Усе навіны

Што не так з сістэмай органаў унутраных спраў Беларусі?

Архіў навін

Як так атрымалася, што ўсе падраздзяленні кантралюе адзін чалавек? Чаму ГУБАЗіК наогул б’е пратэстуючых?
Адказ: карупцыя элітаў.

Пачакайце, але нашы міліцыянеры не бяруць хабару, пра якую карупцыю мы гаворым? Індэкс карупцыі ў Беларусі ўвогуле і ў міліцыі ў прыватнасці досыць нізкі ў параўнанні з іншымі краінамі.

Карупцыя


Давайце разбірацца разам. Ёсць два віды карупцыі:

1) Нізавая карупцыя. З гэтым у нас усё і праўда вельмі няблага (у адрозненне ад некаторых краін-суседзяў). І ў выпадку перамогі над другім відам карупцыі — у нас выдатныя шанцы на пабудову прававой дэмакратычнай дзяржавы (гэтыя шанцы, паводле ацэнак экспертаў, зноў-такі вышэйшыя, чым у краін-суседзяў);

2) Карупцыя элітаў (а вось з гэтым у Беларусі складана).

Карупцыя элітаў — гэта не паводзіны аднаго чалавека, а сістэма узаемасувязяў і ўзаемадзеянняў чыноўнікаў і арганізацый, якія злоўжываюць уладай у асабістых мэтах. Пад асабістымі мэтамі мы разумеем не толькі прамыя фінансавыя выгады, але таксама захаванне статусу, жаданне сысці ад адказнасці за раней учыненыя злачынствы, жаданне мець сувязі і элітарныя магчымасці (напрыклад, уладкаваць дзяцей ва ўніверсітэт, атрымаць падчас пандэміі асобную палату з кругласутачным доглядам цэлай брыгады дактароў, участкі пад будаўніцтва катэджаў і іншыя бонусы).

Узровень карумпаванасці элітаў дзяржавы вызначаецца межамі, да якіх можа дайсці тая ці іншая арганізацыя (ці палітычны лідэр) для дасягнення гэтых мэтаў.

Ад элітарнай карупцыі церпяць простыя супрацоўнікі, якія ўваходзяць у склад МУС. Для іх карысці ў наяўнасці такой структуры няма, а шкоду яна ім наносіць дастаткова сур’ёзную.

Давайце зірнем толькі толькі на сістэму МУС (хоць аналагічная сітуацыя і ў іншых ведамствах). На схеме мы пазначылі толькі некаторыя ачагі карупцыі элітаў:

— Адзінаначалле (вертыкальна інтэграваная іерархічная сістэма). Прэзідэнт асабіста, не ўзгадняючы з кім-кольвек, прызначае і вызваляе ад пасады ўсіх кіраўнікоў сілавога блоку краіны. У нашым выпадку — Міністра ўнутраных спраў і камандуючага ўнутранымі войскамі.

— Усе сілавікі абавязаныя выканаць любы (нават незаконны) загад прэзідэнта. Да кіраўнічых пасадаў даходзяць толькі лаяльныя і лёгка кантраляваныя кадры, на кожнага высокапастаўленага камандзіра ёсць свае рычагі ціску (кампрамат, фінансавыя інструменты, пагрозы асабістай бяспецы, пагрозы крымінальнай адказнасці і гэтак далей). Гэтыя людзі — фактычныя рабы і закладнікі сістэмы.

— Падкантрольныя міністры і намеснікі міністра перадаюць загады ўніз па вертыкалі, дзе яны таксама маюць у падначаленні цалкам лаяльных кіраўнікоў (нелаяльныя супрацоўнікі або адсейваюцца, або маюць у асабістых справах адмысловыя адзнакі аб немагчымасці прасоўвання па службе, пакуль над імі не будзе ўсталяваны татальны кантроль з дапамогай вышэйзгаданых метадаў).

Падраздзяленні, якія наўпрост падпарадкоўваюцца Міністру


— Звярніце ўвагу на блок падраздзяленняў, што непасрэдна падпарадкоўваюцца Міністру ўнутраных спраў (тут няма нават праслойкі ў выглядзе намеснікаў). Гэта дае аднаму чалавеку магчымасць асабіста наўпрост уплываць на ўсе іх рашэнні:

а) ГУБАЗіК фактычна займаецца палітычным вышукам і падаўленнем мірных акцый.

б) Упраўленне ўласнай бяспекі фактычна займаецца палітычным вышукам і пошукам нелаяльных супрацоўнікаў у самім МУС.

в) Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці дапамагае ГУБАЗіК і УУБ у іх дзейнасьці праслушкай, вонкавым назіраннем і іншымі метадамі АВД.

г) Упраўленне інфармацыі падпарадкавана міністру, і ён вырашае, што і як казаць грамадзянам і паказваць на БТ.

д) Кантрольна-рэвізійнае ўпраўленне дапамагае хаваць фінансавыя сляды злачынстваў МУС. Ніводнай крымінальнай справы пасля ўласных праверак у адносінах да сябе міністэрства не ўзбудзіла.

е) «Алмаз» — асабістая баявая група Міністра.

ж) Акадэмія МУС — дадатковыя сілы для разгону мірных пратэстаў. Рэктара наўпрост кантралюе Міністр унутраных спраў.

з) Штаб таксама падпарадкаваны міністру, і гэта значыць, што міністр па факце прымае рашэнні асабіста (хоць мы памятаем, што міністр наўпрост падпарадкаваны прэзідэнту).

Дадатковыя фактары карупцыі


Акрамя вышэйапісанай вертыкальнай структуры падпарадкавання, ёсць і дадатковыя фактары карупцыі:

— адсутнічаюць сумленны конкурс і справядлівыя крытэрыі прасоўвання па службе. Квітнее кумаўство і падбор начальнікам лаяльных кадраў пад сябе;

— з'яўляюцца перадумовы для нязменнасці кіраўніцтва. Пры пэўным узроўні спрыту можна сядзець на пасадзе і абрастаць сувязямі вечна;

— усе падраздзяленні фінансава залежаць ад цэнтру і рызыкуюць недаатрымаць фінансаванне за любыя спробы праяўлення нелаяльнасці;

— закрытасць фінансавай справаздачнасці;

— засакрэчаных звестак пра структуру, колькасць супрацоўнікаў, ўзбраенне і гэтак далей;

— адсутнасць фактычнай магчымасці і механізму для супрацоўнікаў абскардзіць рашэнні кіраўніцтва або паведаміць пра парушэнні працоўнага права;

— адсутнасць грамадскіх інстытутаў кантролю на ўсіх узроўнях (адбор, прасоўванне кадраў, магчымасць азнаямлення з матэрыяламі, магчымасць правядзення выбараў на пэўныя пасады ў міліцыі, магчымасць разгляду скаргаў грамадзян і супрацоўнікаў на сістэму незалежным органам і гэтак далей);

— упраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі знаходзіцца ў структуры МУС. У краіне адсутнічае незалежны інстытут барацьбы з фінансавай карупцыяй. Ён, зноў-такі, падпарадкоўваецца Міністру, дазваляючы яму прыбіраць канкурэнтаў па бізнесе і абараняць ад пераследу лаяльныя (звязаныя з ім) бізнес-структуры;

— упраўленне наглядна-выканаўчай інспекцыі таксама знаходзіцца пад кантролем МУС. А значыць, прысуды могуць гадамі не выконвацца па рашэнні Міністра;

— дэпартамент выканання пакаранняў, усё турмы і СІЗА таксама падкантрольныя МУС. А значыць, ахоўнікі турмаў прыцягваюцца да разгону мірных акцый пратэсту, калі стаміўся АМАП, правы зняволеных не выконваюцца, і на гэта ніхто не рэагуе;

— унутраныя войскі падпарадкоўваюцца прэзідэнту наўпрост і працуюць у цеснай звязцы з Міністрам унутраных спраў

— фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама» ўваходзіць у структуру МУС і фінансуецца з яго сродкаў. Узнікае спакуса выкарыстаць спартсменаў, даўшы ім у рукі балончыкі са слёзатачывым газам і схаваўшы іх твары за балаклавамі.

Падраздзяленні, якія заточаныя на падаўленне пратэстаў


Увесь сілавы блок краіны сканцэнтраваны ў руках прэзідэнта і невялікай колькасці цалкам падкантрольных яму міністраў. У кожным сілавым блоку створаныя падраздзяленні, якія заточаныя менавіта на падаўленне пратэстаў:

• КДБ — «Альфа»;
• cпецпадраздзяленне пагранвойскаў — АСАМ;
• унутраныя войскі — САХР;
• міліцыя грамадскай бяспекі — АМАП;
• асабістая цацка Міністра ўнутраных спраў — «Алмаз»;
• яшчэ адна асабістая цацка Міністра ўнутраных спраў — ГУБАЗіК (у апошнія месяцы падраздзяленне здабыла дрэнную славу, ператварыўшыся ў інструмент падаўлення і рэпрэсій);
• асабістая банда Паўлічэнкі (камандзіра спецназа ўнутраных войскаў МУС) — «Чэсць»
і гэтак далей.

Дадайце да гэтага падкантрольнасць ўсіх галінаў улады прэзідэнту, права выдаваць нарматыўна-прававыя акты — і карціна стане яснай. Пры такой структуры грамадству досыць здзейсніць адну памылку і выбраць не таго прэзідэнта — і ўсё, адзін чалавек атрымлівае неабмежаваную ўладу над усімі намі. Аднаго чалавека, якім бы выдатным ён не быў, лягчэй зламаць, падпарадкаваць і прымусіць рабіць тое, што ён не хоча, чым вялікую групу людзей, якія пастаянна змяняюцца. Сістэма павінна працаваць такім чынам, каб нават калі да ўлады прыйшоў не той прэзідэнт ці міністр, істотным чынам стабільнасць гэта не парушала. Пра тое, як гэта зрабіць, пагаворым наступным разам.

Яшчэ раз хочам адзначыць, што калі мы пераможам карупцыю элітаў, у нашай краіны будуць усе шанцы заняць лідзіруючыя пазіцыі ў свеце па ўзроўні даверу да паліцыі і яе эфектыўнасці. Бо нізавой карупцыі ў нас практычна няма.

Эсэ групы НАУ па рэфармаванні АУС
Адказная ў НАУ: Святлана Хілько
План НАУ па рэформе органаў унутраных спраў (ru)