Навiны АПК

Абвешчаная дэнансацыя ні ў якой меры не вызваляе Рэспубліку Беларусь ад існуючых абавязацельстваў па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах

Святлана Ціханоўская звярнулася да Генеральнага сакратара ААН з нагоды дэнансацыі рэжымам пагаднення, якое дазваляла беларусам падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека.

Факультатыўны пратакол № 1 да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах уступіў у сілу для Беларусі ў 1992 годзе. З таго часу ён забяспечваў грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія вычарпалі ўсе сродкі юрыдычнай абароны ўнутры краіны, магчымасць падаваць індывідуальныя скаргі аб парушэнні сваіх правоў у адпаведную ўстанову ААН. Рэжым Лукашэнкі ініцыяваў дэнансацыю гэтага пагаднення ў кастрычніку 2022 г.

У сваім звароце Ціханоўская адзначыла:

«Гэты крок рэжыму Лукашэнкі накіраваны на тое, каб пазбавіць грамадзян Рэспублікі Беларусь ці не апошняга механізму звароту па міжнародную абарону, як гэта прадугледжана артыкулам 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта наўмысна і груба адрывае беларусаў ад міжнароднага права«

Зварот нацыянальнага лідара накіраваны на тое, каб «праліць святло на сапраўдныя намеры гэтага кроку і зрабіць ролю Камітэта ААН па правах чалавека сёння больш актуальнай, чым калі-небудзь раней»

Ціханоўская заклікае выкарыстаць «дадатковыя механізмы для публічнага асвятлення і расследавання парушэнняў правоў чалавека, аднаўлення правоў пацярпелых і прыцягнення вінаватых да адказнасці», а ў выпадку неабходнасці — увесці «новыя механізмы, якія б адэкватна вырашалі бягучы крызіс правоў чалавека ў Беларусі«

Улічваючы вялікую колькасць скаргаў беларусаў, якія знаходзяцца на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека, Ціханоўская выказала падтрымку і гатоўнасць супрацоўнічаць са Спецыяльным дакладчыкам па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека.

Ад імя беларускага народа Ціханоўская пацвердзіла гатоўнасць надалей прытрымлівацца палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і выконваць адпаведныя міжнародныя абавязацельствы.