Усе навіны

Як рэжым заробіць на абавязках стратных прадпрыемстваў за кошт беларусаў

Архіў навін

Нелегітымная ўлада дасць магчымасць агенцтву па кіраванні актывамі (АКА) выпускаць свае ўласныя аблігацыі. Чаму гэта дрэнная навіна для ўсіх, акрамя рэжыму?


ААТ «Агенцтва па кіраванні актывамі» было створана ў адпаведнасці з указам Лукашэнкі ад 14 ліпеня 2016 г. № 268. Афіцыйна дзейнасць АКА накіравана на стварэнне ўмоў для комплекснага рэфармавання і фінансавага аздараўлення сельскагаспадарчай вытворчасці. На самай жа справе гэта спецыяльная фінансавая арганізацыя, задача якой — «раствараць» даўгі дзяржсектара перад банкамі ў паветры.

Але АКА існуе ўжо некалькі гадоў — чаму ж мы гаворым пра яго толькі цяпер?

У красавіку з’явілася інфармацыя аб разглядзе ўрадам праекта ўказа аб «стварэнні ўмоў для фінансавага аздараўлення арганізацый рэальнага сектара эканомікі». У адпаведнасці з ім, АКА зможа ажыццяўляць выпуск уласных аблігацый і «набываць» з іх дапамогай даўгоў прамысловых прадпрыемстваў перад банкамі, атрымліваючы наўзамен акцыі гэтых прадпрыемстваў. Гэта значыць, АКА зможа кіраваць іх актывамі. Што ў святле нядаўняга падпісання ўказа «Аб прыцягненні знешніх дзяржаўных пазык» стварае сур’ёзную пагрозу продажу гэтых актываў трэцім асобам — у кошт пагашэння будучых дзяржаўных пазык. Пра гэты ўказ раней казаў Павел Латушка ў сваім звароце да кіраўніцтва шэрагу расійскіх банкаў.

Акрамя таго, па нашых звестках, аблігацыі АКА могуць стаць адным з інструментаў «вялікага рабавання банкаў», якое рэжым рыхтуе ў ліпені. Сёння мы пагаворым пра гэта падрабязней і раскажам, якім чынам новыя паўнамоцтвы АКА паставяць пад пагрозу дабрабыт сотняў тысяч беларусаў.

Як рэжым заробіць на абавязках стратных прадпрыемстваў за кошт беларусаў. Разгледзім падрабязней у блоках ніжэй.

АКА стане ўладальнікам актываў стратных прадпрыемстваў

  1. Агенцтва па кіраванні актывамі (АКА) выпусціць свае аблігацыі
  2. Рэжым абавяжа банкі купіць аблігацыі АКА
  3. Атрыманыя грошы ад іх продажу АКА адправіць тым жа банкам — на выкуп праблемных даўгоў дзяржпрадпрыемстваў
  4. Стратныя дзяржпрадпрыемствы «разлічацца» з АКА сваімі акцыямі

Для чаго патрэбна гэтая схема?

  1. Каб спісаць крэдыты стратных дзяржпрадпрыемстваў з банкаў
  2. Каб стратныя прадпрыемствы, спісаўшы старыя даўгі, маглі браць новыя крэдыты
  3. Каб мець магчымасць прадаць стратныя прадпрыемствы, але ўжо вычышчаныя ад даўгоў

Што не так са схемай?

  1. Раней выдадзеныя дзяржпрадпрыемствам крэдыты — загадзя нерэальныя для пагашэння
  2. Аблігацыі АКА нічым не забяспечаны. Нелегітымны ўрад не можа выступіць іх гарантам — бо ён практычна банкрут

Першымі прайграюць банкі

Абмяняўшы даўгі стратных прадпрыемстваў на аблігацыі АКА, банкі не пазбавяцца ад дрэнных актываў. Яны атрымаюць яшчэ больш праблемных актываў. Але на паперы іх фінансавыя паказчыкі будуць папраўляцца.

З аднаго боку, гэта палепшыць іх рэйтынгі, а з другога — дазволіць абыйсці нарматывы Нацбанка, якія раней абмежавалі іх у выдачы новых крэдытаў стратным прадпрыемствам. Цяпер банкі будуць вымушаныя іх выдаць

Гэта значыць, першымі ад гэтай схемы прайграюць банкі. Але не толькі яны

Асноўны ўдар прымуць на сябе простыя беларусы

Мы памятаем, што ні аблігацыі АКА, ні акцыі дзяржпрадпрыемстваў, якія пяройдуць ва ўласнасць Агенцтва, нічым не забяспечаны. А значыць іх трэба неяк ператварыць у рэальныя грошы. Але як?

За кошт простых беларусаў

1) Добраахвотна-прымусовы продаж аблігацый АКА насельніцтву
Падманам або дырэктыўна, рэжым будзе змушаць беларусаў набываць аблігацыі АКА. Груба гэта можна параўнаць з продажам латарэйных білетаў па разнарадках

2) Дырэктыўная канвертацыя укладаў насельніцтва ў аблігацыі АУА
Адмысловым указам банкам дазволяць выдаваць уклады ў выглядзе аблігацый. Гэта значыць, замест сваіх рэальных грошай, укладчыкі атрымаюць нічога не вартую макулатуру

3) Схаваная прыватызацыя праз продаж акцый дзяржпрадпрыемстваў трэцім асобам
Прасцей кажучы, АКА знойдзе буйных «інвестараў» у Расіі (бо ніхто іншы на здзелкі з рэжымам ужо не ідзе) і за бясцэнак прадасць ім акцыі беларускіх прадпрыемстваў. Тым самым, спрыяючы рэйдэрскаму захопу.

У выпадку, калі ў АКА будуць кантрольныя пакеты, то прадпрыемствы могуць быць цалкам перададзены ва ўласнасць расійскіх інвестараў. Разам з супрацоўнікамі. Чый далейшы лёс будзе залежаць толькі ад жадання новых уласнікаў захоўваць працоўныя месцы (ды і самі прадпрыемствы)

Высновы

1. Схема з АКА не проста дазволіць рэжыму «адмыць» стратныя прадпрыемствы ад даўгоў — яна перакладзе іх на плечы простых беларусаў

2. Больш за тое, з яе дапамогай рэжым разлічвае зарабіць грошы з паветра, прадаючы беларусам «смеццевыя» аблігацыі АКА і выдаючы іх замест рэальных грошай трымальнікам укладаў

3. Таксама гэтая схема ставіць пад прамы ўдар працоўных, бо стаўшы трымальнікам актываў дзяржпрадпрыемстваў, АКА зможа прадаць іх расійскім «інвестарам», якія ніякіх гарантый рабочым даваць не стануць

Што можаце зрабіць вы?

1. Не трымаць грошай на банкаўскіх рахунках, каб не даць банкам выкарыстоўваць іх у шэрых здзелках з рэжымам

2. Вывесці з банкаў усё ўклады, каб рэжым не змог ператварыць іх у «смеццевыя» аблігацыі АКА

3. Не купляць аблігацыі АКА, калі вам паспрабуюць іх навязаць

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter