Усе навіны

Самотны міністр на вакзале

Архіў навін

Сёння мы можам назіраць, як знешняя палітыка Беларусі даведзена да поўнага абсурду і больш падобная да фарсe, чым да дыпламатычных адносінаў.

Адказнасць за гэты абсурд у першую чаргу нясе непасрэдна міністр замежных спраў Макей, які любой цаной спрабуе ўтрымацца на сваёй пасадзе.

Макей, які яшчэ зусім нядаўна трансляваў прыхільнасць Захаду і дэманстраваў элементы прабеларускасці, сёння робіць усё, каб з прыцэлам на месца дыктатара спадабацца Маскве. Калісьці Макей гуляў ролю «мяккага патрыёта», заахвочваў выкарыстанне нацыянальных сімвалаў і нават прасоваў Дзень вышыванкі ў МЗС. Зараз жа ён зацята абараняе рэжым, які за тую ж вышыванку адпраўляе беларусаў у турмы. Аднак спробы «ўседзець на двух крэслах» ніколі не прыводзяць ні да чаго добрага.

А вынікі працы Макея на пасадзе міністра з 2012 па 2020 год кажуць красамоўней за ўсё:

1. Экспарт тавараў Беларусі знізіўся на 37% у параўнанні з 2012 годам;

2. Гадавы аб’ём замежных інвестыцый у рэальны сектар эканомікі ў 2020 годзе стаў ніжэйшым на 5,5 млрд долараў ЗША, чым у 2012 годзе, калі Макей заступаў на пасаду;

3. Колькасць кадравых дыпламатаў у цэнтральным апараце скарацілася ў 2 разы, і набліжаецца трэцяя хваля скарачэнняў;

4. Рэпутацыя краіны ў вачах міжнародных партнёраў цалкам знішчаная;

5. Пад пагрозай знаходзяцца незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.

Магчыма, Крэмль сур’ёзна разглядаў Макея ў якасці пераемніка Лукашэнкі. Але яго гульня на два франты, і вашым, і нашым, прыйшлася не да густу Маскве, і ілюзіі развеяліся, як дым.

Калісьці ён уваходзіў у некаторыя салоны Еўропы, падаючы сябе як змагара за эўрапейскія каштоўнасці. Калісьці яго просьбы пра псеўдарухі ў бок Захаду нешта значылі для дыктатара. Але цяпер словы Макея нічога ўжо не значаць ні для нелегітымнага, ні для міжнародных партнёраў. Гэта ўжо гісторыя. Цягнікі сышлі ў розных напрамках. Самотны міністр застаўся адзін на гэтым вакзале. І ніхто ўжо не захоча яго падтрымаць — ні Захад, ні Усход.

Нават у кіраваным ім Міністэрстве замежных спраў Лукашэнкі, дзе ніякіх замежных спраў няма ўжо 9 месяцаў, наўрад ці Макей сярод калег-дыпламатаў зможа адшукаць вочы, што паважаюць яго. Пасля таго, што ён не асудзіў забойствы, катаванні і гвалт, тэрор над беларусамі, што ўчыніў са знешняй палітыкай і ведамствам замежных спраў краіны, яго не падтрымлівае ніхто. Але ў першую чаргу яго больш ніколі не падтрымае беларускае грамадства.

Павел Латушка.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter