Усе навіны

Прававы механізм рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій

Архіў навін

Арцём Праскаловіч расказаў пра прававы механізм рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі


Адзін з аўтараў Канцэпцыі рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, юрыст НАУ Арцём Праскаловіч пракаментаваў прававы бок Канцэпцыі ў эфіры «Еўрарадыё» і «Радыё Свабода».

Пра вызваленне палітзняволеных

«Пачатковы этап рэабілітацыі — вызваленне людзей, што знаходзяцца пад вартай і адбываюць пакаранне па палітычных матывах. Каб вызваліць першых, дастаткова прававога рэгулявання, якое ўжо ёсць на дадзены момант. А другія павінны выйсці на свабоду на падставе асобнага прававога акта».

«Як юрыст я бачу, што такі закон можа быць прыняты парламентам на тэрміновай сесіі на працягу аднаго дня ці нават некалькіх гадзін».

«Спіс асоб, якія падлягаюць вызваленню, шырэй, чым пералік палітвязняў. На волю павінны выйсці абвінавачаныя і асуджаныя з палітычнай падаплёкай па эканамічных артыкулах, за абразы, пашкоджанне маёмасці».

Пра рэабілітацыю астатніх пацярпелых

«Другім этапам будзе праца па поўнай рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій. Для перагляду іх спраў хопіць ужо існуючых інстытутаў. Застаецца, каб гэтыя справы трапілі ў па-сапраўднаму незалежны суд».

«НАУ падрыхтуе пакет праектаў дакументаў, якія могуць быць узятыя за аснову для заканадаўчага замацавання крытэрыяў палітычных рэпрэсій і пацярпелых асобаў».

«Калі нейкіх інстытутаў і працэдур будзе недастаткова, можна будзе прыняць асобныя акты, якія рэгулююць аказанне дапамогі і вырашаючыя пытанне ўшанавання памяці».

Пра статус пацярпелага ад рэпрэсій

«Рашэнне аб наданні статусу ахвяры рэпрэсій будзе прымацца Нацыянальнай камісіяй, але на падставе ў тым ліку судовых рашэнняў».

«Нам у любым выпадку спатрэбіцца пазасудовы орган, таму што некаторыя пытанні будуць ляжаць не толькі ў плоскасці судовага перагляду спраў. І трэба памятаць, што незаконныя рашэнні таксама прымаліся праваахоўнымі і іншымі органамі, якія надзелены адміністрацыйнымі паўнамоцтвамі».

Поўная версія інтэрв'ю з Арцёмам Праскаловічам на «Еўрарадыё»

Запіс гутаркі Арцёма Праскаловіча з «Радыё Свабода»

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter