Навiны АПК

Сустрэча з міністаркай фінансаў Польшчы

Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Алесь Аляхновіч і Франак Вячорка абмеркавалі з міністаркай фінансаў Польшчы праблемы беларускага бізнесу

Разам з Святланай Ціханоўскай з беларускага боку на сустрэчы прысутнічалі намеснік кіраўніцы і прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка, эканамічны дарадца Ціханоўскай Алесь Аляхновіч і старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Святланай Ціханоўская падзякавала міністарцы Магдалене Жэчкоўскай за падтрымку беларускага бізнесу, і адзначыла важнасць пашырэння такіх праектаў як Polish Business Harbour, які даў шэрагу кампаній і спецыялістам ІТ-сектара, якія адчуваюць пагрозу сваёй бяспецы, рэлакавацца ў Польшчу. Павел Латушка прапанаваў пашырыць праграму таксама на дробныя і сярэднія кампаніі, не толькі з IT-сектара.

Таксама Ціханоўская распавяла, што нават у Польшчы беларускія прадпрымальнікі сутыкаюцца з праблемамі з легалізацыяй, рэлакацыяй з Беларусі свайго бізнесу, супрацоўнікаў і іх сем’яў і адкрыцця банкаўскіх рахункаў. Сёння толькі два польскія банкі - PKO BP і Santander — адкрываюць рахункі беларускім грамадзянам і кампаніям з беларускім капіталам без лішніх праблемаў. Існуюць і іншыя прыклады дыскрымінацыі (напрыклад, у доступе да фінансавання або ўдзеле ў адкрытых бізнес-конкурсах), таму што некаторыя банкі і арганізацыі адмаўляюцца супрацоўнічаць з кампаніям з беларускімі каранямі.

Эканамічны дарадца Ціханоўскай і адзін з кіраўнікоў Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Алесь Аляхновіч распавёў міністарцы пра ініцыятыву эканамічнай каманды Святланы Ціханоўскай і ABBA пра стварэнне гарантыйнага фонду для беларускіх кампаніяў у Еўрасаюзе , што зараз абмяркоўваецца з Еўракамісіяй і польскім фінансавым сектарам, і прапанаваў міністарцы падтрымаць гэтую ідэю. Таксама Аляхновіч распавёў пра важнасць працэсу верыфікацыі беларускага бізнесу , каб аддзяліць сумленны прыватны бізнес ад фірмаў, якія падтрымліваюць рэжым , вайну і дапамагаюць з абыходам санкцыяў. У сваю чаргу Павел Латушка прапанаваў міністарцы падрыхтаваць інфармацыйную запіску для польскіх інстытуцыяў, з тлумачэннем санкцыйнай палітыкі, каб мінімізаваць выпадкі беспадстаўнай дыскрымінацыі беларусаў.

Бакі дамовіліся стварыць працоўную групу па падтрымцы беларускага бізнесу з удзелам беларускага боку, Міністэрства фінансаў Польшчы, Міністэрства эканамічнага развіцця Польшчы і іншых польскіх арганізацыяў для вырашэння найбольш важных пытанняў беларускага бізнесу ў Польшчы. Таксама дамовіліся стварыць інфармацыйны буклет на беларускай мове пра бізнес-клімат у Польшчы, умовы рэгістрацыі і вядзення бізнесу ў Польшчы, у тым ліку сістэму падаткаабкладання. Спрашчэнне рэлакацыі беларускага бізнесу ў Польшчы будзе для яго дадатковай абаронай перад палітычным пераследам з боку рэжыму.