Усе навіны

Толькі ад нас залежыць будучыня нашай краіны

Архіў навін

Выступленне кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі ў Варшаўскім універсітэце


Варшаўскі ўніверсітэт
17 Мая, 2022

Высокапаважаная Спадарыня амбасадар, спадарыня прафесар, паважаныя дамы і спадары.


Найперш хацеў бы выказаць шчырыя словы павагі Спадарыні амбасадар Эльжбеце Смулковай, як асобы, якая зрабіла вялікі ўнёсак ва ўсталяванне адносінаў паміж незалежнымі Беларуссю і Польшчай, а сёння працягвае дапамагаць у такой складанай барацьбе беларусаў не толькі ў пытаннях усталявання прынцыпаў дэмакратыі і свабодаў у Беларусі, але і, нажаль, ізноў у захаванні незалежнасці маёй краіны.

Сёння на нашых вачах працякае новы этап, эпахальны для гісторыі не толькі для нашых краін Беларусі і Польшчы, але і для ўсёй Еўропы, усяго свету.

Нядаўна мне прыйшла такая думка, што мы сёння змагаемся ізноў за цывілізацыйны выбар, права развіцця ці права дэградацыі, заняпаду.

Мы, беларусы, часта чулі ад нашых еўрапейскіх партнёраў аб прыярытэтнасці для чалавека правоў і свабод, аб важнасці пабудовы дзяржаў на прынцыпах дэмакратыі. Упэўнены, што ў гэтай зале аднаго з вядучых універсітэтаў Еўропы ніхто не будзе пярэчыць гэтаму падыходу.

Але што адбываецца сёння.


Беларусы гінуць ад рук дыктатара, іх катуюць у турмах, пераследуюць ужо не за дзеянне, а толькі жаданне жыць па прынцыпах свабоднага грамадства. Украінцы гінуць у жахлівай вайне. Еўропа разлічвае суму, якую павінна заплаціць за свабоду, за мір.

Ці жадаюць гінуць беларусы? Не. Ці жадаюць паміраць украінцы? Не. Ці хоча Еўропа плаціць за свабоду ўкраінскага і беларускага народа? Еўропа ўсё яшчэ лічыць грошы. Можа надышоў час, як бы гэта зараз не прагучала, украінцам і беларусам вучыць Еўропу што такое правы чалавека і свабоды?

«Беларусь — не Лукашэнка».

Гэта адзін з загалоўкаў лекцыі шаноўнай спадарыні Пасол.
Паспрабую перафразаваць зыходзячы з таго, што адбываецца сёння.
Крым — гэта Украіна, а Беларусь — гэта не Расея.

Чаму так?


Украіна змагаецца за незалежнасць і сваю тэрытарыяльную цэласнасць. І Беларусь сёння стаіць на парозе страты сваёй незалежнасці.

Беларусь сёння — акупаваная Расіяй краіна. Не праз ваенныя дзеянні. Але войскі Расіі, якія знаходзяцца сёння на тэрыторыі Беларусі, знаходзяцца па-за кантролем беларускага народа, мы акупаваны інфармацыйна, ідэалагічна, палітычна.

На чале Беларусі - марыянеткавы ўрад пад кіраўніцтвам дыктатара Лукашэнкі, які выконвае выключна волю Крамля. Беларусь сёння яшчэ мае межы на карце і флаг у ААН. Але заўтра яна будзе анэксаваная Расеяй калі… Калі?

Калі зноў еўрапейцы зробяць стратэгічную памылку і пачнуць гандаль палітвязнямі ў абмен на адмену санкцый, калі не прыменяць аналагічныя як да Расіі санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, які з’яўляецца самым буйным кантрабандыстам XXI стагоддзя.

Я таксама згодзен з прэзідэнтам Зяленскім, навошта нам такое ААН, калі за мір трэба ваяваць зброяй?

Навошта нам канвенцыя ААН супраць катаванняў, калі ўжо хутка два гады і ні адзін грамадзянін Беларусі не можа дабіцца справядлівасці нават у рамках прававых сістэм еўрапейскіх краін? Навошта нам Рада па правах чалавека, калі яна яшчэ на год працягнула мандат па зборы доказаў злачынстваў рэжыму супраць беларусаў. Двух год было мала? Патрэбен яшчэ год? А потым яшчэ і яшчэ, а ці будзе час на справядлівасць?

Навошта нам ЮНЕСКА, калі Генеральны дырэктар Спадарыня Азуле не лічыць патрэбным нават адказаць на зварот трох Нобелеўскіх лаўрэатаў з Беларусі, Украіны і Расіі ў сувязі з тым, што ў беларускіх турмах 80 палітзняволеных дзеячаў культуры?

Перад намі не толькі цывілізацыйны выбар, а задача поўнага перагляду сістэмы бяспекі і эфектыўнасці вялікай колькасці міжнародных служачых.

Беларусь — гэта не Лукашэнка. Лукашэнка кіруе краінай ужо 28 гадоў. Лукашэнка пачаў забіваць сваіх палітычных апанентаў яшчэ ў 90-я. «Эскадроны смерці», знікненне былога віцэ-прэм'ера Віктара Ганчара, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, журналістаў, бізнесменаў. Ён увесь час нарошчваў рэпрэсіі і гандляваўся з Захадам.

У 2020-м ён пайшоў ізноў на забойствы грамадзян, за гэты перыяд праз арышты прайшло ўжо 50 тысяч беларусаў, тысячы праз гвалт і катаванні, зараз у Беларусі 1200 палітвязняў і гэта рэкорд Еўропы, захоп грамадзянскага самалёта «RyanAir», гібрыдная вайна супраць ЕЗ з выкарыстаннем мігрантаў, якіх ён звёз да мяжы, ён увёў смяротнае пакаранне за замах на злачынства, ліквідаваны практычна ўсе незалежныя СМІ, закрыта 300 няўрадавых арганізацый, а зараз рэжым — агрэсар у вайне супраць Украіны.

Часта сустракаючыся з высокімі палітыкамі я задаю ім апошнім часам адно і тое ж пытанне: што яшчэ павінен зрабіць дыктатар, каб вы зразумелі, што толькі жорсткія, аднаразовыя санкцыі, крымінальны пераслед, поўная міжнародная ізаляцыя — гэта найменшае, што можа зрабіць свет, каб скончыць эпоху тыраніі ў Беларусі?

Ці ўсе чакаюць, калі ён разам з Пуціным размесціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі?

Нехта скажа, што ў беларусаў завышаныя чаканні. Адкажу, тады ў Еўропе прыніжанае жаданне выкарыстоўваць наяўныя магчымасці.

Няўжо 631 ракеты, запушчаныя з тэрыторыі Беларусі па Украіне, таксама мала. Колькі ж іх трэба — 632? Няўжо мы будзем іх лічыць?

Беларусь — гэта не Лукашэнка. Выходзячы ў жніўні 2020 года з Купалаўскага тэатра я сказаў сабе і ўсім, хто там сабраўся, што нам важна памятаць: мы не апазіцыя, нас большасць.

Толькі ад нас залежыць будучыня нашай краіны, не ад Эўропы, не ад Захаду.

Але сёння перад выклікамі будучыні стаіць не толькі Беларусь. Яшчэ ў 2020-м годзе казаў еўрапейскім калегам — гэта тэст для ўсёй Еўропы, на эфектыўнасць, на прыярытэты, на гатоўнасць адстойваць каштоўнасці. Гэты тэст сёння датычыцца не толькі прыкладу Беларусі, а будучага еўрапейскага кантынента.

Паважаная спадарыня Пасол!

Ёсць людзі, якія ўпісваюць сваё імя ў гісторыю, але мы дакладна ведаем, што вы не толькі ўпісалі сваё імя, але зрабілі гісторыю незалежных беларуска-польскіх стасункаў.

Дзякуй, што вы да гэтага часу з намі працягваеце барацьбу за каштоўнасці - за Вашу і нашу свабоду.

Сардэчна дзякую за ўвагу.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter