Усе навіны

Што адбываецца са «Славянскім базарам»?

Архіў навін

Вядомыя артысты адмаўляюцца, падрыхтоўка конкурсу эстраднай песні праходзіць у таямніцы


У дні, калі ўвесь свет абураны тэрарыстычнымі дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі па захопе самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам і гвалтам у турмах, нелегітымная ўлада працягвае імітаваць падрыхтоўку «Славянскага базару ў Віцебску» — адной з любімых цацак дыктатара.

Зварот НАУ ў афіцыйныя інстанцыі Украіны, Міжнародную Федэрацыю фестывальных арганізацый (FIDOF), акцыі дыяспар і шматлікія звароты беларусаў ужо прывялі да публічнай адмовы больш за дзесяці вядомых артыстаў ад удзелу ў фэсце.

У выніку на юбілейны, 30-ы па ліку фестываль, рэжым прапануе самую бедную афішу за апошняе дзесяцігоддзе з вельмі абмежаванай колькасцю зорных імёнаў, вандруючых з канцэрта-адкрыцця на канцэрт-закрыццё, і мінімальнай колькасцю краін-удзельніц. Дзіўна, што ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі і пры закрытай паветранай прасторы «Славянскі базар» працягваюць упарта называць «міжнародным». Гледачоў на трыбуны спрабуюць сабраць ўлюбёным спосабам: выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс — лісты Мінкульту з паметкай «тэрмінова».

Завабіць гледачоў на фестываль спрабавалі і на ўчорашняй прэс-канферэнцыі. Імкнучыся ў чарговы раз паказаць «добрую міну пры дрэннай гульні», арганізатары анансавалі ў рамках фестывалю навінкі гэтага года: адкрытую матчавую сустрэчу па боксе на пляцоўцы каля Летняга амфітэатра, выставы з Хахламы і Таржка, а таксама Камчаткі і Пакістана. І вельмі спадзяваліся, што дапамагчы ў распаўсюдзе квіткоў ім дапамогуць у суседніх краінах, згадваючы сайты распаўсюджвальнікаў квіткоў Латвіі, Літве і Эстоніі.

Засталіся пытанні па Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні — мерапрыемстве фестывалю, дзеля якога ён калісьці і задумваўся. Падрыхтоўку да конкурсу, без якога «Славянскі базар» ужо не паўнавартасны фестываль, арганізатары праводзяць ва ўмовах сакрэтнасці. Кошт квіткоў на «таемны конкурс» агучаны, але ўтойванне інфармацыі пра склад канкурсантаў і іх колькасць міжволі выклікае пытанне «а знайшліся ахвотнікі?».

НАУ лічыць, што правядзенне фестывалю ў гэтым годзе — антыгуманны акт у адносінах да беларускага народу. Мы заклікаем канцэртныя арганізацыі, замежных і беларускіх артыстаў, чые імёны яшчэ засталіся ў афішы «Славянскага базару», а таксама маладых выканаўцаў адмовіцца ад удзелу. Забаўляючы дыктатара і купку блізкіх да яго асоб у ліпені ў Віцебску, вы гарантуеце для сябе пустыя канцэртныя залы ў Новай Беларусі.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter