Усе навіны

Лукашэнка павінен сядзець не за сталом перамоваў, а на лаве падсудных у трыбунале

Архіў навін

Кіраўнік НАУ Павел Латушка ў інтэрв'ю ўкраінскаму «24 каналу» аб супярэчлівых заявах Лукашэнкі на паседжанні Рады бяспекі


Абсурднасць заяваў Лукашэнкі выцякае з таго, што ён знаходзіцца ў поўнай разгубленасці. Яму складана знайсці выйсце з сітуацыі, у якой ён апынуўся з-за сваёй недальнабачнай палітыкі. Спачатку ён прымае рашэнне аб непасрэдным удзеле ў вайне супраць Украіны, а зараз спрабуе адысці ад адказнасці.

Варта звярнуць увагу, што ён называе тое, што адбываецца вайной, а не спецаперацыяй, у чым супярэчыць афіцыйнай пазіцыі свайго куратара Пуціна. Спрабуючы стаць удзельнікам перамоваў, ён апелюе да тэзы дэмакратычных сілаў аб тым, што ягоны рэжым з’яўляецца марыянеткай Крамля і не здольны ажыццяўляць самастойную палітыку і не прадстаўляе інтарэсы беларускага грамадства.

У якім статусе ён можа прысутнічаць на перагаворах? Дакладна не як медыятар. У яго можа быць толькі адна роля за сталом перамоваў - гэта роля суагрэсара, кім ён і з’яўляецца з пункту гледжання міжнароднага права. І адзінае пытанне, якое ён можа вырашаць з украінскім бокам, — гэта пытанне рэпарацый.

Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, не можа быць ніякіх гарантый бяспекі ні Украіне, ні Еўрапейскаму саюзу. Ён ужо пагражае закладнікамі, нагадваючы, што ў Менску ўсё яшчэ знаходзіцца амбасадар Украіны, а ў Беларусі жыве шмат украінцаў.

Калі хто і павінен выступаць ад імя Беларусі на перамовах, дык гэта прадстаўнікі дэмакратычных сіл. Тыя, каму абсалютная большасць беларускага грамадства даверыла прадстаўляць свае інтарэсы пасля выбараў 2020 года. Лукашэнка павінен сядзець не за сталом перамоваў, а на лаве падсудных у трыбунале.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter