Усе навіны

НАУ: План па эканоміцы і фінансах

Планы НАУ

Пераддэфолтны стан
Дзяржаўны доўг Беларусі вырас з пачатку года больш чым на 29% і склаў больш за 22 млрд. долараў ЗША (далей — дол.) — гэта ўтрая больш золатавалютных рэзерваў краіны. Усяго пры Лукашэнку дзярждоўг павялічыўся амаль у 65 разоў. Валавы знешні доўг (доўг як дзяржавы, так і прадпрыемстваў) наогул перавысіў 41 млрд. долараў. На кожнага працаздольнага жыхара Беларусі прыпадае больш за 8 тыс. дол. доўгу.

Скарачэнне ЗВР, дэвальвацыя рубля, інфляцыя
З пачатку года вартасць рубля знізілася на 20%. Нацбанк толькі за жнівень накіраваў 1,4 млрд. дол. з золатавалютных рэзерваў на падтрыманне курсу рубля, што склала 16% ЗВР. Гадавая інфляцыя ў кастрычніку перавысіла 6,2% (на 1,5% вышэй, чым за ўвесь 2019 год) пры планах урада па росце цэн на 4% за ўвесь 2020 год.

Падзенне ВУП і рэцэсія ў эканоміцы
Па даных ўрада, ВУП Беларусі знізіўся на 1,1%. Аднак ужо цяпер спецыялісты адзначаюць заніжэнне ўрадам ўзроўню падзення ВУП. Па незалежных ацэнках зніжэнне ВУП складзе каля 5%.

Нізкая эфектыўнасць прадпрыемстваў і прадукцыйнасці працы
Чысты прыбытак прамысловых прадпрыемстваў скараціўся ў 2,6 разоў, а страты выраслі ў 5 разоў. Колькасць стратных прадпрыемстваў павялічылася на 35%. Складскія запасы наблізіліся да 70% месячнай вытворчасці - практычна найвышэйшы паказчык за апошнія 5 гадоў. Прадукцыйнасць працы ў Беларусі ніжэйшая за краіны ЕС у 6 разоў.

Падзенне экспарту
З пачатку года экспарт тавараў знізіўся на 17%, экспарт паслуг — на 10%. Адзначаецца рэзкае падзенне экспарту паслуг IT-кампаній: толькі за верасень іх выручка ўпала амаль на 2 млн. дол. у параўнанні з узроўнем верасня мінулага года.

Дэфіцыт бюджэту
Упершыню за многія гады бюджэт Беларусі з’яўляецца дэфіцытным: за 9 месяцаў расходы бюджэту перавысілі даходы на 0,8 млрд. дол., у рэспубліканскі бюджэт паступіла толькі 64% гадавога плана. Па выніках года чакаецца дэфіцыт бюджэту каля 2 млрд. дол. — гэта больш за палову выдаткаў бюджэту за 9 месяцаў на сацыяльную сферу, у сувязі з чым чакаецца значнае іх скарачэнне, згортванне фінансавання найважнейшых дзяржпраграм і пераразмеркаванне рэсурсаў на патрэбы рэпрэсіўнага апарата.

Падзенне даходаў і ўзроўню жыцця насельніцтва
Сярэдняя чыстая заработная плата ў Беларусі ў доларавым эквіваленце складае каля 420 дол., і ўпала з пачатку года на 100 дол. Сярэдняя пенсія складае каля 180 дол. і ўпала з пачатку года на 30 дол., А за апошнія 6 гадоў яна знізілася на 80 дол .

Падзенне інвестыцый і рэпрэсіі бізнэсу
Цягам 2020 года у эканоміку краіны прыцягнута замежных інвестыцый на 12% менш, чым летась. Больш чым на траціну (звыш 10 тысяч) скарацілася колькасць створаных суб’ектаў гаспадарання.

Рызыкі нестабільнасці банкаўскай сістэмы
Дэпазіты фізічных асоб у 2020 годзе ў нацыянальнай валюце скараціліся больш чым на 10%, у замежнай валюце — больш чым на 21%. Дэпазіты юрыдычных асоб у рублях скараціліся на 22%. Незаконнае блакаванне сродкаў на рахунках, рызыкі ўвядзення валютных абмежаванняў і мараторыя на вяртанне дэпазітаў ўзмацняюць адток з банкаў фінансавых рэсурсаў.

Што зробіць НАУ ў сферы эканомікі і фінансаў, каб наблізіць пераходны перыяд і мінімізаваць шкоду ад дзеянняў нелегітымнай улады

Каб не даць нелегітымнай уладзе яшчэ больш абвастрыць эканамічны крызіс, неабходна:
•мінімізаваць магчымасці нарошчвання рэжымам дзярждоўгу шляхам правядзення перамоваў з патэнцыйнымі крэдыторамі і партнёрамі, урадамі замежных дзяржаў;
•выяўляць, абнародаваць і прадухіляць магчымыя здзелкі па куплі (прыватызацыі) беларускіх прадпрыемстваў у перыяд крызісу на нявыгадных для прадпрыемстваў і краіны ўмовах, праводзіць перамовы з патэнцыйнымі пакупнікамі і інвестарамі, інфармаваць зацікаўленыя бакі пра магчымае прымяненне санкцый;
• выяўляць, абнародаваць і, па магчымасці, прадухіляць прымяненне Нацбанкам і ўрадам «друкарскага станка» (неабгрунтаванай эмісіі), увядзенне валютных абмежаванняў і мараторыя на вяртанне дэпазітаў.

