Усе навіны

Мы – не "рускі свет" і не сфера ўплыву Расіі

Архіў навін

Выступленне Паўла Латушка на канферэнцыі імя Каліноўскага ў Еўрапейскім Парламенце


ru   en


Брусэль, 21 чэрвеня 2022 года



Калі вы дазволіце я буду выкарыстоўваць беларускую мову. Я лічу, што гэта важна для беларусаў сення каб прадэманстраваць нашу ідэнтычнасць.



Шаноўная спадарыня Старшыня,
Паважаныя дэпутаты Еўрапарламента, калегі,

Зло не павінна мець сфераў уплыву. І аніводная краіна ў свеце не павінна быць сфераю ўплыву зла.

У гэтыя дні будзе разглядаецца рашэнне аб наданні статусу кандыдатаў у члены Еўрапейскага Саюза Ўкраіне, Малдове і Грузіі.

Усе тры краіны, у той ці іншай ступені, раней памылкова лічыліся сферай уплыву Расіі. І ўсе яны сталі ахвярамі яе агрэсіўнай неаімперскай палітыкі. Усе яны заплацілі занадта вялікую цану за гэтае памылковае меркаваньне цывілізаванага свету. Прама зараз неверагодную цану ізноў плаціць Украіна.

Але незалежныя, свабодалюбныя народы і краіны не могуць і не павінны лічыцца сферай уплыву абсалютнага зла пад назвай «рускі свет». І прама зараз у Аб’яднанай Еўропы ёсць гістарычны шанец гэта даказаць.

Даказаць на справе, што ўсе краіны, якія імкнуцца вырвацца з «рускага свету», атрымаюць усю неабходную падтрымку ад свету цывілізаванага.

Сёння я хачу нагадаць, што ў Еўропе ёсць яшчэ адна такая краіна. Гэтая краіна — Беларусь.

І вось нашае пасланне Аб’яднанай Еўропе:

МЫ — НЕ «РУСКІ СВЕТ» І НЕ СФЕРА ЎПЛЫВУ РАСІІ.


Мы — еўрапейскі народ, які апынуўся пад расійскай акупацыяй і дыктатурай пуцінскай марыянеткі Лукашэнкі.

І гэта таксама вынік нашых і вашых памылак, працу над якімі мы абавязаны правесці. І зрабіць свой каштоўнасны і прынцыповы выбар — як вам, так і нам, беларусам.

Выбар, перад якім нас паставіла вайна: паміж дабром і злом. Без паўтонаў.

І мы, народ Беларусі, абіраем дабро.


Пра гэта кажуць і ўсе апошнія апытанні:


  • Большасьць беларусаў - супраць вайны.
  • Большасць беларусаў - за еўрапейскі выбар, а не за «рускі свет».

Гэта значыць, што мы ўсвядомілі свае памылкі, калі лічылі, што нам нікуды не падзецца ад Расіі з-за нашага геапалітычнага становішча.

Мы зразумелі, што не суседства з Расіяй павінна вызначаць наш цывілізацыйны выбар. Не яно вызначае нашыя каштоўнасці, не яно вызначае нашае бачанне будучыні Беларусі - як незалежнай, свабоднай, дэмакратычнай і прагрэсіўнай дзяржавы.

Але нажаль, менавіта геаграфічная блізкасць да Расіі стварае пагрозу такой будучыні для Беларусі. І гэтая пагроза тым мацней, чым мацней перакананне ўсяго астатняга свету ў тым, што Беларусь — гэта сфера ўплыву Расіі.

Ёсць вядомае выказванне: «Адзінае, што трэба для трыюмфу зла — гэта каб добрыя людзі нічога не рабілі».

І няма нічога больш згубнага для бяздзейнасці добрых людзей, чым памылковае меркаванне, што нешта знаходзіцца па-за сферай іх уплыву.

Сёння, на прыкладзе жудаснай вайны ва Ўкраіне, мы бачым, да якіх наступстваў гэта можа прывесці. А менавіта да акупацыі адной еўрапейскай краіны — Беларусі, і нападу на іншую — Украіну.

Яшчэ ў 2020 годзе, калі беларусы масава выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць скрадзенага ў іх выбару, Расія заявіла аб гатоўнасці аказаць ваенную падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

У 2022 годзе расійскія войскі ўвайшлі ў Беларусь — пад выглядам вучэнняў. І не пакінулі яе тэрыторыю па іх заканчэнні. Замест гэтага 24 лютага яны ўварваліся ва Ўкраіну. Так, пры поўнай згодзе і падтрымцы пуцінскай марыянеткі - Лукашэнкі - адбылася акупацыя Беларусі і пераўтварэнне яе ў ваеннага са-агрэсара.

На якой жа падставе Расія рыхтавалася ўмяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі ў 2020 годзе? І на якой падставе яна вырашыла, што Беларусь можна выкарыстоўваць як плацдарм для вядзення вайны ў 2022-м?

На той жа, на якой яна развязвала і развязвае войны ў кожнай краіне, якую лічыць сферай свайго ўплыву — з маўклівай згоды астатняга свету.

Так ці гатовы свет працягваць з гэтым згаджацца? Ці гатовы свет працягваць лічыць, што Беларусь, Украіна, Грузія ці Малдова — гэта сфера ўплыву Расіі - і дазваляць Расіі лічыць так самой?

3 з 4 пералічаных краін ужо заявілі пра тое, што іх выбар — гэта Еўропа, а не Расія. Яны зрабілі свой цывілізацыйны выбар.

Прыйшоў час зрабіць гэты выбар і Беларусі. Што для гэтага трэба?


Я перакананы, што Беларусі і Еўропе неабходна зрабіць 3 галоўныя крокі насустрач адзін аднаму.

Крок першы для Беларусі -- у асобе дэмакратычных сілаў - гэта стварэнне пераходнага ўрада, пра што яшчэ 24 лютага абвясціла Святлана Ціханоўская. Пераходны ўрад павінен стаць рэальнай альтэрнатывай незаконнаму, нелегітымнаму і марыянеткаваму ўраду Лукашэнкі і адстойваць еўрапейскі выбар Беларусі на міжнароднай арэне.

Крок другі - пачаць нацыянальна-вызваленчы рух для барацьбы з расійскай акупацыяй і марыянеткавым рэжымам Лукашэнкі і вызвалення Беларусі.

Крок трэці - зрабіць еўрапейскі выбар у якасці вольнай, незалежнай і дэмакратычнай дзяржавы.

Але на гэтым шляху нам неабходная ваша падтрымка. Якіх крокаў насустрач мы чакаем ад вас?


Крок першы — поўная ізаляцыя незаконнага марыянеткавага рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне праз выключэнне ўсіх яго прадстаўнікоў з міжнародных арганізацый. І запрашэнне на іх месца прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.

Крок другі - прававое прызнанне факту акупацыі Беларусі Расіяй, прызнанне пераходнага ўрада і нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі.

Крок трэці - падтрымка еўрапейскага выбару незалежнай Беларусі пасля яе вызвалення ад акупацыі і правядзення новых дэмакратычных выбараў.

Мы, беларусы, прыйшлі да гэтага разумення яшчэ ў 2020 годзе. І мы гатовыя рухацца насустрач свабодзе і незалежнасці. Насустрач Вольнай Еўропе.

Зрабіце і вы крокі нам насустрач! Давайце разам пройдзем гэты шлях да святла, агульнай бяспекі і дабрабыту.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter