Усе навіны

Нямецкія юрысты падалі заяву ў пракуратуру Германіі супраць Лукашэнкі — за злачынствы супраць чалавечнасці

Архіў навін

НАУ працягвае кампанію па прызнанні Лукашэнкі тэрарыстам у рамках плана «Вясна-2021. Беларускае вызваленне».


Група нямецкіх юрыстаў як упаўнаважаныя прадстаўнікі ахвяраў катаванняў падалі заяву Федэральнаму генеральнаму пракурору ў Карлсруэ (Германія) пра крымінальны пераслед Аляксандра Лукашэнкі і афіцэраў беларускіх сілавых структур за злачынствы супраць чалавечнасьці.

Групе нямецкіх юрыстаў вядома пра больш за 100 задакументаваных выпадкаў катаванняў з боку прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі. Да нямецкіх юрыстаў звярнуліся 10 ахвяр катаванняў для падачы заявы Федэральнаму генеральнаму пракурору Германіі аб сістэматычных катаваннях, арганізаваных у Беларусі на дзяржаўным узроўні, каб пракуратура правяла ўсебаковае расследаванне пад нямецкай юрысдыкцыяй.


Па словах юрыстаў, усе іх кліенты гатовыя да поўнага супрацоўніцтва для далейшага расследавання. Усе кліенты нямецкіх адвакатаў паведамілі пра арышты па надуманых падставах, катаванні і здзекі падчас зняволення. Акрамя таго, яны ўтрымліваліся ў перапоўненых камерах або транспартных сродках і падвяргаліся фізічнаму гвалту, пагрозам, абразам, фізічнай і псіхалагічнай знявазе. Утрыманне пад вартай суправаджалася адвольнымі збіццём, пазбаўленнем ежы і сну, а таксама адмовай у медыцынскай дапамозе. У кожнага з кліентаў нямецкіх юрыстаў у выніку такога захвання з’явіліся сур’ёзныя наступствы для здароўя. У цэлым паводзіны прадстаўнікоў беларускай дзяржавы можна ахарактарызаваць толькі як празмерна жорсткія.


Адвакаты чакаюць ад Федэральнай генеральнай пракуратуры, што яна
прыменіць свае паўнамоцтвы і пачне крымінальны пераслед вінаватых у гэтых злачынствах у адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі. Нават нягледзячы на ​​тое, што яны не маюць прамога дачынення да Германіі. Германія ўжо прадэманстравала на прыкладзе Сірыі, што такія злачынствы супраць чалавечнасці могуць пераследвацца па законе і карацца. Усяго некалькі тыдняў таму былы афіцэр разведвальнага ўпраўлення Сірыйскага рэжыму Эйад аль-Гарыб стаў перад Вышэйшым рэгіянальным судом Кобленца за катаванні і незаконныя пазбаўленні волі і быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў турэмнага зняволення.

Паводле слоў нямецкіх адвакатаў, іх кліенты чакаюць ад Германіі, што яна абароніць універсальныя правы чалавека ў Беларусі. Яны патрабуюць справядлівасці: незалежнага расследавання і судовага пераследу вінаватых у гэтых цяжкіх злачынствах. Унутры Беларусі гэта не адбылося да цяперашняга часу. Але гэтага, па словах нямецкіх юрыстаў, і ня варта было чакаць. Судовая ўлада, як адзначаюць яны, у Беларусі не мае незалежнасьці.

Нямецкія юрысты звярнуліся сёння з заявай да Федэральнага генеральнага пракурора, каб неадкладна ініцыяваць ўсебаковае расследаванне ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і іншых асоб, вінаватых ва ўжыванні катаванняў.

Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання
Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання

Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання, перакананы, што гэта — крок на шляху прызнання Лукашэнка тэрарыстам.

— Адным з ключавых пунктаў плана Народнага антыкрызіснага ўпраўлення «Вясна-2021. Беларускае вызваленне» з’яўляецца прызнанне Лукашэнкі тэрарыстам. Гэта чалавек, які стварае пагрозу бяспецы грамадзянам Беларусі, а таксама замежным грамадзянам, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны. Чалавек, які, фактычна, спрыяе арганізацыі актаў міжнароднага тэрарызму за межамі Беларусі. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца як канкрэтныя факты забойстваў, цялесных пашкоджанняў і гвалту ў дачыненні да беларускіх і замежных грамадзян, так і заявы кіраўніцтва МУС аб тым, што за межамі Беларусі будуць здзяйсняцца акты міжнароднага тэрарызму для фізічнай ліквідацыі праціўнікаў рэжыму.

Мы ўдзячныя нямецкім адвакатам, якія падрыхтавалі вялікае дасье, што складаецца з 10 канкрэтных спраў з прыкладамі і фактамі учыненых злачынстваў супраць беларускіх грамадзян. І сёння гэта дасье перадалі на адрас Федэральнага генеральнага пракурора Германіі. Мы лічым гэта прыярытэтам — прызнанне на міжнародным узроўні Лукашэнкі тэрарыстам. Гэта задача не аднаго дня, гэта доўгі працэс, але наступіў новы этап пасля збору доказаў — гэта пачатак афіцыйнай працэдуры пераследу міжнароднага тэрарыста.

Таксама гэта сігнал усім прадстаўнікам сілавога апарата, што і супраць іх у бліжэйшы час будуць пачаты адпаведныя працэсы пасля фарміравання факталагічнай базы зробленых злачынстваў і катаванняў.

Таксама гэта сігнал дзелавым колам замежных дзяржаў, якія так ці інакш супрацоўнічаюць з нелегітымным урадам Беларусі і дзяржструктурамі рэжыму. Злачынствам у Беларусі павінен быць пакладзены канец. Мы павінны дамагчыся вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, спынення рэпрэсій і правядзення новых і сумленных выбараў, — лічыць Павел Латушка.

Міхаіл Кірылюк, адказны ў НАУ за пытанні юстыцыі, разлічвае, што пракуратура Германіі пачне расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі.

— Мы ведаем, што нямецкія юрысты правялі велізарную працу па апрацоўцы і даследаванні вялікай колькасці матэрыялаў, якія паступілі ад беларускіх грамадзян, што пацярпелі ад незаконных дзеянняў сілавікоў, і вельмі ўдзячныя ім за гэта.

Паколькі Беларусь, як і пераважная большасць краін свету, падпісала канвенцыю супраць катаванняў, ёсць усе юрыдычныя падставы для ўжывання ўніверсальнай юрысдыкцыі да злачынцаў, якія, прыкрываючыся імем дзяржавы, катавалі і катуюць у Беларусі людзей. На практыцы гэта значыць, што любая краіна-падпісант канвенцыі можа адкрываць на сваёй тэрыторыі крымінальны пераслед у дачыненні да людзей, якія падазраюцца ў катаваннях.

Мы вельмі разлічваем, што пракуратура Германіі ўважліва вывучыць прадстаўленыя матэрыялы і пачне сапраўды аб’ектыўнае і ўсебаковае расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі, — заявіў Міхаіл Кірылюк.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter