Усе навіны

НАУ звярнулася да нарвежскіх уладаў

Архіў навін

НАУ звярнулася да нарвежскіх уладаў з просьбай паўплываць на бізнес, які супрацоўнічае з дыктатурай


Народнае антыкрызіснае ўпраўленне накіравала прадстаўнікам нарвежскай ўлады ліст, у якім прапануе падтрымаць патрабаванне беларусаў разарваць бягучыя кантракты з беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, у прыватнасці — з «Беларуськаліем». Дакумент накіраваны ў Міністэрства гандлю, прамысловасці і рыбалоўства, Міністэрства сельскай гаспадаркі, нарвежскім дэпутатам, а таксама ў амбасады Нарвегіі ў краінах Еўропы.

У лісце падкрэсліваецца, што беларусы шматкроць звярталіся да кіраўніцтва кампаніі Yara з просьбай прыпыніць бягучыя кантакты з «Беларуськаліем» і ўстрымацца ад падпісання новых пагадненняў да спынення масавых рэпрэсій. НАУ таксама нагадвае, што нарвежскі ўрад як галоўны акцыянер Yara (ураду Нарвегіі належыць 36,2% акцый) да гэтага часу не ініцыяваў праверку адпаведнасці інвестыцый Yara ў Беларусь па крытэрах адказнага інвеставання ESG. І гэта на фоне таго, што дацкія інвестыцыйныя фонды пазбавіліся ад беларускіх дзяржаблігацый з-за палітычнай сітуацыі ў краіне і неадпаведнасці гэтых інвестыцый стандартам ESG.

НАУ заклікае Нарвегію зрабіць канкрэтныя крокі па пераглядзе супрацоўніцтва з «Беларуськаліем», нагадваючы пра фальсіфікацыю выбараў у жніўні 2020 года і хвалю гвалту з боку ўладаў, якая рушыла за гэтым.

НАУ таксама звяртае ўвагу на сітуацыю на самым «Беларуськаліі»: удзельнікі страйкаму былі звольненыя, многія прайшлі праз арышты, 30 чалавек былі вымушаныя пакінуць краіну. Адміністрацыя прадпрыемства замяняе кваліфікаваных работнікаў людзьмі з іншых падраздзяленняў, чые навыкі не заўсёды адпавядаюць новым пасадам, што павышае небяспеку надзвычайных сітуацый на вытворчасці. Толькі з пачатку гэтага года на «Беларуськаліі» здарылася не менш за сем здарэнняў.

У лісце выказана надзея, што ўлады Нарвегіі праявяць салідарнасць з народам Беларусі і паўплываюць на рашэнне Yara пра разрыў кантракту з «Беларуськаліем».

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter