Паводле інфармацыі, атрыманай ад сумленных работнікаў дзяржаўнага кіравання, уладкавана ўсё так:
1) Арганізацыя падае статыстычную справаздачнасць. І там, на жаль, страты. Што рабіць? Як падымаць прадпрыемства? Усё проста: дастаткова патэлефанаваць у дзяржаўную арганізацыю і ў загадным парадку папрасіць замяніць страты ў справаздачы на прыбытак. Гатова: зараз у раёне, горадзе ці вобласці мінус адно стратнае прадпрыемства і плюс адно прыбытковае. Тэхнічна гэта можа быць так: калі па сапраўдных дадзеных выходзіць страта, напрыклад, у 10 тысяч BYN, то лёгка можна дадаць 20 тысяч BYN у прыбытак ад рэалізацыі.
2) Яшчэ адно месца для паляпшэння справаздачнасці — заробак. Дрэнна, калі ёсць пратэрмінаваная запазычанасць па заробках, добра, калі ўсё выплачваецца ў тэрмін. Затрымаў заробак — адклеіў кавалачак стабільнасці. А калі па справаздачнасці ўсё выканана ў тэрмін, то ў краіне ўсё выдатна. Тым больш, што з адміністрацыі тэлефануюць і настойліва рэкамендуюць падаваць менавіта такія дадзеныя.
Але ёсць нюанс. Тэлефонная размова, у якой работніку арганізацыі кажуць змяніць пададзеныя ў «Белстат» дадзеныя, наўрад ці дзесьці фіксуецца. Калі толькі сумленны супрацоўнік сам не запісвае ўваходныя ад адміністрацыі (звычка добрая). А вось інфармацыя аб выпраўленнях справаздачнасцi на серверах захоўваецца. І штраф за скажэнне справаздачнасці атрымае той, хто адказны за яе складанне, а не чалавек з адміністрацыі.
Выконвайце законы, запісвайце сумнеўныя размовы і далучайцеся да супольнасці сумленных чыноўнікаў, калі вы працуеце на дзяржаўнай службе: @honest_dialog_bot.
Разам мы зможам дамагчыся выканання народных патрабаванняў і пачнем жыць у краіне, дзе дзяржава не падштурхоўвае да злачынстваў.
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter