Народнае антыкрызіснае упраўленне прадставіла канцэпцыю рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі
Каманда НАУ зацвердзіла канцэпцыю рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, якія ажыццяўляюцца дыктатурай Лукашэнкі з 20 ліпеня 1994 года. Канцэпцыя прадугледжвае як вызваленне змешчаных у турмах і СІЗА па палітычных матывах, так і дапамогу і кампенсацыі іншым пацярпелым ад незаконных дзеянняў улады.

Канцэпцыя прадугледжвае вызваленне ўсіх абвінавачаных і асуджаных па палітычных матывах неадкладна пасля сыходу Лукашэнкі з прэзідэнцкай пасады і ўстанаўлення ў Беларусі легітымнай улады.
На рэабілітацыю могуць разлічваць і тыя, супраць каго была заведзеная крымінальная або адміністрацыйная справа з палітычнай падаплёкай. Тыя, хто прайшоў праз катаванні і быў збіты. Тыя, каго звольнілі ці выключылі з вну за погляды і перакананні. Тыя, хто быў выправаджаны з краіны, у каго адабралі бізнэс. Усе рэпрэсаваныя будуць цалкам адноўленыя ў сваіх правах, змогуць вярнуцца ў краіну, працягнуць працу і вучобу.
Ахвяры рэжыму атрымаюць матэрыяльную кампенсацыю, ім будзе аказаная Юрыдычная, псіхалагічная і медыцынская дапамога. Для гэтага будуць створаныя камісія, у якую ўвойдуць паважаныя юрысты, эканамісты, праваабаронцы і грамадскія дзеячы, а таксама Фонд, сфармаваны за кошт рэспубліканскага бюджэту, міжнароднай падтрымкі, ахвяраванняў грамадзян і бізнэсу, спагнанняў з вінаватых у рэпрэсіях.
Канцэпцыя можа служыць асновай новых прававых актаў для рэабілітацыі рэпрэсаваных пасля падзення рэжыму. Заклікаем пацярпелых ужо цяпер збіраць сведчанні незаконных дзеянняў дыктатуры ў дачыненні да сябе і сваіх блізкіх, каб паскорыць працэс рэабілітацыі і прыцягнення вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці.
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter