Усе навіны

Як сарваць Усебеларускі народны сход?

Архіў навін

Учора НАУ і *Сумленныя людзі запусцілі збор дадзеных — першую частку плана па зрыве т.зв. УНС. Што мы будзем рабіць далей і як зразумеем, што план спрацаваў?


Агульны алгарытм дзеянняў па зрыве т.зв. УНС на сёння выглядае так:

1. Раскрыць яго парадак дня. Для чаго?

Зараз парадак дня т.зв. УНС з’яўляецца таямніцай. Дыялогавыя пляцоўкі насамрэч праходзяць у фармаце кулуарных, а не адкрытых дыскусій. Наша задача — пракрасціся за кулісы гэтых абмеркаванняў і высветліць: якія рашэнні афіцыйна рыхтуюцца да прыняцця, а якія з ужо апублікаваных прапаноў толькі адцягваюць ад сапраўды небяспечных ініцыятыў.

Небяспека зыходзячага ад т.зв. УНС канстытуцыйнага перавароту не выклікае сумневаў — менавіта таму збор фактуры такі важны. А яе абнародаванне азначае падрыхтоўку велізарнай колькасці матэрыялаў, лічбавых і друкаваных — каб беларусы маглі не толькі атрымліваць, але і распаўсюджваць інфармацыю аб т.зв. УНС. І тым самым ажыццяўляць над ім грамадзянскі кантроль — у тым ліку выказваючы пратэст і дамагаючыся, каб гэта зборышча мела не болей легітымнасьці, чым скрадзеныя ў нас выбары.

2. Дэананімізаваць яго дэлегатаў. Навошта?

Зараз дэлегаты ўмоўна абязлічаныя і не адчуваюць адказнасці за ўдзел у т.зв. УНС. Як толькі мы разам збяром усе 2700 прозвішчаў у адзіны спіс — мы зможам працаваць з кожным з іх персанальна.

Фарматы працы — ад перамоваў да прамога прававога ціску — ужо знаходзяцца ў нас у распрацоўцы. Да моманту поўнай дэананімізацыі ўсіх дэлегатаў мы апублікуем інструкцыі для грамадскага ціску на кожнага з іх. Таксама нам даступныя такія інструменты як АКРЗ, персанальныя санкцыі і інш. Але не будзем пакуль раскрываць усіх карт.

3. Разбурыць планы ўлады на т.зв. УНС. Што мы будзем лічыць перамогай?

а) Выключэнне з парадку дня самой магчымасці прыняць рашэнне аб наданні яму статусу канстытуцыйнага органа. Або любога іншага органа, які замяшчае прамое волевыяўленне грамадзян. Прасцей кажучы — непрыняцце на т.зв. УНС любых рашэнняў і наступных дзеянняў, якія прывядуць да канстытуцыйнага перавароту.

б) Масавае адмаўленне дэлегатаў ад удзелу ў т.зв. УНС і, як следства, немагчымасць яго правесці.

в) Масавы народны пратэст у дзень правядзення т.зв. УНС, у выніку якога любыя яго рашэнні, як і сам факт склікання, губляюць усялякую легітымнасьць.

г) Абмеркаванне і прыняцце на т.зв. УНС народных патрабаванняў. З наступнай адстаўкай нелегітымнага прэзідэнта, прызначэннем новых выбараў і пачаткам судовых працэсаў над усімі ўдзельнікамі злачынстваў рэжыму.

Разам мы зможам дамагчыся поспеху — як мінімум па адным з пунктаў. Час дзейнічаць!

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter