Усе навіны

Дайджэст: 22 жніўня-5 верасня

Архіў навін

Апытанне па народным праекце Канстытуцыі, «Нюрнбергскі трыбунал», непрызнанне Лукашэнкі і актуальныя метады супраціву рэжыму


НАУ рыхтуе прававую канферэнцыю ў Нюрнбергу па аб’яве Лукашэнкі тэрарыстам і працягвае працу па непрызнанні дыктатарскага рэжыму. Вядомыя дзеячы культуры падтрымалі зварот каманды НАУ да ЮНЕСКА пра рэпрэсіі супраць работнікаў гэтай сферы ў Беларусі. Больш падрабязна аб усім гэтым — у нашым традыцыйным дайджэсце.

І, як звычайна, прапануем спіс дзеянняў для ўсіх, хто хоча пераменаў у краіне:

Народная Канстытуцыя


У рамках кампаніі «Народная Канстытуцыя» прайшло апытанне па шэрагу ключавых палажэнняў Асноўнага Закона. Беларусы выказаліся аб тым, хто, па іх думку, павінен абіраць Прэзідэнта (народ), якім яны бачаць Парламент (двухпалатны), якія мовы трэба зафіксаваць у якасці дзяржаўных (беларуская і руская), каму павінна быць падсправаздачны ўрад (Парламенту) і аб іншых важных пытаннях дзяржаўнага жыцця.
У апытанні прынялі ўдзел амаль 8400 грамадзян. Яго вынікі будуць улічаныя пры далейшай працы над народным праектам Канстытуцыі. Да 12 верасня грамадская Канстытуцыйная камісія таксама прымае прапановы і іншыя водгукі ад грамадзян:

Нюрнберг для Лукашэнкі


У дзень нараджэння беларускага дыктатара НАУ анансавала прававую канферэнцыю ў Нюрнбергу аб злачынствах супраць чалавечнасці і прызнанні Лукашэнкі тэрарыстам. На мерапрыемства запрошаныя адвакаты, палітыкі, праваабаронцы і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі. Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць дзеянні па паскарэнні прызнання Лукашэнкі тэрарыстам і прыцягнення да адказнасці вінаватых у катаваннях у рамках універсальнай юрысдыкцыі, а таксама зацвердзяць план дзеянняў.

Сачыце за навінамі - хутка мы апублікуем падрабязнасці аб прававой канферэнцыі ў Нюрнбергу.

Непрызнанне Лукашэнкі


НАУ пры падтрымцы іншых дэмакратычных сіл накіравала лісты ў дыпламатычныя і палітычныя структуры дружалюбных беларусам дзяржаў з заклікам афіцыйна адмовіць у прызнанні Лукашэнкі і яго ўраду. Звароты паступілі ў:
  • Міністэрства замежных спраў 41 краіны і Дзяржаўны дэпартамент ЗША;
  • кокусы «сябры Беларусі» і «Свабодная Беларусь» у Кангрэсе ЗША;
  • міжпартыйную парламенцкую групу па Беларусі Парламента Вялікабрытаніі.

Калі сусветныя ўрада афіцыйна адмовяць рэжыму ў прызнанні, гэта будзе мець для яго вельмі сур’ёзныя наступствы, у тым ліку азначаць поўную страту доступу да рэсурсаў МВФ. НАУ працягне працу ў гэтым кірунку і разлічвае на ўдзел усіх дэмакратычных сіл.

Міжнароднае партнёрства


Павел Латушка правёў сустрэчы з шэрагам прадстаўнікоў замежных дзяржаў у Польшчы: паслом Францыі Фрэдэрыкам Біле, намеснікам пасла Японіі Тадзіма Акіра, кіраўніком дыпмісіі Канады Леслі Скэнлан, паслом Літвы Эдуардасам Барысавасам, а таксама з маршалкам Мазавецкага ваяводства Адамам Струзікам. Галоўнымі тэмамі абмеркавання сталі:
  • непрызнанне Лукашэнкі і ягонага ўрада, накладанне санкцый у дачыненні да Нацбанка і Міністэрства фінансаў Беларусі. Як адно з наступстваў - блакаванне для рэжыму доступу да рахунку МВФ;
  • магчымыя пастановы краін Еўразвязу аб пашырэнні санкцый супраць асоб і арганізацый, якія маюць дачыненне да гандлю рэжымам людзьмі і вядзення ім «гібрыднай вайны» супраць ЕЗ;
  • рэпрэсіі і масавыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, дапамога грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці дзеячам культуры.

Культурны фронт


Святлана Алексіевіч, Лія Ахеджакава, Кшыштаф Занусі, Андрэй Макарэвіч, Канстанцін Райкін, Віктар Шандаровіч і іншыя вядомыя культурныя дзеячы падпісалі адкрыты ліст Паўла Латушкі і каманды НАУ да ЮНЕСКА пра рэпрэсіі ў дачыненні да беларускай культуры і наладжаным дыктатурай гуманітарным крызісе. У звароце да генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Одрэ Азуле НАУ заклікае арганізацыю:
  • далучыцца да патрабаваньняў спыніць беззаконьне супраць работнікаў сферы культуры ў Беларусі;
  • запатрабаваць нелегітымную беларускую ўладу выконваць нормы міжнароднага права датычна свабоды аб’яднанняў, свабоды слова і культурных правоў;
  • накіраваць у Беларусь экспертаў для фіксавання парушэнняў рэжымам Статута ЮНЕСКА, асноўных дэкларацый і канвенцый ААН;
  • паставіць на паўзу ўзаемадзеянне структур ЮНЕСКА з Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА;
  • падняць пытанне аб прыгнёце сферы культуры на пасяджэннях Выканаўчага савета і Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА з прыняццем адпаведнай рэзалюцыі ЮНЕСКА па Беларусі.
Кіраўнік НАУ Павел Латушка звярнуўся да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) Луіса Альберта Скалелы з заклікам прыпыніць акрэдытацыю Беларускага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

"Па асабістым даручэнні Лукашэнкі ў Беларусі мэтанакіравана знішчаюцца недзяржаўныя Культурныя цэнтры. Адной з такіх арганізацый з’яўляецца Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» — акрэдытаваны FIAPF арганізатар Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». У 2021 годзе рэжым вызначыў дырэкцыяй кінафестывалю дзяржаўную кампанію «Беларусьфільм», якая знаходзіцца ў прамым падначаленні Мінкульта Беларусі, які ажыццяўляе жорсткую палітычна матываваную цэнзуру і рэпрэсіі ў сферы культуры" - адзначыў Павел Латушка.

Час дзейнічаць разам!


Перамога над дыктатурай — справа кожнага з нас. Прапануем вам:
  • абвясціць перадзабастовачны стан на сваім прадпрыемстве разам з калегамі і рыхтавацца да паўнавартаснага страйку;
  • дамагацца разам з намі афіцыйнага непрызнання ўрада Лукашэнкі, што сярод іншага не дазволіць яму атрымаць $ 1 млрд ад МВФ;
  • падтрымаць фінансава НАУ і іншыя дэмакратычныя структуры;
  • адправіць ліст ў ЮНЕСКА з заклікам звярнуць увагу на рэпрэсіі ў Беларусі супраць дзеячаў культуры;
  • не даваць рэжыму ні капейкі: адклікаць усе дэпазіты, абнаявіць усе грошы і па максімуме канвертаваць іх у валюту, не купляць прадукцыю звязаных з рэжымам кампаній, а таксама ўстрымлівацца ад спажывання падакцызных тавараў;
  • перадаць экспанат у Музей Вольнай Беларусі — любое сведчанне барацьбы беларусаў за свабоду або яго лічбавую копію; проста напішыце нам у чат-бот НАУ;
  • далучыцца да мабілізацыйнага плану «Перамога».

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter