Усе навіны

Банкаўская сістэма афіцыйна пачынае ўдзельнічаць у рэпрэсіях

Архіў навін

У распараджэнне НАУ трапіў План арганізацыі інфармацыйнага ўзаемадзеяння Следчага камітэта, Генпракуратуры, МУС і Нацбанка


Сапраўднасць дакументаў пацвердзілі некалькі нашых крыніц у розных сілавых ведамствах.
Характэрна, што намеснік праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц зацвердзіў гэты план 9 ліпеня — у дзень уступлення ў сілу Закона N 36−3 «аб змене законаў па пытаннях валютнага рэгулявання і валютнага кантролю». Мы ўжо распавядалі, як працуе гэты закон і як ён можа быць выкарыстаны рэжымам Лукашэнка супраць беларусаў:

— Аб пачатку «эканомікі абмежаванняў».
— Аб верагодным сцэнары «вялікага рабавання банкаў».

Але вернемся да плана Нацбанка. Зыходзячы з атрыманых намі дакументаў, СК, Генпракуратура і МУС атрымаюць поўны і адкрыты доступ да інфармацыі аб усіх рахунках і электронных кашальках грамадзян у беларускіх банках.

Гэта значыць, што банкаўская таямніца ў Беларусі перастала існаваць — сілавікі пачынаюць сачэнне* за вашымі асабістымі фінансамі і выдаткамі ў рэжыме рэальнага часу. Гэта значыць банкаўская сістэма афіцыйна стала часткай рэпрэсіўнай машыны Лукашэнка.

Пазней мы яшчэ вернемся да гэтых дакументаў ** і раскажам, якім чынам мы імі скарыстаемся ў рамках глабальнай кампаніі па эканамічным ціску на рэжым.

А пакуль заклікаем усіх беларусаў успомніць нашу простую формулу «банкамат-абменнік-банк» і вывесці ўсе вашы грошы з банкаў. Давяраць ім больш нельга — і цяпер гэта пацверджана дакументальна.

* Раней мы ўжо распавядалі, што за беларусамі таксама сочыць Міністэрства падаткаў і збораў.

** Самі дакументы мы пакуль не публікуем дзеля бяспекі нашых крыніц.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter