Усе навіны

Адстаўка ў знак пратэсту супраць дзеянняў рэжыму Лукашэнкі

Архіў навін

Прадстаўнік Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў Аўстраліі падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць дзеянняў рэжыму Лукашэнкі


Прадстаўнік Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) у Аўстраліі Уорэн Рэйнальдс падаў прашэнне аб адстаўцы на імя старшыні арганізацыі Уладзіміра Улаховіча. Спадар Рэйнальдс прадстаўляў БелГПП у Аўстраліі з 2011 года, а ў 2012−2018 гадах быў ганаровым консулам Беларусі ў гэтай краіне. Пры яго ўдзеле на Зялёным кантыненце адкрыліся офісы БелАЗ і МТЗ.

«Я не магу мірыцца з беззаконнымі і злачыннымі дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі і, такім чынам, не бачу больш магчымасці быць прадстаўніком якога-небудзь афіцыйнага органа ўрада Лукашэнкі, ці падтрымліваць яго, або асацыявацца з ім», — патлумачыў у сваёй заяве Уорэн Рэйнальдс.

Рэйнальдс таксама зазначыў, што не лічыць Лукашэнку «законна абраным прэзідэнтам Беларусі і чалавекам, вартым павагі». «Ён — проста бязлітасны, жорсткі, безадказны, эгаістычны дыктатар, які сілай зброі захоўвае ўладу і сілком утрымлівае свой народ у якасці закладнікаў. Яго злачынствы не могуць застацца беспакаранымі», — гаворыцца ў прашэнні.

Уорэн Рэйнальдс падкрэсліў, што «з гэтага моманту вымушаны зрабіць усё магчымае, каб тыя беларускія кампаніі, якія дзейнічаюць у інтарэсах Лукашэнкі і яго сям'і, не вялі ніякага бізнесу ў Аўстраліі ці ў гэтым рэгіёне», і заклікаў дыпламатаў, ганаровых консулаў і прадстаўнікоў БелГПП у іншых краінах таксама публічна асудзіць рэжым Лукашэнкі і падаць у адстаўку. «Як толькі гэты рэжым будзе ліквідаваны, мы далучымся да народа вольнай Беларусі і аднаўлення іх краіны», — сказаў на заканчэнне спадар Рэйнальдс.

НАУ дзякуе Уорэну Рэйнальдсу за яго ўчынак у падтрымку беларускага народу і далучаецца да закліку да ганаровых консулаў і прадстаўнікоў БелГПП па ўсім свеце неадкладна пакінуць свае пасады на знак пратэсту супраць дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter