Усе навіны

Кірылюк‌ ‌—‌ ‌пра‌ ‌вырашэнне‌ ‌прававога‌ ‌дэфолту‌

Архіў навін

Прававы дэфолт — гэта калі прававыя інстытуты замест прымянення права абслугоўваюць ўтрыманне ўлады. «Выдаванне» ўрачэбнай таямніцы пасля смерці Рамана Бандарэнка супярэчыць логіцы і праву — «выдаць» можна толькі праўдзівую інфармацыю. Распачаўшы такую справу, пракуратура прызнае, што Бандарэнка быў цвярозы.

Даклад у рамках Маскоўскага механізму АБСЕ толькі пацвярджае: беларуская судовая сістэма не здольная расследаваць справы па катаваннях, фальсіфікацыях і гвалце да мірных пратэстоўцаў. Таму аўтары дакладу і прапануюць стварыць незалежны суд.

Пасля жніўня-2020 змянілася стаўленне да адвакатаў: цяпер ім нават не даюць фатаграфаваць справы. Але адвакаты ўсё роўна не бяссільныя: ёсць прыклады, калі яны збіралі доказы і дабіваліся таго, каб кліент заставаўся на волі. На фоне апошніх падзей касмічна вырасла салідарнасць адвакатаў і юрыстаў.

Канвенцыя па катаваннях дазваляе прыцягваць беларускіх правапрымяняльнікаў па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі - гэта значыць, усюды дзе гэта магчыма (а яе ратыфікавалі амаль усе краіны свету). Якія шанцы на гэта? У 1943 годзе ніхто не дапускаў, што будзе Нюрнбергскі працэс. А цяпер даклад АБСЕ паставіў Беларусь у спіс, дзе да гэтага часу было 4 трыбуналы — па выніках ваенных злачынстваў Другой сусветнай вайны: Нюрнбергскі (па злачынствах нацыстаў Германіі), Далёкаўсходні (па злачынствах нацыстаў Японіі) і расследавання генацыду ў Руандзе і Югаславіі.

Прычыны прававога дэфолту ў Беларусі

Арганізацыйная. Усіх правапрымяняльнікаў прызначаюць і здымаюць з адзінага цэнтра. У Беларусі дэ-факта няма падзелу ўладаў. Дзесяцігоддзямі цягнуўся адбор людзей: той, хто быў гатовы на большае дзеля захавання свайго месца, заставаўся. Той, для каго важнейшы закон, — выціскаўся.

Гістарычная. Краіна не абнавіла склад усіх органаў пасля распаду СССР і захавала характэрныя метады працы. Бальшавікі казалі, што закон для іх — «воля пануючага класа», якая патрэбна, каб душыць астатніх. Беларускія ўлады трактуюць закон роўна гэтак жа.

Што рабіць з прававым дэфолтам і ці дапаможа новая канстытуцыя

Што рабіць для выхаду з прававога дэфолту — мяняць людзей, перафарміроўваць склад усіх правапрымяняльных органаў (суды: раённыя, Канстытуцыйны, Вярхоўны; СК, пракуратура, Выбарчыя камісіі, МУС). Адна з прычын, чаму Беларусь цяпер у такой сітуацыі, — той факт, што гэтага не зрабілі пасля заканчэння СССР. Калі чалавек гатовы дзеля зарплаты і пенсіі саджаць невінаватых людзей у турмы — ці патрэбны ён як суддзя?

Што зрабіць для таго, каб у будучыні гэта не паўтарылася? Стварыць рэальны падзел уладаў (цяпер ён фіктыўны, усе правапрымяняльнікі прызначаюцца з адзінага цэнтра) і замяніць людзей, якія не гатовыя працаваць па законе.

Ці вырашыць праблему новая канстытуцыя? Не. Калі мы падрыхтуем пяць праектаў новай канстытуцыі і паставім іх на галасаванне, а галасы будзе лічыць той жа ЦВК, то не трэба нават марнаваць час на падрыхтоўку.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter