Усе навіны

Мы павінны быць гатовыя да абароны тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Беларусі

Архіў навін

Выступ Паўла Латушкі на прэс-канферэнцыі дэмакратычных сіл у дачыненні да абвешчанага «рэферэндуму»


Варшава-Вільня, 21.01.2022

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне падтрымлівае агульную пазіцыю дэмакратычных сіл у адносінах да прызначанага нелегітымнай уладай так званага «рэфэрэндуму» па зьмене Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Адначасова лічым прынцыпова важным выпрацаваць стратэгію дзеянняў не толькі ў дачыненні да самога «рэферэндуму», а адзіную стратэгію, якая створыць магчымасць кардынальнай змены сітуацыі ў нашай краіне, забяспечыць выкананне патрабаванняў беларускага грамадства: спыненне рэпрэсій, вызваленне палітычных зняволеных і правядзенне новых свабодных выбараў.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне лічыць прынцыпова важным заявіць наступнае:
1. У дачыненні да агульнай пазіцый дэмсіл да так званага «рэферэндуму»: мы падтрымліваем агульную пазіцыю — прызнаць «рэферэндум» несапраўдным праз дзеянні грамадзян.
2. У дачыненні да ацэнкі міжнароднымі партнёрамі так званага «рэферэндуму»: дабівацца афіцыйнай заявы міжнародных партнёраў аб непрызнанні за Лукашэнкам права на правядзенне «рэферэндуму». Гэта пазбавіць «рэферэндум» якой-небудзь палітычнай і юрыдычнай значнасці, перакрэсліць планы рэжыму на аднаўленне страчанай легітымнасці.

Дамагацца ад міжнародных партнёраў заяў аб тым, што ў выпадку працягу рэпрэсій у дачыненні да беларусаў, якія не падтрымліваюць імітацыйны «рэферэндум», супраць рэжыму Лукашэнкі будуць ужытыя далейшыя кансалідаваныя санкцыі Еўрапейскага Звязу, ЗША, Вялікабрытаніі і іншых дэмакратычных краін.

Мы разлічваем, што міжнародныя партнёры падтрымаюць патрабаванні беларускага народа аб тым, што адзіным устойлівым выхадам з крызісу ў Беларусі з’яўляецца вызваленне палітвязняў і правядзенне новых датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў.

3. У дачыненні да прысутнасці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне лічыць парушаючым міжнароднае права знаходжанне Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якое ўзгоднена нелегітымнай уладай у Беларусі. У цяперашняй сітуацыі знаходжанне расейскіх войскаў стварае пагрозу ваеннага канфлікту з суседзямі Беларусі, а таксама пагрозу страты суверэнітэту Беларусі.

Зыходзячы з вышэйвыкладзенага мы лічым што адзіная пазіцыя дэмсілаў павінна быць дапоўненая наступнай стратэгіяй нашых дзеянняў:

  1. Выкарыстанне «рэферэндуму» для мірнай змены ўлады ў Беларусі і выканання патрабаванняў беларускага народа: вызваленне палітвязняў і правядзенне новых дэмакратычных выбараў Прэзідэнта Беларусі.
  2. Мы павінны быць гатовыя процідзейнічаць умяшанню замежных войскаў ва ўнутраныя справы Беларусі і выкарыстання Беларусі як плацдарма для нападу на суседнія краіны.

Мы звяртаемся да міжнародных партнёраў: неабходна выкарыстоўваць усе нормы нацыянальнага і міжнароднага права для прыцягнення Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці: катаванні, рэпрэсіі, забойствы, за захоп самалёта і гібрыдную вайну з краінамі ЕЗ. Мы вітаем рашэнне ЗША аб прад’яўленні абвінавачванняў прадстаўнікам рэжыму за захоп самалёта.

НАУ лічыць, што ключавым палітычным і прававым пытаннем для міжнароднай супольнасці з’яўляецца непрызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі. Мы чакаем, што адпаведнае рашэнне будзе прынята на ўзроўні нацыянальных урадаў дэмакратычных краін. Дадзенае прававое рашэнне дазволіць разглядаць дзеянні Лукашэнкі ў якасці парушаючых міжнароднае права.

Мы заклікаем беларусаў быць гатовымі да абароны сваіх правоў і свабод, а таксама тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Беларусі.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter