Усе навіны

НАУ просіць Украіну адмовіцца ад удзелу ў «Славянскім базары»

Архіў навін

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне накіравала афіцыйнаму Кіеву ліст, у якім просіць кіраўніцтва Украіны адмовіцца ад падтрымкі і фінансавання конкурсу «Славянскі базар», які праходзіць у Віцебску.


Дакумент атрымае офіс прэзідэнта Украіны, а таксама міністр культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандр Ткачэнка. Акрамя таго, НАУ папрасіла экс-міністра культуры і турызму Украіны, а цяпер мастацкага кіраўніка Львоўскага нацыянальнага тэатра оперы і балета Васіля Ваўкуна данесці да дзяржаўных органаў, творчых саюзаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Украіны пазіцыю беларусаў.


У лісце НАУ распавядае пра рэпрэсіі супраць дзеячоў культуры (звальненні работнікаў культурных устаноў, пазбаўленне льгот і прэферэнцый, якія належылі членам творчых саюзаў, і гэтак далей), а таксама дзеянні ўладаў, накіраваныя на падаўленне незалежных СМІ. Акрамя таго, у дакуменце адзначана цяжкая сітуацыя з эпідэміяй COVID-19 у Беларусі, якая пагражае здароўю ўдзельнікаў мерапрыемства з-за адсутнасці належных мер па барацьбе з ёй з боку дзяржавы.

Нагадаем, нядаўна арганізатары фестывалю апублікавалі афішы са спісамі будучых удзельнікаў. Аказалася, што многія з іх самі не былі ў курсе таго, што далі згоду. Пасля гэтага шматлікія артысты ў сацыяльных сетках заявілі, што на «Славянскі базар» не паедуць: напрыклад, Міхаіл Галустян, Аляксандр Іваноў з групы «Ронда», Антон Табала (HOMIE), а таксама ўкраінская спявачка MARUV і шматгадовы ўкраінскі вядучы фестывалю Цімур Мірашнічэнка.

НАУ перакананае, што ва ўмовах вострага палітычнага крызісу фестываль не можа адбыцца, бо будзе выкарыстаны ўладай як інструмент прапаганды і ўласнай легітымізацыі. А артысты, якія пагодзяцца стаць удзельнікамі «Славянскага базару», стануць мімавольнымі «адвакатамі» злачыннага рэжыму.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter