Усе навіны

Дайджэст: 29 жніўня - 11 верасня

Архіў навін

Навіны Пераходнага Аб’яднанага Кабінета Беларусі, сустрэчы з чэшскімі палітыкамі, мерапрыемствы ў Музеі Вольнай Беларусі і адкрыццё Беларускай школы ў Варшаве


en   ru


Пераходны Кабінет Беларусі апублікаваў сваю першую пастанову. Кіраўнік НАУ, намеснік Кіраўніка Кабінета і прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка правёў шэраг сустрэч з палітыкамі і чыноўнікамі Чэхіі. У Варшаве адкрылася Беларуская школа, куды запісаліся больш за 150 вучняў. У Музеі Вольнай Беларусі адбыліся чарговыя мерапрыемствы. Падрабязнасці - у картках.

Вы таксама можаце зрабіць унёсак у Новую Беларусь, у прыватнасці:

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі



Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі - часовы выканаўчы орган дэмакратычных сілаў, створаны ў пачатку жніўня на канферэнцыі «Новая Беларусь» — выдаў сваю першую пастанову. Дакумент «Аб абароне незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь» абвяшчае, што:

  • аднаўленне і абарона суверэнітэту Беларусі — першапачатковая задача Кабінета, а незалежнасць — бясспрэчная каштоўнасць беларусаў;
  • знаходжанне расейскіх войскаў у краіне азначае яе акупацыю, а выкарыстанне — з дазволу нелегітымнай і незаконнай улады Лукашэнкі - яе тэрыторыі для агрэсіі супраць Украіны з’яўляецца злачынствам, у тым ліку і паводле Канстытуцыі;
  • дзеяньні ўраду Лукашэнкі і Расеі нясуць прамую пагрозу сувэрэнітэту Беларусі, і беларускі народ мае права перагледзець пагадненьні з Расейскай Фэдэрацыяй.

Нагадаем, кіраўнік НАУ Павел Латушка стаў намеснікам кіраўніка кабінета і ўпаўнаважаным па пытаннях транзіту ўлады.

Праца з партнёрамі


Сустрэча Паўла Латушкі з міністрам юстыцыі Паўлам Блашчаком з удзелам двух намеснікаў міністра юстыцыі Карэла Дворжака і Антаніна Станіслава
Сустрэча Паўла Латушкі з міністрам юстыцыі Паўлам Блашчаком з удзелам двух намеснікаў міністра юстыцыі Карэла Дворжака і Антаніна Станіслава

Павел Латушка правёў шэраг працоўных сустрэч у Празе — і вось іх галоўныя вынікі:
  • віцэ-спікер Парламента Чэхіі Вольга Рыхтэрава і дэпутаты групы «Сябры свабоднай Беларусі» запэўнілі ў падтрымцы ўзмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі і пашырэння санкцый супраць яго прадстаўнікоў, а таксама анансавалі слуханні па Беларусі;
  • Міністр юстыцыі Павел Блазек і яго намеснікі Карэл Дворжак і Антанін Станіслаў дапамогуць у расследаванні крымінальных справаў супраць вінаватых у катаваннях беларусаў. Акрамя таго, Мінюст Чэхіі вывучыць магчымасць прызнання тэрарыстычнымі арганізацыямі КДБ і ГУБАЗіК Беларусі;
  • мэр Прагі Здэнэк Хрыб паабяцаў садзейнічаць перайменаванню адной з вуліц у гонар Рамана Бандарэнкі, а таксама правядзенню Кангрэса беларусаў і адкрыццю офіса дэмсіл Беларусі ў Чэхіі;
  • намеснік міністра замежных спраў Яраслаў Курфуст, у сваю чаргу, гатовы супрацоўнічаць з Кабінетам Беларусі па знешняй палітыцы, а чэшскае МЗС падключыцца да пашырэння спісу персанальных санкцый супраць саўдзельнікаў злачынстваў Лукашэнкі.

Беларуская школа ў Варшаве



У Варшаве распачала працу Беларуская школа, у адкрыцці якой прыняў удзел Павел Латушка — апроч іншага, былы Міністр культуры Беларусі. На заняткі запісаліся больш за 150 вучняў — беларускіх дзетак, якія зараз жывуць на Радзіме, а таксама ў Польшчы, Нямеччыне, Грузіі, ЗША, Латвіі, Літве, Чэхіі, Турцыі, Расіі і іншых краінах.

Прафесійныя выкладчыкі, сярод якіх кандыдаты навук і прафесары, будуць знаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак з роднай мовай, а таксама з беларускай літаратурай, культурай, мастацтвам, гісторыяй і геаграфіяй. Школа працуе ў анлайне, але разам з тым на шэрагу варшаўскіх пляцовак, у тым ліку ў Музеі Вольнай Беларусі, дзейнічаюць мастацкія гурткі і студыі.

Дзень ведаў



Павел Латушка звярнуўся да бацькоў беларускіх дзетак з нагоды Дня ведаў. Кіраўнік НАУ нагадаў, што галоўная прычына, па якой маленькія беларусы могуць быць атручаныя прапагандай, шмат хто не ведае роднай мовы і мае праблемы з ідэнтычнасцю, а ў краіне ёсць фальсіфікатары выбараў і каты — гэта скажоная гісторыя, вынішчаная мова, культ вайны, асобы і настальгіі па савецкіх часах, у якія беларускасць метадычна прыгняталася. А таму так важна не толькі адшукаць у сабе сапраўднага беларуса і любоў да Радзімы, але і передаць гэта дзеткам.

«Ведайце, хто вы. Ведайце, адкуль вы родам. І не дазвольце нікому прымусіць забыцца пра тое вашых дзяцей. Бо мы — беларусы! А таму ведайце, што Жыве Беларусь! І што жыве яна вечна! І няхай гэтыя веды натхняюць вас ніколі не скарацца і дамагчыся свабоды. Для сябе і для сваіх дзетак», — падкрэсліў Павел Латушка.

Музей Вольнай Беларусі



У Музеі Вольнай Беларусі, які месціцца ў Варшаве па адрасе Foksal, 11, прайшлі чарговыя мерапрыемствы. Школа беларускай традыцыйнай культуры, якая працуе на базе Музея, правяла новыя заняткі па варштатах беларускага традыцыйнага танца. Адбыліся прагляд фільма Дар'і Жук «Крышталь» у рамах фестываля «Pod wspólnym niebem» і мастацкае чытанне п’есы драматурга Віталя Карабаня, рэжысёра Андрэя Новіка і каманды Team Theatre «How are you?». Акрамя таго, у Музеі былі зладжаныя кірмаш аўтарскіх вырабаў з мастэр-класамі і насычаная імпрэза да Дня беларускай вайсковай славы пры падтрымцы Палку імя Кастуся Каліноўскага.

Анонс наступных мерапрыемстваў, якія мусяць адбыцца ў Музеі, мы апублікуем ў нашым тэлеграм-канале ў самы бліжэйшы час.

Адукацыя па мясцовым самакіраванні


Варшавский университет
Варшавский университет

Варшаўскі ўніверсітэт у супрацы з Вольным беларускім універсітэтам правялі набор студэнтаў на ўнікальную праграму падрыхтоўкі спецыялістаў па самакіраванні. Паўсотні беларусаў атрымаюць бясплатнае анлайн-навучанне — лекцыі, практыкаванні і, пры магчымасці, практыку — пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Варшаўскага ўніверсітэта, а потым пацвердзяць свае новыя веды на заліках ды экзаменах і ў выніку атрымаюць адпаведны дыплом.

Выпускнікі праграмы змогуць прымяніць свае навыкі ў будаванні сістэмы самакіравання Новай Беларусі. Такім чынам, няма сумневаў, што праграма будзе карыснай не толькі непасрэдна для слухачоў, але для нашай Радзімы ў цэлым.

Перамога над дыктатурай — абавязак кожнага. Прапануем вам:


  • паведамляць, калі валодаеце інфармацыяй пра тых, хто ўчыніў злачынствы супраць мірных беларусаў, каб вінаватыя не пазьбеглі пакараньня;
  • падтрымаць нас фінансава — ваш удзел вельмі патрэбны НАУ і ўсёй Беларусі;
  • прымусіць улады раскрыць інфармацыю, на якую вы як грамадзяне маеце поўнае права;
  • каб дапамагчы пашырыць экспазіцыю Музея Вольнай Беларусі - калі ў вас ёсць патэнцыйны прадмет, які паказвае змаганне нашага народа за свабоду, напішыце нашаму чат-боту @nau_by_bot. І абавязкова ўдзельнічайце ў мерапрыемствах музея — гэта не толькі займальна, але і бясплатна!

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter