Усе навіны

Абвінавачванне слуг рэжыму ў паветраным пірацтве па "справе Пратасевіча" ў ЗША

Архіў навін

Абвінавачванне слуг рэжыму ў паветраным пірацтве па «справе Пратасевіча» ў ЗША: тлумачым юрыдычныя і палітычныя наступствы


Некалькі дзён таму амерыканскі пракурор Дэніс Уільямс перадаў акруговаму суддзі ЗША Полу Энгельмаеру падрыхтаваную на аснове расследавання ФБР справу датычна прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску.

Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк распавёў у каментары «Белсат» аб юрыдычных і палітычных наступствах пададзенага ў ЗША абвінавачванні. Мы вырашылі часткова пераказаць адпаведны матэрыял у картках.

За пашыранай інфармацыяй аб расследаванні і высновах амерыканцаў (і не толькі) рэкамендуем звярнуцца да гэтага артыкула на сайце «Белсат» ці гэтаму відэасюжэце на YouTube-канале выдання.

Кантэкст

У траўні 2021 рэжым прымусіў да пасадкі грамадзянскі самалёт Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, упэўненыя, гэтую гісторыю добра ведае кожны з вас. Сёння ж гаворка ідзе аб прыцягненні вінаватых у інцыдэнце да адказнасці.

Зараз

Па інцыдэнце вядзецца не адно расследаванне, але ЗША прасунуліся далей за ўсіх!
Улады ЗША наўпрост абвінавацілі ў змове з мэтай авіяцыйнага пірацтва гендырэктара кампаніі «Белаэранавігацыя» Леаніда Чура і ягонага намесніка Алега Казючыца, а таксама двух супрацоўнікаў КДБ.

І што гэта азначае?

На думку следчых ФБР і пракурора, абвінавачаныя наўмысна і па папярэдняй змове хлусілі пра бомбу на борце — для пасадкі лайнера і затрымання Пратасевіча. І тым самым паставілі пад пагрозу больш за сотню жыццяў. Акрамя таго, абвінавачаныя арганізоўвалі ўтойванне слядоў злачынства. Пакаранне за такі ўчынак: ад 20 гадоў зняволення да пажыццёвага тэрміну.

У гэтага абвінавачвання ўжо ёсць істотныя наступствы: і юрыдычныя, і палітычныя.

Гэта як?

Пададзенае абвінавачванне ўжо дае права выклікаць абвінавачаных у суд ЗША, а ў выпадку няяўкі - абвясціць іх у вышук. Гэта само па сабе стварае для прыслужнікаў рэжыму істотныя нязручнасці і рызыкі. А атрымліваючы загады аб новых злачынных дзеяннях, усе саўдзельнікі рэжыму будуць улічваць, што сапраўды могуць трапіць у міжнародны вышук, а гэта — на ўсё жыццё.

Нават пасля змены ўлады ў Беларусі абвінавачванне і вышук у ЗША знятыя не будуць.

Наступствы для рэжыму

Акрамя таго, амерыканскі прыклад цалкам можа паўплываць на паскарэнне аналагічных працэсаў па «справе Пратасевіча» ў іншых краінах. Адказныя за гэтыя справы спецыялісты і эксперты могуць выкарыстоўваць аргументацыю, ад якой адштурхваліся пры вылучэнні абвінавачванні ў ЗША.

Так, нават прызнанне ў ЗША прымусовай пасадкі самалёта актам пірацтва не азначае аўтаматычнае прызнанне рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычным, як і самога дыктатара — тэрарыстам.

Але давядзенне ў ЗША справы да прад’яўлення абвінавачвання беларускім чыноўнікам такога ўзроўню — адно з самых сур’ёзных юрыдычных дзеянняў супраць рэжыму Лукашэнкі за ўсю яго гісторыю.

Абмяркуйце гэтую навіну ў соц. сетках:
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter