Усе навіны

Павел Латушка звярнуўся да былога Прэзідэнта Малдовы Дадона

Архіў навін

Спадар Прэзідэнт,

5 мая г. г. Вы сустракаліся з самаабвешчаным прэзідэнтам Лукашэнкам, які абяцаў падзяліцца вопытам, якім, як вы лічыце, ён паказаў для Вас «прыклад». Хачу распавесці Вам і грамадскасці Малдовы, які «прыклад» ужо паказаў усяму свету Лукашэнка.

Колькасць ахвяр рэжыму Лукашэнкі няўхільна расце з кожным днём:
372 палітычныя зняволеныя, больш за 3 000 крымінальных спраў супраць мірных пратэстуючых, больш за 4 600 задакументаваных выпадкаў катаванняў, больш за 35 000 чалавек, якія падвергліся затрыманням і арыштам, у тым ліку каля 500 журналістаў, 9 загінулых і 0 крымінальных спраў супраць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па фактах забойстваў і прымянення гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян.

Калі б такі «прыклад» быў рэалізаваны ў Малдове яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, то любыя альтэрнатыўныя кандыдаты сядзелі б у турме, у парламенце Малдовы не было б прадстаўлена ні адной апазіцыйнай партыі, паліцыі Малдовы было б дазволена страляць у мірных дэманстрантаў, і гэта б дазваляла заканадаўства, любая крытыка ўлады вяла б да крымінальнай адказнасці, а Вы і ўсе паплечнікі былі б прызнаныя тэрарыстамі або экстрэмістамі.

Таксама для Вашай абазнанасці хачу прывесці «прыклады» катаванняў у Беларусі, якія ўжываюцца апошні год у дачыненні да беларусаў:

  • згвалтаванні дубінкамі жанчын і мужчын,
  • выбітыя дубінкамі крыжы на спінах,
  • катаванні хлоркай у камерах,
  • шматлікія збіцці на вуліцах, у будынках міліцыі, у турмах,
  • 10-гадзіннае стаянне на каленях галавой у падлогу,
  • наўмыснае заражэнне каронавірусам,
  • афарбоўванне рознымі колерамі адзення затрыманых,
  • загад намесніка міністра ўнутраных спраў аб пабудове канцэнтрацыйнага лагера пад Слуцкам і г. д.

Усё вышэйпералічанае — толькі некалькі прыкладаў катаванняў, якім падвяргаюцца грамадзяне Беларусі. А Вы, Спадар Прэзідэнт, хочаце такі вопыт для Малдовы?

Думаю, што малдаўскае грамадства дае такі ж адказ, як і беларусы, — НЕ, не хочам.

І цытата ад Лукашэнкі, перш, чым у будучыні захочаце мець зносіны з самаабвешчаным кіраўніком: «Не ўсё толькі дрэннае было звязана ў Германіі з вядомым Адольфам Гітлерам. Нямецкі парадак фармаваўся стагоддзямі, пры Гітлеры гэтае фармаванне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта».

Вы адкрыта заяўлялі пра сваю падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, таму я адкрыта публікую гэты ліст.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter