Усе навіны

Le Monde: «Беларусь абвінавачваюць у падбухторванні да забойства апазіцыянераў»

Архіў навін

Вядучае французскае і сусветнае выданне Le Monde 8 студзеня апублікавала матэрыял пра сувязь рэжыму Лукашэнкі з пераследам яго палітычных праціўнікаў. Ніжэй — яго пераклад.

Рэжым Лукашэнкі, згодна з выкрыццямі экс-супрацоўніка спецназу, нацэліўся ў 2012 годзе на людзей, выгнаных за мяжу.

Паводле расследавання EUobserver, Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Беларусі на працягу 26 гадоў, нібыта ўнёс ў 2012 годзе 1,2 мільёна еўра на спецыяльны рахунак для ліквідацыі апазіцыянераў за мяжой. Адна з гэтых аперацый была накіравана на забойства трох палітычных апанентаў і журналіста, сасланых за мяжу.

EUobserver, які спецыялізуецца на палітыцы еўрапейскіх інстытутаў, абапіраецца на запіс дваццаціхвіліннай размовы, падчас якой Вадзім Зайцаў, кіраўнік КДБ, службы бяспекі Беларусі, з 2008 па 2012 год, абмяркоўвае аперацыю з супрацоўнікамі спецпадраздзялення. Запіс не мог быць афіцыйна аўтэнтыфікаваны, але некалькі крыніц, блізкіх да справы, якіх цытуюць брусэльскія СМІ, пацвярджаюць яе сапраўднасць.

Крыніца гэтага запісу — мужчына, былы супрацоўнік беларускага спецназа Ігар Макар, які служыў у антытэрарыстычным падраздзяленні. Раней ён, калі пражываў таемна ў адной з еўрапейскіх краін, перадаў запіс амерыканскаму дыпламату, не апублікаваўшы яго. Неўзабаве пасля гэтага нямецкія ўлады папярэдзілі адну з патэнцыяльных ахвяр, што яе жыццю пагражае небяспека, і далі ёй спецыяльную абарону. Восем гадоў пасля спадар Макар заявіў, што накіраваў гэты ж запіс у EUobserver «з прычыны салідарнасці з пратэстуючымі, якія выступаюць за дэмакратыю ў Беларусі» і заявіў, што «гатовы даць паказанні ў судзе».

11 красавіка 2012 года ў памяшканні вялізнага будынка КДБ, які знаходзіцца на галоўным праспэкце Менску, Вадзім Зайцаў нібыта абмяркоўваў паслядоўнасць забойстваў з двума афіцэрамі з групы «Альфа», тайнага падраздзялення службы бяспекі. Тры цэлі аперацыі, былыя высокапастаўленыя асобы, якія сталі супернікамі, знаходзіліся ў Германіі: Алег Алкаеў, былы начальнік турмы, які карыстаўся абаронай нямецкай паліцыі, Уладзімір Барадач, былы палкоўнік, і Вячаслаў Дудкін, экс-кіраўнік антыкарупцыйнай службы.

Вельмі адчувальны кантэкст

У тоне размовы было нешта жудасна жартаўлівае, афіцэры прапаноўвалі ідэі, якія начальнік адхіляе або зацвярджае. Акрамя пранікнення ў еўрапейскую краіну ўдзельнікі шукаюць метады незаўважнай ліквідацыі, каб «ніхто не думаў на КДБ», настойвае Вадзім Зайцаў.

Чацвёртай мішэнню быў Павел Шарамет, беларускі журналіст, які жыў у той час у Маскве і ўжо знаходзіўся пад наглядам службы.

— Мы закладзем [бомбу] і гэтак далей, і гэтага пацука разнясе на кавалкі: ногі ў адзін бок, рукі ў іншы, — цешыцца кіраўнік КДБ.

Аперацыя па ліквідацыі трох апазіцыянераў у Германіі так і не адбылася, але Павел Шарамет быў забіты выбухам замініраванага аўтамабіля праз чатыры гады, у ліпені 2016 года, у Кіеве, куды ён у выніку вымушаны быў з’ехаць. Публікацыя гутаркі супрацоўнікаў КДБ па гэтай справе сёння ўсхвалявала тых, хто расследуе гэта забойства, у той час як дагэтуль улады краіны разглядалі толькі сляды расійскіх і ўкраінскіх спецслужбаў.

Гэта не першы выпадак, калі беларускія службы абвінавачваюць у датычнасці да падобных аперацый. У снежні 2019 года былы член элітнага беларускага падраздзялення хуткага рэагавання САХР заявіў нямецкаму тэлеканалу Deutsche Welle, што ён належаў да «атраду смерці», адказнага за забойства трох апазіцыянераў у 1999 годзе, сярод якіх былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка.

Але гэтае новае абвінавачанне, хаця і датаванае 2012 годом, трапляе ў асабліва адчувальны кантэкст. У нядаўнім артыкуле для аналітычнага цэнтра Карнегі палітычны аналітык Арцём Шрайбман выказаў меркаванне, што «ніколі ў сучаснай гісторыі Беларусі сілавікі не займалі столькі месца наверсе дзяржаўнай машыны. Іх падтрымка і дысцыпліна дазволілі Аляксандру Лукашэнку перажыць самы востры перыяд палітычнага крызісу ў краіне».

Перш за ўсё, змест гэтага запісу кажа аб арганізацыі палітычных забойстваў у еўрапейскіх краінах і, такім чынам, ставіць пытанне пра бяспеку членаў апазіцыі, вымушаных ў апошнія тыдні пакінуць краіну.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка ў каментары Le Monde даў ацэнку пагрозы з боку КДБ:

— КДБ шмат у чым вызначае ўнутраную і знешнюю палітыку краіны. У апошнія дні перад ад’ездам з Беларусі за мной заўсёды ездзіла машына з афіцэрамі ў балаклавах. Думаю, што гэта былі менавіта афіцэры камітэта. Зараз мы, вядома, робім пэўныя крокі, каб забяспечыць сябе.

Le Monde
Le Monde: «Беларусь абвінавачваюць у падбухторванні да забойства апазіцыянераў»

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter