Усе навіны

Кампаніі з 4-га пакета санкцый: за што яны туды трапілі?

Архіў навін

У панядзелак (21.06) Еўрапейскі Звяз прыняў чацвёрты пакет санкцый супраць дыктатарскага рэжыму: у яго трапілі 78 фізічных асоб і 8 кампаній.

Прынятыя санкцыі пераследуюць агульныя мэты, заяўленыя ЕЗ, сярод якіх: змаганне з карупцыйнымі схемамі ўзбагачэння рэжыму, спыненне рэпрэсій супраць мірных грамадзянаў і супраціў тэрарыстычнай чыннасці дыктатара.

«Белаэранавігацыя» брала ўдзел у тэрарыстычным акце супраць самалёта кампаніі Ryanair, прымушаючы пілотаў да пасадкі ў аэрапорце Мінска.

«Логекс» і «Глобалкастам менеджмент» — абедзве гэтыя кампаніі пад заступніцтвам Лукашэнкі ўзялі пад кантроль кветкавы бізнес у Беларусі і Расіі, нанясучы тым самым шматмільённую шкоду бюджэтам абедзвюх краін.

«Брэміна груп». Кампанія, што атрымала велізарныя льготы ад Лукашэнкі ў якасці лагістычнага цэнтра, займаецца кантрабандай тытунёвай і сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэта супольны актыў «кашалькоў» нелегітымнага прэзідэнта: Мікалая Вераб’я, Аляксея Алексіна і Аляксандра Зайцава.

«Новая Нафтавая Кампанія» — яшчэ адзін прыклад штучна створанага манапаліста пад кантролем «кашалькоў» Лукашэнкі: Мікалая Вераб’я і Аляксея Алексіна. Кампанія вядзе грошы, атрыманыя ад продажу нафтапрадуктаў, у афшоры для дыктатара.

«БелАЗ» і «МАЗ». «БелАЗ» прыносіць вялікія прыбыткі Дзмітрыю Лукашэнку, які з’яўляецца суўласнікам «Гандлёвага дому БелАЗ» і рабуе прадпрыемства, прадаючы грузавікі па карупцыйных схемах у Расіі. Менавіта супраць гэтых нелегальных прыбыткаў і скіраваны санкцыі. Само прадпрыемства атрымае новы шанец толькі пасля таго, як Лукашэнка і яго набліжаныя пакінуць краіну.

Падобная сітуацыя з «МАЗ». Выкарыстоўваюцца ўсе тыя ж карупцыйныя схемы: праз дылера «МАЗ-Рус» машыны прадаюцца ў Расію сабе ў страту, а потым перапрадаюцца з наварам. Апроч таго, «МАЗ» сумна вядомы вытворчасцю аўтазакаў, у якіх адбываліся масавыя збіцці і катаванні мірных пратэстоўцаў.

Абодва прадпрыемствы вельмі дарагія «сям'і» Лукашэнкі, з гэтым звязана жорсткае падаўленне спробаў пратэстаў на «МАЗ» і «БелАЗ» і звальненне бастуючых — гэта яшчэ адна прычына для санкцый.

«Сохра» — кампанія Аляксандра Зайцава, якая служыць для вываду ў афшоры валютных прыбыткаў ад экспарту беларускай прадукцыі на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Яна таксама займаецца здабычай золата ў афрыканскіх краінах на аснове канцэсій, атрыманых рэжымам Лукашэнкі.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter