top of page

Стварэнне тэатральнай прасторы для беларускіх творцаў у Польшчы


«Цяпер ідуць перамовы аб стварэнні прасторы, якая дасць магчымасць развіваць сваю дзейнасць творцам, якія займаюцца тэатральнай творчасцю і прадстаўляюць нацыянальныя меншасці», — адзначана ў лісце Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ў адказ на зварот Паўла Латушкі ў адрас міністра культуры Польшчы і ў працяг сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з намесніцай міністра культуры Польшчы Мартай Цінькоўскай, якая адбылася ў траўні бягучага года.

Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы нагадвае, што артысты з Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы, могуць прымаць удзел у праграмах, якія рэалізуе Тэатральны інстытут. Сярод іх, напрыклад, Przestrzenie Sztuki (у супрацоўніцтве з адным з аператараў праграм альбо OFF Polska) ці Lato w teatrze (у супрацоўніцтве з установай культуры ці грамадскай арганізацыяй).

Важнай прапановай для беларускіх творцаў з'яўляецца ўдзел у праграме Gaude Polonia, якую рэалізоўвае Нацыянальны цэнтр культуры. Праграма служыць для пабудовы паразумення і добрых кантактаў у галіне культурнага супрацоўніцтва паміж Польшчай і яе блізкімі суседзямі. На паўгадавую стыпендыю ў Польшчы могуць прэтэндаваць творцы, якія прадстаўляюць наступныя сферы: кіно, фатаграфія, захаванне помнікаў, літаратура, пераклад, музыка, выяўленчае мастацтва, тэатр, тэатральная і кінакрытыка. Стыпендыяты працуюць пад кіраўніцтвам выбітных польскіх мастакоў, звязаных з акадэмічнымі цэнтрамі і мастацкімі коламі Польшчы.

«У дачыненні да прадстаўнікоў беларускай культуры ў Беларусі не спыняюцца шырокамаштабныя рэпрэсіі. Па дадзеных Беларускага ПЭН-цэнтра, толькі ў 2023 годзе адбылося 1097 парушэнняў у дачыненні да 605 дзеячаў культуры, 163 парушэнні ў дачыненні да 147 арганізацый і супольнасцей, 57 парушэнняў у дачыненні да аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і беларускай мовы. Многія беларускія дзеячы культуры былі вымушаны пакінуць Беларусь і сёння ім патрабуецца падтрымка. Мы працягнем падтрымліваць дзейнасць Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і сумесна з Прадстаўніцтвам працягваць працу па лабіяванні інтарэсаў беларускіх дзеячаў культуры, якія вымушана знаходзяцца за мяжой», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

 

5 views
bottom of page