«Крыж» на «рэферэндуме», заява на рэжым, «Экспертнае асяроддзе» і свежая праграма нашага супраціву
НАУ разам з беларусамі працягвае рыхтавацца «перакрэсліць» канстытуцыйны рэферэндум. Польскае адвакацкае бюро падало на Лукашэнку і ягоных саўдзельнікаў заяву ў мясцовую нацыянальную пракуратуру аб генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасці. Выйшлі першыя выпускі новага праекта НАУ «Экспертнае асяроддзе» аб геапалітычным выбары Беларусі.
А вось што кожны з вас можа зрабіць для нашай агульнай перамогі:
- распавесці сваім родным, сябрам, знаёмым, калегам пра план на «рэферэндум»: прыйсці на ўчасткі і праставіць крыжыкі ва ўсіх палях — і патлумачыць, чаму байкот пойдзе на карысць толькі дыктатуры;
- як гэта ўжо даўно робяць прыхільнікі пераменаў, зняць усе грошы з карт, забраць дэпазіты з банкаў, адмовіцца ад падакцызных і проста дарагіх тавараў;
- паберагчыся ад COVID-19, у тым ліку носячы маскі ў грамадскіх месцах.
Перакрэслім «рэферэндум»!
Каманда НАУ разам з усімі беларусамі працягвае рыхтавацца да канстытуцыйнага «рэферэндуму» Лукашэнкі - рыхтавацца яго перакрэсліць. Яшчэ раз пазначым адзіную стратэгію дэмакратычнай большасці: мы павінны прыйсці на выбарчыя ўчасткі і паставіць крыжыкі насупраць усіх прапанаваных у бюлетэні варыянтаў.
Дыктатар разлічвае на бяздзейнасць беларусаў. Беларусы не стануць апраўдваць яго чаканні і зноў скажуць рэжыму ў твар сваё гучнае «НЕ!».
"Падарунак" для рэжыму
Адвакацкае бюро Томаша Віліньскага зрабіла рэжыму навагодні «падарунак», падаўшы ў Нацыянальную пракуратуру Польшчы заяву аб падазрэнні ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасці з боку Лукашэнкі і больш за 20 яго саўдзельнікаў, уключаючы Церцеля, Карпянкова і Балабу. Да заявы, якая складаецца з 160 старонак, прыкладзена 10 тысяч старонак дакументаў датычна наладжанага дыктатарам міграцыйнага крызісу і 30 тысяч старонак дакументаў па злачынствах супраць беларусаў і замежных грамадзян. Сярод іншага, спадар Віліньскі паказвае на пераслед беларусаў па моўнай прыкмеце і выкарыстання нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікі.
Да канца студзеня 2022 года бюро Віліньскага таксама плануе праінфармаваць аб падачы заявы аб злачынствах рэжыму ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.
«Экспертнае ассяродзе»
У рамках новай серыі арганізаваных НАУ дыскусій «Экспертнае ассяродзе» адбыліся ўжо дзве гутаркі аб геапалітычным выбары Беларусі. Мы ўпэўненыя, што ў абставінах гандлю Лукашэнкі суверэнітэтам нашай краіны такія размовы вельмі важныя.
Першае"Экспертнае ассяродзе" была прысвечана ўзаемадзеянню ЕС з субрэгіянальнымі саюзамі, групамі і праграмамі добрасуседства. Яе ўдзельнікі, палітычныя эксперты і аналітыкі, спецыялісты па міжнародных адносінах, абмеркавалі сутнасць Усходняга партнёрства для Беларусі і пагрозы для беларускай дзяржаўнасці.
У другім «Экспертным ассяродзе» ўдзельнікі размаўлялі аб інтэграцыйных працэсах у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і СНД, перспектывах развіцця адносін паміж Беларуссю і Расіяй, жыццяздольнасці СНД, АДКБ і іншых фарматаў садружнасці.
Вынікі «Экспертных асяроддзяў» публікуюцца ў каналах і супольнасцях НАУ ў сацыяльных сетках і месенджарах, а таксама на сайце ўпраўлення: Belarus-nau.org. Мы ведаем, што вам, як і нам, неабыякавы лёс Беларусі, і прапануем ўключацца!
Сустрэча з паслом Аўстрыі
Кіраўнік НАУ Павел Латушка і адказны ва ўпраўленні за шматбаковую дыпламатыю Уладзімір Астапенка сустрэліся з паслом Аўстрыі ў Польшчы Андрэасам Штадлерам. Бакі абмеркавалі:
- прыярытэтныя кірункі працы НАУ: непрызнанне Лукашэнкі і ягонага ўрада, прыцягненне прыслужнікаў дыктатуры да адказнасці, нарошчванне санкцыйнага ўздзеяння;
- спробы ціску рэжыму на аўстрыйскі бізнес у Беларусі і процідзеянне ім;
- спосабы падтрымкі дзеячаў беларускай культуры, што вымушана пакінулі Радзім, ў тым ліку правядзенне ў Варшаве Месяца беларускай культуры ў Польшчы;
- важнасць не прызначэння новага пасла Аўстрыі ў Беларусі пры бягучых абставінах.
Спадар Штадлер запэўніў, што прызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам немагчыма, а Аўстрыя не паддасца на шантаж і будзе працягваць падтрымліваць дэмакратызацыю Беларусі.
Час дзейнічаць разам!
Перамога над дыктатурай — справа кожнага з нас. Прапануем вам:
- дзяліцца са сваім асяроддзем аб нашым агульным плане на «рэферэндум»: прыйсці на ўчасткі і праставіць крыжыкі насупраць усіх прапанаваных опцый — а таксама растлумачыць на прыкладзе нашага матэрыялу, чаму байкот — дрэнная ідэя;
- а калі вас запрашаюць у выбарчую камісію — згаджацца, але абавязкова паведаміць пра гэта супольнасць *Сумленныя людзі, каб змагацца з сістэмай яшчэ і знутры;
- працягваць пазбаўляць рэжым сродкаў да існавання, выводзячы грошы з карт, забіраючы дэпазіты з банкаў, устрымліваючыся ад дарагіх абновак і пакупак падакцызных тавараў: аўтамабільнага паліва, алкаголя, тытунёвых вырабаў;
- берагчы сябе і сваіх блізкіх не толькі ад рэжыму, але і ад каронавіруса: як мінімум не забываць аб нашэнні масак у грамадскіх месцах.
Facebook | Instagram | Telegram | Twitter