Усе навіны

Лукашэнка, ядзерная зброя і Паўночная Карэя 2.0 у цэнтры Еўропы

Актуальныя навіны

en   ru


Уступіць ці не ўступіць Беларусь у вайну супраць Украіны ў межах наземнай аперацыі - гэтае пытанне не сыходзіць з вуснаў замежных журналістаў, палітолагаў, палітыкаў і дыпламатаў. Чаму мы лічым, што бліжэйшым часам гэтае пытанне можа стаць другасным?

Таму што ваенная пагроза рэжыму Лукашэнкі зараз перарастае ў ядзерную пагрозу. Паводле наяўных звестак, рэжым Лукашэнкі сумесна з Расіяй правёў падрыхтоўчыя мерапрыемствы па прыёме тактычнай ядзернай зброі і размяшчэнні яе на тэрыторыі Беларусі.

Калі гэты план будзе рэалізаваны і рэжым атрымае расейскую ядзерную зброю — прычым, незалежна ад таго, хто будзе мець кантроль над «кнопкай» — пытанне ўдзелу Беларусі ў наземнай аперацыі перастане быць самым ключавым для выпрацоўкі стратэгіі Захаду ў дачыненні да рэжыму.


Якой, дарэчы, як не было, так і няма — нягледзячы на ​​актыўны ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны з самага першага дня. Нягледзячы на ​​чарговае нарошчванне расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі, стварэнне новых вучэбна-баявых цэнтраў і фактычную паэтапную рэалізацыю плана па стварэнню сумесных узброеных сіл Расіі і Беларусі. Якімі, дарэчы, таксама незразумела, хто будзе камандаваць — але здагадацца не складана.

У выпадку ж з’яўлення на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі, увесь рэгіён увойдзе ў новую рэальнасць — рэальнасць, дзе прама на межах з Еўразвязам, ва ўсіх на вачах паўстала другая Паўночная Карэя з таталітарным і цалкам прарасійскім, марыянеткавым рэжымам. Паўночная Карэя з псіхічна нестабільным дыктатарам на чале, якая мае ядзерную зброю і пагражае ўсім сваім суседзям яе прымяненнем. Нават калі кантроль над кнопкай будзе знаходзіцца ў руках Расіі.


Якія ж тры пытанні краінам Захаду варта задаць сабе ў гэтых умовах? На якія тры пытанні важна адказаць для выпрацоўкі стратэгіі па Лукашэнку — калі прамаруджванне пагражае ўжо ўсяму рэгіёну?

  • Першае пытанне: якія і наколькі радыкальныя меры неабходна прыняць у самай кароткатэрміновай перспектыве для недапушчэння з’яўлення ядзернай зброі ў Беларусі?
  • Другое пытанне: калі Захад у бліжэйшы час не гатовы разглядаць аніякіх радыкальных мер — то ці гатовыя нашы заходнія суседзі да пераходу ў новую рэальнасць жыцця на парахавой ядзернай бочцы?
  • Трэцяе пытанне: калі з тэрыторыі Беларусі будзе прыменена расійская ядзерная зброя, то па якой краіне будзе нанесены ўдар у адказ?

У свеце ўжо ёсць адна Паўночная Карэя. На нашых вачах вось-вось з’явіцца другая, але ўжо ў цэнтры Еўропы. І мы выдатна ведаем, што ніякага дна ў гэтай Паўночнай Карэі 2.0 няма.


Пытанне толькі ў тым, ці ёсць дно ў «глыбокай заклапочанасці» Захаду. І ці ёсць палітычная воля адштурхнуцца ад гэтага дна і пачаць дзейнічаць рашуча.

Як палітык і прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі на штодзённай аснове я працую з нашымі партнёрамі, пераконваючы іх у важнасці папераджальных — а не даганяючых дзеянняў.

Сёння, менавіта зараз Лукашэнка павінен атрымаць выразны сігнал, прэвентыўны ультыматум з пералікам усіх наступстваў з’яўлення ядзернай зброі ў Беларусі для яго асабіста.

Стратэгія не можа ўвесь час аглядацца на тое, што адбылося. Інакш гэта не стратэгія — а рэакцыя. Але пакуль менавіта гэта і адбываецца са стратэгіяй Захаду ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Калі ў Беларусі з’явіцца ядзерная зброя, калі Беларусь ператворыцца ў другую Паўночную Карэю пад расейскім кантролем рэагаваць будзе занадта позна.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter