Усе навіны

НАУ: план па знешняй палітыцы

Планы НАУ

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне канстатуе дэфолт знешняй палітыкі Беларусі:
•прэзідэнт страціў легітымнасць у вачах сусветнай супольнасці;
•разбурыліся добрасуседскія зносіны;
•краіна страціла канструктыўныя зносіны з ключавымі знешнепалітычнымі гульцамі;
•Беларусь зазнала катастрафічныя іміджавыя страты на міжнароднай арэне. Узровень кантактаў афіцыйнага Мінска істотна знізіўся, кіраўніцтва краіны патрапіла ў санкцыйныя спісы;
•знізіўся ўзровень рэгіянальнай бяспекі.

Што зробіць НАУ ў сферы знешняй палітыкі, каб наблізіць пераходны перыяд


Народнае антыкрызіснае ўпраўленне лічыць галоўным прыярытэтам нарошчванне знешняга ціску на нелегітымную ўладу Беларусі з мэтай спынення сістэмных і масавых парушэнняў правоў чалавека. Для гэтага неабходна:

1. Пашыраць спісы для персанальных санкцый і ўзмацняць эканамічныя санкцыі. Еўрапейскі савет ўжо ўвёў два пакеты персанальных санкцый, у снежні чакаецца іх далейшае пашырэнне. Кангрэс ЗША завяршае работу над новай рэдакцыяй «Акта аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі ў 2020 годзе».

2. Забяспечыць стварэнне міжнароднага механізму крымінальнага пераследу.

3. Інфармаваць грамадскасць розных дзяржаваў свету аб рэальнай сітуацыі ў Беларусі. На сталай аснове вядзецца абмен інфармацыяй аб падзеях у Беларусі з краінамі-суседкамі і ключавымі гульцамі на міжнароднай арэне: дзяржавамі-членамі Еўрапейскага савета, Вялікабрытаніяй, Канадай і ЗША.

4. Пашыраць міжнароднае прызнанне лідара Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйнай рады. На сённяшні дзень КР і Святлана Ціханоўская прызнаны Еўрапейскім саветам у якасці прадстаўнікоў беларускага грамадства. НАУ будзе спрыяць таму, каб сфера прызнання планамерна пашыралася.

5. Падтрымліваць ініцыятывы беларускай дыяспары па стварэнні народных пасольстваў.

6. Ажыццяўляць фінансавую выведку, каб вызначыць актывы, незаконна вывезеныя з Беларусі, акумуляваць сродкі для наступнай перадачы новаму Ураду Беларусі.

7. Прыпыніць выкананне і блакаваць заключэнне новых міжнародных пагадненняў, якія не адказваюць інтарэсам беларускага народа.

Прыярытэтныя задачы падчас пераходнага перыяду, якія дапамогуць узнавіць адносіны з іншымі краінамі і міжнароднымі інстытутамі


1. Узнавіць канструктыўныя добрасуседскія адносіны.

2. Забяспечыць выкананне ўсіх наяўных двухбаковых і шматбаковых дамоўленасцяў, прымаючы ў якасці асновы адсутнасць неабходнасці геапалітычнага выбару на дадзеным этапе. НАУ не плануе вызначаць знешнепалітычныя прыярытэты і «разварочваць» краіну на Усход ці на Захад. Беларускае грамадства само вырашыць гэтае пытанне падчас і пасля новых прэзідэнцкіх выбараў.

3. Узнавіць узаемадзеянне са шматбаковымі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі (МВФ, Сусветны банк, ЕБРР, ЕАБР і іншымі). Удзельнічаючы ў фарміраванні ўраду пераходнага перыяду, НАУ гатова з дапамогай кантактаў з ЕС і ЗША забяспечыць размарозку крэдытна-фінансавага супрацоўніцтва з Беларуссю, а таксама аператыўна рэалізаваць распрацаваны сумесна са штабам Святланы Ціханоўскай «план Маршала» для Беларусі.

4. Распрацаваць стабілізацыйны план для Беларусі з удзелам Расіі і ЕС. НАУ выступіла ініцыятарам распрацоўкі такога плана і прыцягвае для гэтых мэтаў высокакваліфікаваных экспертаў.

⇲ спампаваць план pdf