Усе навіны

Дыктатарскі стыль кіравання недапушчальны ў Еўропе 21 стагоддзя

Архіў навін

Уладзімір Астапенка выступіў на мерапрыемстве «Еўрасаюз — разам з народам Беларусі» у рамках святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Андрэя Сахарава


Адказны ў НАУ за шматбаковую дыпламатыю Уладзімір Астапенка прыняў удзел у дыскусіі «Еўрасаюз — разам з народам Беларусі». Мерапрыемства, арганізаванае ірландскім офісам Еўрапарламента, прайшло ў рамках святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Андрэя Сахарава і ўручэння Сахараўскай прэміі «За свабоду думкі» прадстаўнікам беларускага пратэсту.

«Нелегітымнымі рэжым Лукашэнкі вядзе вайну супраць народа Беларусі, адпраўляючы сотні мірных пратэстуючых у турмы і тэрарызуючы насельніцтва. Гэты беспрэцэдэнтны гуманітарны крызіс патрабуе сумеснага пошуку беспрэцэдэнтных рашэнняў. Дыктатарскі стыль кіравання недапушчальны ў Еўропе 21 стагоддзя», — адзначыў Уладзімір Астапенка.

На мерапрыемстве таксама выступілі ірландскія палітыкі: члены Еўрапарламента Білі Кэлехер і Шэн Келі, а таксама сенатар і прафесар Дублінскага ўніверсітэта Івана Бацік, што ўзялі пад апеку беларускіх палітзняволеных у знак салідарнасці з народам Беларусі.

«Законныя палітычныя пратэсты павінны быць дазволены ў Беларусі. Сотні палітзняволеных, якія знаходзяцца зараз за кратамі па віне рэжыму Лукашэнкі, павінны быць вызваленыя. Еўрасаюз павінен працягнуць падтрымліваць народ Беларусі і, карыстаючыся сваім статусам, патрабаваць аднаўлення дэмакратыі ў рэспубліцы», — падкрэсліў Білі Кэлехер.

Шэн Келі заявіў: «Дэмакратычныя сілы ў Беларусі прадэманстравалі вялікую мужнасць, стойкасць і рашучасць перад пагрозамі і запалохваннем. Я і мае калегі па Еўрапарламенце працягнем падтрымліваць іх патрабаванні сумленных і празрыстых выбараў, а таксама права ўдзельнічаць у мірных сходах і быць уключанымі ў палітычныя працэсы».

Івана Бацік, у сваю чаргу, падзялілася гісторыяй беларускага палітвязня Аляксандра Цярэшкі, асуджанага на 6,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, і сказала: «Многія іншыя былі асуджаны, але сёння я ўспамінаю яго выпадак. У гэты дзень, калі мы адзначаем 100-годдзе з дня нараджэння Сахарава, для мяне гонар падтрымліваць Аляксандра і ўсіх тых, хто быў арыштаваны за смелыя дзеянні ў барацьбе за дэмакратыю ў сваёй краіне».

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter