Усе навіны

Як спыніць вар'яцтва рэпрэсій?

Папярэднія навіны

Магчыма, сёння важна вызначыць тое, што неабходна зрабіць, каб гэтае вар’яцтва, якое доўжыцца ў Беларусі 28 гадоў і дасягнула свайго апагею ў 2022 годзе, спынілася


en   ru


Тэзісы аднаго з выступленняў.
Павел Латушка

Зрэшты, давайце адкажам сабе на пытанне.
Хто такі Лукашэнка?

1. Падазраваны ў забойствах. Хтосьці мне запярэчыць?
2. Тыран. У кагосьці ёсць сумневы?
3. Агрэсар. Хтосьці аспрэчыць міжнароднае права?

Лукашэнка — вораг беларускага народа, вораг для Украіны і вораг для Еўропы.

Што робяць з ворагам? Адкажу як дыпламат — перамагаюць.

Як перамагчы Лукашэнка?


Сістэму, створаную дыктатарам, можа перамагчы толькі іншая сістэма.


Так, я ведаю, большасць скажа: галоўнай умовай перамогі з’яўляецца дэцэнтралізацыя грамадзянскіх ініцыятыў. І я не буду з гэтым спрачацца. Прынамсі цяпер. Я прашу вас зірнуць на сітуацыю з іншага пункту гледжання. Цi патрэбна цэнтралізацыя намаганняў?

Мы верым у тое, што Лукашэнка вызваліць усіх палітычных зняволеных, а вызваліўшы — праз год-два не пасадзіць новых?

Мы верым у тое, што, практычна цалкам знішчыўшы грамадзянскую супольнасць унутры Беларусі, ён дазволіць аднавіць дзейнасць больш за 300 НДА, якія ён ліквідаваў?

Ці верыць нехта, што заўтра Лукашэнка зноў зарэгіструе незалежныя СМІ ў Беларусі?

Можа быць, ён пачне крымінальнае расследаванне ў дачыненні да асоб, якія забівалі і катавалі беларусаў?

Для таго, каб выпрацаваць правільныя інструменты змены сітуацыі, неабходна пагадзіцца з базавай ацэнкай сітуацыі. Я прапаную менавіта гэтую базавую ацэнку.

Першае. Вайна.


Лукашэнка даў тэрыторыю, усю інфраструктуру і адкрыў мяжу для атакі на Украіну. Сёння ён змушае войскі Украіны стаяць на мяжы з Беларуссю. Міжнароднае права кажа выразна: ён саагрэсар.

Але, мы чуем зноў дыскусіі: «Лукашэнка не ўступіў у наземную аперацыю, а таму ён лепш, чым Пуцін» ці «не такі дрэнны, як Пуцін, — не трэба яго правакаваць».

Відавочна, што Лукашэнка — адзіны саюзнік Пуціна ў гэтай вайне і смерці ўкраінцаў на яго сумленні. Ці варта мне нагадваць колькі крыві і пакут беларусаў на яго сумленні?

Мы ў стане акупацыі Беларусі. Мы знаходзімся ў сітуацыі, калі лёс Украіны і Беларусі - таксама і лёс Еўропы. Гэта выбар будучыні не толькі для нас, але і для еўрапейцаў.

Iдзе вайна — неабходныя хуткія і эфектыўныя рашэнні.

Па-другое. Рэпрэсіі ў Беларусі.


Я не буду наўмысна закранаць тэму грамадзянскай супольнасці; ёсць людзі, якія выдатна ведаюць і ўсведамляюць, а галоўнае — робяць вельмі многае для грамадзянскай супольнасці.

Скажу вам як палітык, які ведае знутры сістэму Лукашэнкі, яе «болевыя кропкі», як можна хутка і рашуча дасягнуць пераменаў у Беларусі і спыніць рэпрэсіі.

A) эканамічныя санкцыі.

