Усе навіны

Акцыя «Банкамат-абменнік-банк»

Архіў навін

Акцыя «Банкамат-абменнік-банк» — гэта больш, чым форма пратэсту. Гэта сапраўдны народны рух, які аб’ядноўвае ўсё больш і больш людзей.


З дапамогай простай формулы мы разам дасягаем прамога эканамічнага эфекту (вывад 44% валютных дэпазітаў — гэта толькі адзін з прыкладаў сумесных дзеянняў беларусаў), а заадно — ствараем новы атрыбут пратэсту.

Кожны раз, здымаючы з карткі грошы ці купляючы нават 5−10 даляраў, мы не проста здзяйсняем звыклае дзеянне — мы пратэстуем. І змагаемся з рэжымам, не рызыкуючы сабой і сваімі грашыма.

Але галоўнае — мы расказваем пра акцыю адзін аднаму, прыцягваючы да руху эканамічнага пратэсту новых удзельнікаў. І вось толькі некалькі прыкладаў таго, як беларусы самі распаўсюджваюць інфармацыю і ствараюць усё больш крэатыўных фарматаў для гэтага:

1) Новы персанаж — «БОБ», імя якому дала абрэвіятура акцыі «Банкамат-абменнік-банк» (з рускай мовы «БОБ» — Банкомат-Обменник-Банк). Вы маглі бачыць яго ў розных телеграм-каналах і чатах. А цяпер яго аўтары стварылі свой канал, у якім дзеляцца скетчамі з жыцця БОБа і распавядаюць, як ён пазбаўляе рэжым грошай, захоўваючы свае. Рэкамендуем падпісацца!

2) Малюнкі «Банкамат-абменнік-банк» на банкнотах. Першыя такія малюнкі сталі з’яўляцца літаральна праз некалькі дзён пасля запуску акцыі. На некаторых з іх з часам з’явіўся ўжо знаёмы нам БОБ.

3) Крэатыўныя відэа. Адзін з такіх ролікаў 1 красавіка нам даслаў падпісант — у ім трыа даволі вядомых беларускіх чыноўнікаў «выканала» песню пра нашу акцыю.

4) Крэатыўныя лістоўкі. Самы свежы прыклад — лістоўкі пра два беларускія банкі, у якіх абслугоўваюцца сілавікі. Аўтары лістовак распавялі, як кліенты «Белінвестбанка» і «Белаграпрамбанка» становяцца мімавольнымі ўдзельнікамі «бескантактавага гвалту» над мірнымі беларусамі — і як гэтага можна пазбегнуць.

Мы ўпэўненыя, што рух «Банкамат-абменнік-банк» (або БОБ) будзе толькі разрастацца. Бо сёння БОБ — гэта ўсе мы.

І такі БОБ рэжыму дакладна не па зубах!

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter