Навiны АПК

Святлана Ціханоўская адкрывае ў Бруселі Місію дэмакратычнай Беларусі, якую ўзначаліць Уладзімір Астапенка

Сёння нацыянальная лідарка і кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Святлана Ціханоўская падпісала неабходныя паперы з кіраўніцтвам Фландрыі і атрымала ключы ад памяшкання, дзе будзе працаваць Місія. Урад Фландрыі перадаў будынак у карыстанне дэмакратычных сілаў цалкам бескаштоўна. Сёння ўжо адбылося першае мерапрыемства — сустрэча з дыяспарай.


Адкрываючы офіс, Святлана Ціханоўская падзякавала прэм’ер міністру Фландрыі і адзначыла: «Я спадзяюся, што гэтая місія стане месцам, дзе мы зможам будаваць сувязі, ствараць альянсы і весці размовы, важныя для нашай будучыні. Я спадзяюся, што гэта будзе месца, дзе ўсе будуць адчуваць сябе чаканымі. Дэмакратычнай Беларусі трэба, каб кожны голас быў пачуты».


Кіраваць офісам Святлана Ціханоўская прызначыла Уладзіміра Астапенку, намесніка прадстаўніка па замежных справах Абʼяднанага Пераходнага Кабінета і аднаго з кіраўнікоў НАУ.


Місія дэмакратычнай Беларусі будзе прадстаўляць прастору беларускім арганізацыям і прадстаўнікам дыяспары, а таксама выконваць ролю амбасады свабоднай Беларусі. Сёння Святлана Ціханоўская правяла перамовы з міністаркай замежных справаў Бельгіі пра магчымы юрыдычны і дыпламатычны статус Місіі. Пакуль памяшканне закрытае для наведванняў, але адкрыццё адбудзецца ў бліжэйшы месяц-два.