Усе навіны

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа саўдзельнічала ў фальсіфікацыі выбараў

Архіў навін

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа саўдзельнічала ў фальсіфікацыі выбараў. НАУ звярнулася ў міжнародны офіс руху.


Прадстаўнікі беларускай дыяспары пачалі кампанію ў сацсетках #TyrannyPoisonsRedCross, каб звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на ўдзел Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) ў фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. НАУ падтрымала кампанію і накіравала ліст у Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа.

У дакуменце выкладзены факты, якія пацвярджаюць удзел БТЧК у масавых фальсіфікацыі на выбарах 9 жніўня. Што ж адбылося?

Падчас выбараў прэзідэнта ў склад участковых выбарчых камісій увайшлі 2998 чалавек як прадстаўнікі БТЧК. 2532 з іх ужо ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах у 2019 годзе. Вось толькі чвэрць гэтага спісу тады вылучаліся ў камісіі ад іншых арганізацый.

На 362 участках, дзе працавалі вышэйназваныя прадстаўнікі БТЧК, платформа «Голас» даказала факты фальсіфікацый — колькасць фота бюлетэняў з галасамі за Святлану Ціханоўскую перавысіла колькасць залічаных за яе галасоў у пратаколах, падпісаных членамі камісій. Масавыя рэпрэсіі — адно з наступстваў гэтых фальсіфікацый.

Паводле дадзеных Фонду медыцынскай салідарнасці, пасля выбараў-2020 35 медыкаў звольнілі за грамадзянскую пазіцыю, больш за 200 медыкаў затрымалі за ўдзел у мірных акцыях. Медсястра Юлія Кашаварава і студэнт БДМУ Уладзіслаў Марціровіч знаходзяцца ў турме па крымінальных справах. Лекару Арцёму Сарокіну прысудзілі два гады пазбаўлення волі і штраф толькі за тое, што ён паведаміў праўду пра стан Рамана Бандарэнкі.

НАУ звярнулася ў Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа з трыма просьбамі:

1) Разгледзець матэрыялы аб парушэнні БТЧК прынцыпаў нейтральнасці і незалежнасці, дэклараваныя Міжнародным рухам Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца;

2) Ліквідаваць фінансавую падтрымку БТЧК і накіраваць сродкі наўпрост людзям, якія гэтага патрабуюць;

3) Прыпыніць членства БТЧК у Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама Міжнародным руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца да таго часу, пакуль арганізацыя не дакажа сваю адпаведнасць прынцыпам руху.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter