Усе навіны

У санкцыях вінаватая толькі нелегітымная ўлада

Архіў навін

Павел Латушка ў прамым эфіры Белсата пракаментаваў увядзенне новых санкцый і патлумачыў, хто ў іх вінаваты.

— Грамадзяне Беларусі патрабуюць, каб у Беларусі зноў запрацаваў закон. Беларусы патрабуюць гэта, выходзячы на ​​мірныя акцыі пратэсту. Улада парушае Канстытуцыю, усе магчымыя заканадаўчыя акты, масава пераследуе і рэпрэсуе сваіх грамадзян.

Міжнародная грамадскасць абавязаная рэагаваць, калі ў Еўропе масава парушаюць правы чалавека, — гэта натуральна. Але вінаватая ў гэтай рэакцыі толькі нелегітымная ўлада, якая не хоча выконваць базавыя міжнародныя прынцыпы, не выконвае нават прынцыпы нацыянальнага заканадаўства.

Санкцыі — гэта механізм ціску з боку міжнароднай супольнасці, каб улада пачала трымацца законаў і выконваць правы грамадзян. Канвенцыю супраць катаванняў Беларусь падпісала ў 1984 годзе. Мы пагадзіліся, што ў яе межах могуць выкарыстоўвацца міжнародныя механізмы адказнасці: дзе б ні быў здзейснены гвалт, крымінальная справа можа быць распачата на тэрыторыі кожнай краіны-ўдзельніцы канвенцыі. Што мы і бачым на прыкладзе Літвы, што мы, спадзяюся, ўбачым бліжэйшым часам на прыкладзе Польшчы, Швейцарыі і іншых дзяржаў.

У санкцыях вінаватая сама нелегітымная ўлада, якая не хоча выконваць заканадаўства. Але санкцыі не самамэта. Усё залежыць ад нелегітымнай беларускай улады. Звяртаюся да спадара Макея, міністра замежных спраў, які так актыўна крытыкуе палітыку санкцый: усё ў вашых руках. Ідзіце да Лукашэнкі і скажыце: давайце распачнем усе крымінальныя справы за ўсіх забітых, за ўсе выпадкі гвалту, расследуем і пакараем вінаватых, вызвалім палітычных зняволеных, давайце правядзем новыя выбары — і не будзе ніякіх санкцый.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter