіі (OFSI) і ЕС (DG FISMA unit Е.5).

3) Што НАУ робіць для ўвядзення санкцый і да якіх вынікаў гэта прывядзе?

— Інфармаванне міжнародных фінансавых арганізацый аб нелегітымнасці кіраўніцтва Нацбанка і Мінфіна РБ.
Вынік — немагчымасць для рэжыму займаць грошы ў МВФ.

— Абвальванне кошту дзяржаблігацый.
Вынік — рэжым не зможа займаць грошы і ў прыватных пазычальнікаў на міжнародным рынку. Расія — пакуль выключэнне, але мы працуем и над гэтым.

— Аднаўленне санкцый супраць прадпрыемстваў «Белнафтахіма».
Вынікам стане адмена ліцэнзіі OFAC 2G для шэрагу прадпрыемстваў і аднаўленне амерыканскіх санкцый.

— Замарозка карэспандэнцкіх рахункаў дзяржбанкаў у замежных банках і адключэнне іх ад плацежных сістэм.
Вынікам можа стаць скасаванне дагавораў працэсінгу з дзяржбанкамі Беларусі.

— Пашырэнне санкцыйных спісаў ЕС і іх сінхранізацыя з амерыканскімі.
Вынікам стане пазбаўленне рэжыму магчымасці абыходзіць санкцыі ЗША на еўрапейскім рынку.

— Даданне «Беларуськалія» ў санкцыйныя спісы.
Адпаведны ліст мы накіравалі ў OFAC, вынікам можа стаць вяртанне «Беларуськалія» ў пералік падсанкцыйных прадпрыемстваў «Белнафтахіма» з 27 красавіка.

Акрамя таго, мы рэалізуем шэраг ініцыятыў, пра якія пакуль не можам казаць публічна.

Далей мы распавядзем, чаму некаторыя дзяржкампаніі яшчэ не ўключаны ў санкцыйныя спісы, навошта патрэбныя еўрапейскія санкцыі, калі ёсць амерыканскія, і што мы робім для сінхранізацыі абодвух спісаў.

Усё гэта — вялікая праца, вынікі якой паскараюць фінансавы крах рэжыму. Але важна разумець, што без масавага ўнутранага ціску ён будзе папаўняць страты за кошт грошай саміх беларусаў.

Каб гэтага не адбывалася, мы запусцілі акцыю «Банкамат—абменнік—банк» — 3 простыя крокі, якія дапамогуць зберагчы вашы грошы ад рэжыму і палохаюць яго яшчэ мацней, чым санкцыі.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter