Усе навіны

"Аднойчы мы разам вернемся дадому". Медаль Крысціны Ціманоўскай перадалі ў Музей Вольнай Беларусі

Архіў навін

Фота: Фонд спартыўнай салідарнасці

Серабро II Еўрапейскіх гульняў, заваяванае беларускай спартсменкай у складзе эстафеты 4×100м, набыў на аўкцыёне фонду спартыўнай салідарнасці пакупнік з ЗША за $ 21 тысячу. Пераможца Яўген нарадзіўся ў Кіеве і перабраўся ў Амерыку 30 гадоў таму. Купля медаля для Яўгена — гэта магчымасць выказаць салідарнасць з беларусамі, якія трапілі пад рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020. Акрамя таго, ён лічыць, што сваім учынкам зможа натхніць людзей ахвяраваць арганізацыям, якія займаюцца дапамогай пацярпелым беларусам.

Гаспадар лота вырашыў перадаць медаль у Музей Вольнай Беларусі, арганізаваны НАУ. Яўген дамовіўся пра гэта падчас асабістай размовы з Крысцінай Ціманоўскай.

Сама спартсменка такой ініцыятыве вельмі рада:

— Медаль, якую я выставіла на аўкцыён, для мяне вельмі дарагая. Я выдатна памятаю той дзень і эмоцыі, якія яго суправаджалі. Таму, вядома, мне хацелася асабіста пазнаёміцца і пагутарыць з чалавекам, які, купіўшы яе, вырашыў падтрымаць мяне і ўсіх рэпрэсаваных спартсменаў. Шчыра скажу, я пад вялікім уражаннем. І дадам, што людзі, іх адкрытасць, гатоўнасць дапамагаць, ісці насустрач — гэта самае дзіўнае, з чым я сутыкаюся апошнім часам. Я рада, што медаль стане часткай экспазіцыі Музея Вольнай Беларусі і будзе недалёка ад мяне. А аднойчы мы разам вернемся дадому - упэўненая Крысціна Ціманоўская.

Любы ахвотны можа прапанаваць новы экспанат у Музей Вольнай Беларусі. Зрабіць гэта можна праз чат-бот НАУ. Пры неабходнасці ўладальнікі прадметаў застануцца ананімнымі.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter