Усе навіны

Неабходная тэрміновая і жорсткая рэакцыя на тэрор Лукашэнкі


Неабходна неадкладна ўвесці жорсткія прамыя і ўскосныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі — тэрарыстычны рэжым у цэнтры Еўропы больш нельга ігнараваць


Захоп самалёта кампаніі Ryanair і выкраданне Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны — гэта акт міжнароднага тэрарызму. Мы заклікаем краіны ЕС, ЗША, Канаду, Украіну і іншых партнёраў, а таксама міжнародныя інстытуты і кампаніі далучыцца да санкцый і рашучых дзеянняў супраць дыктатуры. Лукашэнка ўяўляе пагрозу не толькі для грамадзян Беларусі, але і для ўсяго свету.

Народнае антыкрызіснае кіраванне заклікае неадкладна:

• Еўрапейскі саюз — далучыцца да санкцый ЗША супраць прадпрыемстваў беларускай нафтахімічнай прамысловасці;

• пачаць працэдуры па прызнанні рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычным;

• адключыць беларускія дзяржбанкі ад міжнароднай сістэмы SWIFT, а таксама ад міжнародных плацежных сістэм Visa і MasterCard;

• замежныя банкі — закрыць карэспандэнцкія рахункі беларускіх дзяржаўных банкаў;

• інвестыцыйныя фонды — прад’явіць належныя ім дзяржаблігацыі Беларусі да датэрміновага пагашэння і адмовіцца ад любых стасункаў з рэжымам Лукашэнкі, інвестыцыйныя банкі, якія ўдзельнічалі ў выпуску аблігацый — прызнаць выпуск лета-2020 несапраўдным. Еўрабонды Беларусі ўжо абрынуліся да ўзроўню жніўня 2020 года;

• выключыць Беларусь з Інтэрпола і Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі;

• прыпыніць палёты ўсіх сусветных авіякампаній над Беларуссю і прыпыніць наземны транзіт;

• замежныя кампаніі — Yara, Siemens, тытунёвыя кампаніі (British American Tobacco, Imperial Tobacco, Japan Tobacco International і Philip Morris) і іншыя — спыніць усё супрацоўніцтва з дзяржаўнымі прадпрыемствамі Беларусі, не чакаючы прыняцця санкцый;

• перагледзець крэдытны рэйтынг Беларусі.

Мы вітаем аператыўныя заявы міжнароднай супольнасці і ўжо прынятыя дзеянні. Мы настойваем на рашучых дзеяннях краін, міжнародных інстытутаў і кампаній з мэтай спыніць тэрор, які арганізаваў Лукашэнка. Жорсткія і неадкладныя прамыя і ўскосныя санкцыі крытычна неабходныя для выратавання жыццяў палітычных зняволеных, спынення гвалту і правядзення новых свабодных выбараў. Навіны апошняга тыдня — смерць Вітольда Ашурка, блакіроўка TUT.BY і затрыманне журналістаў, захоп самалёта і выкраданне Рамана Пратасевіча — гэта наступствы павольнага рэагавання сусветнай супольнасці на дзеянні нелегітымнай улады Беларусі.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter