Разгарнуўшы беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць беларускага народу, дыктатура спрабуе не толькі ўтрымацца ва ўладзе нягледзячы на прайграныя выбары, але заадно і падзарабіць.
Штрафы на мільёны рублёў па палітычна матываваных справах — самы відавочны, але далёка не адзіны спосаб, якім рэжым папаўняе амаль што пустую казну ў рамках развязанага ім тэрору. Ад беларусаў патрабуюць аплачваць утрыманне на незаконна прысуджаных ім «сутках». Дыктатура эканоміць за кошт іх звальненняў з дзяржпрадпрыемстваў і бюджэтных структур, а таксама адлічэнняў з ВНУ. Займаецца экспрапрыяцыяй бізнесаў і канфіскуе маёмасць.
Больш падрабязна пра тое, як рэжым нажываецца на пакутах людзей, якія проста хочуць жыць у вольнай краіне, дзе працуе закон і выконваюцца правы, — ніжэй.
1: Штрафы Паводле дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», толькі па палітычна матываваных адміністрацыйных справах беларусам прысудзілі штрафаў на:
З 9 жніўня па 31 снежня 2020 года: 61 910 базавых велічынь (1 671 570 рублёў) З 1 студзеня па 25 мая 2021 года: 26 873 базавыя велічыні (779 317 рублёў) За ўвесь час пасля выбараў: 88 783 базавыя велічыні, (2 450 887 рублёў)
«Вясна» валодае няпоўнай інфармацыяй, і рэальныя лічбы могуць быць у разы большымі. Рэжым жа дадзеныя па адміністрацыйных пакараннях хавае. І, вядома, рэпрэсіі ў Беларусі пачаліся яшчэ да выкрадзеных у народа выбараў.
Пры гэтым сярэдні памер штрафу ў 2021 годзе ў 2,7 разы перавышае лічбу для 2020 года: 47,1 базавай велічыні (1 365 рублёў) супраць 17,6 базавых велічынь (445 рублёў).
Гэта шмат у чым звязана з павялічанымі з 1 сакавіка 2021 года памерамі штрафаў.
Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў:
Было: да 30 б.в. (870 рублёў)
Стала: да 100 б.в. (2 900 рублёў)
Розніца: x3,3
Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, паўторна на працягу 1 года:
Было: да 50 б.в. (1 450 рублёў)
Стала: да 200 б.в. (5 800 рублёў)
Розніца: x4
Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы:
Было: да 50 б.в. (1 450 рублёў)
Стала: да 100 б.в. (2 900 рублёў)
Розніца: x2
Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый:
Было: да 10 б.в. (290 рублёў)
Стала: да 50 б.в. (1 450 рублёў)
Розніца: x5
Абраза службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў:
Было: да 50 б.в. (1 450 рублёў)
Стала: да 200 б.в. (5 800 рублёў)
Розніца: х4
Акрамя таго, у КоАП з’явіліся новыя «палітычныя» артыкулы, такія як:
Незаконныя выкарыстанне і выраб сцягоў, вымпелаў, плакатаў, эмблем і сімвалаў
Для фізічных асоб: да 20 б.в. (580 рублёў)
Для індывідуальных прадпрымальнікаў: да 40 б.в. (1 160 рублёў)
Для юрыдычных асоб: да 60 б.в. (1 740 рублёў)
Уцягванне непаўналетніх у несанкцыянаванае масавае мерапрыемства: да 30 б.в. (870 рублёў)
Самая «даходны» для рэжыму «пратэстны» артыкул — вядома ж, «народны» 23.34 (цяпер — 24.23) з доляй больш за 90% ад усіх «палітычных» адміністрацыйных прысудаў.
А вось толькі некаторыя прыклады неадэкватных штрафаў, якія рэжым прысудзіў за апошні час:
5 800 рублёў за ўскладанне кветак да месца забойства Аляксандра Тарайкоўскага
5 800 рублёў за адпачынак у лазні ў кампаніі сяброў
2 900 рублёў за стыкер з «Пагоняй» на асабістым ноўтбуку
2 900 рублёў за налепку на заднім шкле ўласнага аўтамабіля
2 900 рублёў за сняжынкі ў вокнах сваёй кватэры
Сюды можна дадаць і велізарныя кампенсацыі за надуманыя злачынствы. Так, «групе Статкевіча» прад’яўлены пазоў на больш чым 3 мільёны рублёў, а ад Сяргея Ціханоўскі патрабуюць выплаціць падаходны падатак з нібыта належаўшыхі яму $ 900 тыс.
2: Адміністрацыйныя арышты Рэжым не проста незаконна прысуджае беларусам «суткі», але і патрабуе аплату іх адбыцця: па 11,25 рубля за кожныя суткі. Харчаванне (а часцяком — яго фактычная адсутнасць), па наяўных звестках, каштуе 4,7 рубля ў дзень. Улічваючы яго якасць, перапоўненыя камеры, адсутнасць вады і пасцельнай бялізны, мы ўпэўненыя, што рэжым застаецца тут ў істотным плюсе.
Паводле дадзеных «Вясны», з 9 жніўня па канец 2020 года ў Беларусі прысудзілі «за палітыку» 62 974 сутак, а з пачатку па 25 мая 2021 года — 17 352 сутак. У суме — 80 326 сутак, што дае 903 668 рублёў аплаты ўтрымання. Нагадаем, што рэальныя лічбы значна вышэй.
3: Звальненні Па дапамогу ў фонды салідарнасці звярнуліся каля 3 000 звольненых па палітычных матывах. На практыцы ж колькасць страціўшых працу з-за рэпрэсій у разы большая. Звальненне работніка паспяховай кампаніі — гэта фінансавыя страты. Але ў выпадку са стратнымі дзяржпрадпрыемствамі, колькасць якіх імкліва расце, і некамерцыйнымі бюджэтнымі арганізацыямі гэта — наўпроставая эканомія на заробках і адлічэннях.
Звольнены «за палітыку» работнік — гэта не толькі эканомія на зарплаце і адлічэннях. «Дзякуючы» звальненням папаўняецца база так званых «дармаедаў», якія будуць вымушаныя аплачваць камунальныя паслугі па павышаных тарыфах, прыносячы рэжыму дадатковы прыбытак.
Дарэчы, за студзень-красавік 2021 года чысты адток кадраў толькі з буйных і сярэдніх прадпрыемстваў краіны склаў 24,2 тыс. чалавек.
4: Выключэнні з ВНУ Па падліках *Сумленных людзей, да пачатку мая з ВНУ «за палітыку» было адлічана не менш за 243 студэнты. Колькасць тых, што вучыліся на бясплатнай аснове, невядомая, але так ці інакш гэта дзесяткі, а можа, і сотні тысяч долараў эканоміі на іх навучанні. А яшчэ адлічаных, як і звольненых, можна запісаць у «дармаеды». Пазбаўленне маладых людзей адукацыі — каласальныя страты для эканомікі ў перспектыве. Але, як вядома, рэжым прывык думаць толькі пра сваю ўласную будучыню.
5: Эканамічныя рэпрэсіі Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», эканамічным рэпрэсіям падверглася як мінімум 335 беларускіх бізнэсаў і кампаній. Відавочна, што на практыцы іх куды больш. У многіх выпадках прадпрыемствы былі аштрафаваныя па надуманых прычынах, а недзе гаворка ўволгуле ідзе пра канфіскацыю маёмасці ў даход дзяржавы. Маёмасць канфіскуюць і ў прыватных асоб. Гэта — немалыя грошы, фактычна здабытыя дыктатурай злачынным шляхам.
6: Што з усім гэтым рабіць? Не аплачваць штрафы і ўхіляцца ад спагнанняў пры існуючым рэпрэсіўным рэжыме становіцца небяспечна. Але вы можаце: 1) Адкладаць аплату штрафаў на апошні дзень. 2) Не захоўваць грошы ў банках і на картках, каб яны не былі экспрапрыяваныя праз Аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму выканання грашовых абавязацельстваў, у тым ліку памылкова. 3) Абскардзіць несправядлівыя прысуды — часам гэта магчыма нават ва ўмовах прававога дэфолту.
Але толькі наша агульная перамога спыніць і рэпрэсіі, і свавольства.
P.S. «Заробленае» на рэпрэсіях ідзе, сярод іншага, на далейшае фінансаванне новых рэпрэсій. Адзіны спосаб разарваць гэты круг — змагацца да перамогі. Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках: Facebook | Instagram | Telegram | Twitter