Інфармаваць грамадзянскую супольнасць, бізнэс і замежных партнёраў:

• пра сапраўдны стан спраў у сферы эканомікі і фінансаў з мэтай аператыўнага прыняцця неабходных рашэнняў, фарміравання абгрунтаваных планаў, прагнозаў і дзеянняў;
• аб адсутнасці ва ўрада эканамічнай праграмы і няздольнасці рэжыму прадухіліць эканамічны крах Беларусі;
• аб выяўленых карупцыйных схемах, крадзяжах і вывадзе з краіны сродкаў Лукашэнкі і набліжаных асоб, дзяржаўным рэкеце ў дачыненні да бізнэсу і прымусу да фінансавання рэжыму з мэтай прыняцця мер па вяртанні актываў у краіну і кампенсацыі шкоды пацярпелым бакам;
• пра факты скарачэння урадам выдаткаў на сацыяльную сферу, згортванне фінансавання найважнейшых дзяржаўных праграм і павелічэнне расходаў на ўтрыманне рэпрэсіўнага апарата;
• пра скажэнне урадам рэальных статыстычных даных.


Прыярытэтныя задачы падчас пераходнага перыяду, якія дапамогуць аднавіць эканоміку ў Беларусі


1. Забяспечыць фінансавую падтрымку Беларусі з боку міжнародных фінансавых інстытутаў і замежных дзяржаў, сфарміраваць стабілізацыйны антыкрызісны фонд з удзелам Расіі і ЕС, правесці перамовы з крэдыторамі Беларусі па пытанні рэструктурызацыі даўгоў.

2. Сфарміраваць пад эгідай КР і НАУ групы экспертаў з ліку грамадзян і выхадцаў з Беларусі для распрацоўкі эканамічных рэформ, стварыць кадравы рэестр для фарміравання будучага ўраду.

3. Распрацаваць праекты нарматыўных актаў па радыкальным спрашчэнні ўмоў вядзення бізнэсу і мараторыі на правядзенне праверак у мэтах фарміравання спрыяльнага інвестыцыйнага і бізнэс-клімату, па развіцці і павышэнні эфектыўнасці дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

4. Падрыхтаваць праекты нарматыўных актаў па дэкрыміналізацыі асобных эканамічных злачынстваў, а таксама па правядзенні амністыі капіталу і яго вяртанні ў краіну.

5. Распрацаваць прапановы па зніжэнні фіскальнай нагрузкі на бізнэс і яго падтрымцы ва ўмовах крызісу і пандэміі, у тым ліку шляхам правядзення падатковай і мытнай рэформаў, пераглядзе падыходаў па збіранні ўнёскаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Адмяніць індывідуальныя і неабгрунтаваныя льготы і прэферэнцыі для асобных суб’ектаў, устаноўленыя нарматыўнымі актамі Лукашэнкі (у тым ліку абмежаванага карыстання), разгледзець пытанне аб іх кампенсацыі.

6. Прыняць меры па аптымізацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяржапарата. Скасаваць упраўленне справамі прэзідэнта, правесці продаж яго маёмасці (рэзідэнцыі, санаторна-курортныя комплексы і гасцініцы, офісныя і культурна-забаўляльныя аб’екты, рэстараны, іншую нерухомую і рухомую маёмасць). Распрацаваць прапановы па самаабмежаванні Камітэта дзяржаўнага кантролю, стварэнні адзінага органа па супрацьдзеянні злачынствам у сферы эканомікі і фінансаў (скасаваўшы ДФР і ДФМ КДК, АБЭЗ і ГУБАЗіК МУС,) стварэнні на базе Мінфіна адзінага фіскальнага органа (скасаваўшы МПЗ і ДМК), стварэнні Мінэканамразвіцця (скасаваўшы Мінэканомікі, МАРГ, Мінпрам, МЖКГ і іншыя ведамствы).

7. Распрацаваць пакет прапаноў па прыватызацыі і продажы аб’ектаў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай і камунальнай уласнасці, з безумоўным і максімальным улікам інтарэсаў работнікаў.

8. Унесці прапановы па скасаванні выключных правоў, якія ёсць у дзяржавы і ў прызначаных ёй суб’ектаў гаспадарання, на імпарт, экспарт і вытворчасць асобных груп тавараў і паслуг. Забяспечыць роўны доступ на рынкі для ўсіх суб’ектаў гаспадарання незалежна ад формы ўласнасці на аснове добрасумленнай і ўсёабдымнай канкурэнцыі.

9. Падрыхтаваць прапановы па аднаўленні эканомікі на ключавых прадпрыемствах дзяржсектара, аператыўна замяніць прадстаўнікоў дзяржавы ў назіральных радах дзяржпрадпрыемстваў.

10. Распрацаваць меры па падтрымцы незанятых і малазабяспечаных грамадзян шляхам выплат паўнавартасных дапамог, перанавучання і інтэграцыі ў новую эканамічную мадэль, адмяніць «дэкрэт аб дармаедстве».

Распрацоўка праграмы стабілізацыі эканамічнага, падатковага і фінансавага сектараў, а таксама структурных рэформаў эканомікі будзе ажыццяўляцца зыходзячы з прынцыпаў і палажэнняў, якія прадугледжаны Асноўнымі напрамкамі эканамічнага развіцця Беларусі ад 21 кастрычніка 2020 года, падрыхтаванымі Эканамічнай групай Каардынацыйнай рады.

⇲ спампаваць план pdf