Навiны АПК

Прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па міжнародных адносінах сустрэўся з кіраўніком аддзела па справах Беларусі ў амбасадзе ЗША

У Вільнюсе адбылася сустрэча прадстаўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па міжнародных адносінах Валера Кавалеўскага з Пітарам Каўфманам, новапрызначаным кіраўніком аддзела па справах Беларусі ў амбасадзе ЗША ў Літве. Гэтая размова стала першай афіцыйнай сустрэчай Кавалеўскага ў новай якасці.


Абмеркаваныя тэмы актывізаванага палітычнага працэсу сярод дэмакратычных сілаў Беларусі, у прыватнасці, вынікі Канферэнцыі «Новая Беларусь», якая праходзіла 8−9 жніўня ў Вільнюсе, і галоўнае рашэнне дэмакратычных сілаў аб стварэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Амерыканскаму боку была прадстаўленая падрабязная інфармацыя пра канцэпцыю і мэты Кабінета, таксама задачы яго чальцоў.


Была закранутая ўнутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі, рызыкі для незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь ад удзелу рэжыма ў расійскай агрэсіі супраць Украіны і пазіцыя міжнароднай супольнасці па гэтай праблеме.


Пацверджаная гатоўнасць да супрацоўніцтва па падтрымцы імкнення беларусаў да дэмакратычных зменаў.