Іх эфектыўнасць залежыць ад іх прафесійнай падрыхтоўкі і рэалізацыі. Неабходна стварэнне санкцыйнага экспертнага кластара, які складаецца з беларускіх і замежных юрыстаў, эканамістаў, дыпламатаў, экспертаў, каб санкцыі былі найбольш эфектыўнымі і не дапускалi магчымасці іх абыходу. Без сістэмнай работы па гэтым кірунку вынікі не будуць дасягнутыя.

B) крымінальная адказнасць.

Усе гэтыя два гады няма ні аднаго прыкладу па прыцягненню да адказнасці не тое што Лукашэнкі, але ні аднаго міліцыянта, суддзі ці пракурора. Патрэбна як адна магутная адвакацкая кампанія, якая ў стане забяспечыць дасягненне мэты — пакарання за злачынствы, так і кантракты з нацыянальнымі адвакатамі. Без прафесійнай юрыдычнай дапамогі мы не даможамся выніку.

C) міжнародная ізаляцыя.

Поўная ізаляцыя незаконнага марыянеткавага рэжыму на міжнароднай арэне — праз выключэнне ўсіх яго прадстаўнікоў з міжнародных арганізацый. І запрашэнне на іх месца прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Гэта таксама патрабуе рэсурсаў.

D) нацыянальна-вызваленчы рух і дэакупацыя Беларусі.

Я разумею, што нам важна быць максімальна гнуткiмi і крэатыўнымi, каб рэсурсы выкарыстоўваліся максімальна эфектыўна.

E) пераходны орган выканаўчай улады, задача стварэння якога стаіць перад намі, павінен стаць рэальнай альтэрнатывай незаконнаму, нелегітымнаму і марыянеткаваму ўраду Лукашэнкі і адстойваць еўрапейскі выбар Беларусі на міжнароднай арэне.

Трэцяе. Процідзеянне ідэалогіі «рускага свету».


Сітуацыя, якая склалася ў вынiку ўздзеяння расейскай прапаганды, навязвання «рускага свету», фактычная культурная каланізацыя ствараюць велізарныя рызыкі для існавання самой Беларусі як дзяржавы і беларускай нацыі - як нацыі свабоднай, еўрапейскай.

Для таго, каб супрацьстаяць гэтаму, мы павінны забяспечыць інстытуцыянальнае захаванне беларускай культуры, якую рэжым і яго калабаранты выціскаюць з Беларусі. Гэта магчыма пры стварэнні музеяў, тэатраў, культурных цэнтраў за мяжой i iншых інстытуцый якія змогуць вярнуцца ў Беларусь і забяспечыць захаванне нашай культуры.

Чацвёртае. Чаму пасля 2020 года колькасць палітыкаў памяншаецца, а палітыкі сыходзяць у НДА?


Сёння мы павінны таксама ўсвядоміць: пасля жніўня 2020 года колькасць палітыкаў у дэмакратычным руху няўхільна скарачаецца. Чаму?

Быць палітыкам — значыць кінуць выклік рэжыму. Гэта крымінальныя справы, пераслед родных і блізкіх. Мой прыклад: 8 крымінальных спраў, дзве з іх прадугледжваюць смяротнае пакаранне, штодзённыя пагрозы забойствам і выкраданнем. Дачка — крымінальная справа, стрыечны брат — палітычны зняволены.

Я хачу каб сёння на беларускай палітычнай сцэне былі дзясяткі, сотні палітыкаў.
Пятае. Мы разумеем важнасць рэфармавання сістэмы, але часам забываемся пра важнае пытанне: хто будзе праводзіць рэфармаванне, хто забяспечыць ажыццяўленне пераўтварэнняў, хто зможа захаваць устойлівасць дзяржавы?

Новай Беларусі будуць патрэбныя новыя кадры. Мы ўпэўненыя: прыярытэтным кірункам можа стаць фарміраванне кадравага рэзерву для новай Беларусі. І калі за сістэмным ціскам рушыць услед сістэмны транзітны перыяд, толькі тады наша барацьба будзе не марнай, і Беларусь назаўжды стане свабоднай, дэмакратычнай, шчаслiвай і еўрапейскай краінай!

Варшава, ліпень 2022

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter