top of page

Пошук па сайце

815 items found for ""

  • Беларусь на парадку дня падчас старшынства Польшчы ў ЕС

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Падтрымка незалежных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку тэлеканала «Белсат», а таксама стратэгія па сітуацыі ў Беларусі падчас старшынства Польшчы ў ЕС — галоўныя тэмы абмеркавання падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Польшчы. Учора адбылася сустрэча з упаўнаважаным міністра замежных спраў Польшчы па супрацьдзеянні міжнароднай дэзінфармацыі, амбасадарам Томашам Хлонем, сёння — сустрэча з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Марэкам Праўдай. Падтрымка і захаванне самастойнасці тэлеканала «Белсат» — прыярытэтна для беларускага дэмакратычнага грамадства. Павел Латушка адзначыў, што тэлеканал «Белсат» робіць значны ўнёсак у супрацьдзеянне прапагандзе рэжыму Лукашэнкі, данясенне да беларусаў аб’ектыўнай, праўдзівай і сумленнай інфармацыі пра бягучыя падзеі, пашырэнне выкарыстання беларускай мовы, супраць якой змагаецца рэжым Лукашэнкі. Падчас сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Марэкам Праўдай абмеркавана важнасць стратэгіі па Беларусі, асаблівая роля ў якой належыць Польшчы. Польшча гістарычна і культурна звязана з Беларуссю і беларускім народам, з’яўляецца краінай-суседкай Беларусі, мае сумесную мяжу. Разам з тым дзеянні рэжыму Лукашэнкі ствараюць пагрозы для нацыянальнай бяспекі Польшчы, для бяспекі ўсяго рэгіёна. Як для беларускага грамадства, так і для суседніх краін важна, каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай краінай, якая не будзе з’яўляцца донарам нестабільнасці ў рэгіёне. Павел Латушка адзначыў: «Важна рабіць усё, каб не пераўтварыць Беларусь у Паўночную Карэю, каб не закрываліся межы, каб беларусы маглі камунікаваць з ЕС. Так, на жаль, ідзе вайна. Тое, што мы бачым сёння, тыя праблемы, якія ўзнікаюць для нас, для беларусаў, звязаныя з тым, што агрэсію супраць Украіны падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Віна за сітуацыю, якая складваецца сёння, у тым ліку на межах Беларусі — на баку асабіста Лукашэнкі і яго памагатых — менавіта яны падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны і менавіта яны займаюцца рэпрэсіямі ўнутры краіны». Падчас сустрэчы абмеркавана будучае старшынства Польшчы ў Еўрапейскім саюзе, якое наступае з 1 студзеня 2025 года. Адно з першых дзеянняў падчас старшынства Польшчы ў ЕС — правядзенне Канферэнцыя імя Тадэвуша Касцюшкі, якая адбудзецца ў пачатку наступнага года ў Еўрапейскім цэнтры Салідарнасці ў Гданьску. На канферэнцыю будуць запрошаныя прадстаўнікі ўсіх краін-членаў ЕС. Як плануецца, гэтая канферэнцыя будзе адной з галоўных падзей падчас старшынства Польшчы ў ЕС. «Важна, каб падчас гэтай канферэнцыі былі выпрацаваны рашэнні, накіраваныя на тое, каб паскорыць змены ў Беларусі. Змены, за якія працягваюць змагацца беларусы», — адзначыў Павел Латушка.

  • Лукашэнка зробіць лекараў кітайскімі знахарамі?

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Чаму рэжым Лукашэнкі дагэтуль рэпрэсуе медыкаў і зніжае ўзровень медыцынскага абслугоўвання насельніцтва да базавага ўзроўню? Медыцынская супольнасць Беларусі ў 2020 годзе сутыкнулася з беспрэцэдэнтным ціскам. Медыкі аднымі з першых праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю. Яны аказвалі дапамогу параненым і пацярпелым на вуліцах і ў бальніцах, патрабавалі допуску лекараў да затрыманых у ізалятары. Адкрыта пратэставалі супраць гвалту над мірнымі жыхарамі краіны. У выніку многія з іх былі звольненыя і заключаныя ў турму, а некаторыя вымушаныя былі пакінуць краіну. Па дадзеных Фонду медыцынскай салідарнасці, Белых халатаў і ZUBR са жніўня 2020 года 248 медработнікаў падвергліся затрыманню і пазбаўленню волі. Гэта далёка не поўныя дадзеныя, але нават па іх можна сказаць, што ў краіне параўнальна персанал вельмі вялікай клінікі паспеў пабываць у турмах і РАУС. Акрамя затрымання існуюць іншыя метады рэпрэсій — такія як запалохванні, шантаж, звальненні паводле «чорных спісаў», прымус да ўступлення ў праўладны прафсаюз і іншыя. На сённяшні дзень можна сказаць, што рэпрэсіі ў ахове здароўя перманентыя і татальныя, у тым ці іншым выглядзе іх адчуў на сабе практычна кожны медыцынскі работнік. Атрымліваецца, што медык, які па сутнасці сваёй прафесіі з'яўляецца выратавальнікам і, натуральна, які выступае супраць забойстваў і гвалту — гэта вораг дзяржавы? Вядома ж, гэта абсурд. Але прынцып дыктатара «часам не да законаў» у дачыненні да медыкаў трансфармаваўся ў прынцып «лячы таго, каго дазваляем». І гэта пры тым, што на ліпень 2024 года ў банку вакансій не хапае 4943 урача-спецыяліста і 4165 медыцынскіх сясцёр. Недахоп медыкаў павялічваецца з кожным месяцам. Усё становіцца горш, але гэтага Лукашэнка спрабуе не заўважаць і часова спусціць на тармазах. Чаму часова? Ды таму што на падыходзе ўжо сумніўная для насельніцтва Беларусі, але жаданая для сям'і Лукашэнкі, «медыцынская дапамога ад кітайскай народнай медыцыны». Замест прафесійнай медыцынскай дапамогі Лукашэнка плануе прымусіць беларусаў лячыцца народнымі метадамі і сродкамі з Кітая.

  • Рэжым спрачаецца з ААН

    «Гэта спроба зняпраўдзіць афіцыйнае камюніке прэс-службы генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, у якім чорным па белым напісаныя ўсе прэтэнзіі да рэжыму Лукашэнкі», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат», каментуючы выказванні новапрызначанага кіраўніка міністэрства замежных спраў Лукашэнкі Максіма Рыжанкова па перамовах Лукашэнкі з генеральным сакратаром ААН Антонью Гутэрышам. Падчас саміту ШАС у Астане Лукашэнка правёў перамовы з генеральным сакратаром ААН Антонью Гутэрышам. У прэс-рэлізе ААН адзначана, што падчас сустрэчы генеральны сакратар «выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі», а таксама заявіў «аб неабходнасці спыніць вайну ва Украіне на падставе прынцыпаў Статуту ААН, міжнароднага права і павагі да тэрытарыяльнай цэласнасці». Новапрызначаны міністр замежных спраў Лукашэнкі вырашыў пракаментаваць афіцыйную заяву прэс-службы ААН. Рыжанкоў заявіў, што практычна ўся сустрэча была прысвечаная дзейнасці ААН у Беларусі, а не правам чалавека, як «хтосьці там напісаў, што нібыта нас у чымсьці хтосьці папракаў і пра нейкія правы чалавека». Павел Латушка адзначыў, што нават перад самым самітам ШАС, 3 ліпеня, у Радзе правоў чалавека ААН была прадстаўленая справаздача пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі: «Не ведаць пра тое, што ў Радзе правоў чалавека разглядаўся кейс Беларусі, калі ўсе спікеры ад імя сваіх краін, аб’яднанняў ці арганізацый у той ці іншай форме асудзілі парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, паспрабаваць зняпраўдзіць афіцыйнае камюніке прэс-службы генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, у якім чорным па белым напісаныя ўсе прэтэнзіі да рэжыму Лукашэнкі — гэта першы дыпламатычны пракол Рыжанкова». Кіраўнік НАУ таксама назваў надзвычайнай рэдкасцю ў дыпламатычнай працы тое, калі паведамляецца, які бок ініцыяваў сустрэчу: «У прэс-рэлізе прэс-службы ААН указана, што менавіта Лукашэнка сам напрасіўся на сустрэчу, калі ні сказаць наўпрост — нарваўся». Рыжанкоў сваім каментаром, накіраваным перш за ўсё для ўнутранай аўдыторыі, спрабуе «аспрэчыць бясспрэчнае». Але забыў пра тое, што словы міністраў замежных справаў звяртаюць на сябе ўвагу за мяжой. Поўная версія інтэрв'ю на сайце тэлеканала «Белсат»

  • Жанчын у турмах рэжыму Лукашэнкі змяшчаюць у клеткі!

    Гэта клетка ў літаральным сэнсе гэтага слова. Яе памер складае каля 1,5 метра ў даўжыню і 2 метра ў шырыню. Яна нагадвае прастакутную клетку з металічнымі прутамі. У ёй няма ні крэсла, ні нават лаўкі. Адміністрацыя турмы сочыць, каб увесь час праведзенае ў ёй, жанчына знаходзілася ў становішчы стоя. Сядзець забаронена, інакш тэрмін знаходжання там павялічыцца. Клетка знаходзіцца на вуліцы, і ў яе можна трапіць у любы час, незалежна ад надвор'я. Жанчыны вымушаныя стаяць там падчас дажджу, пякучага сонца або марозу, часта да 3-4 гадзін. Калі зняволеная стаіць там да ночы, ёсць рызыка застацца без абеду. Кася Будзько, былая палітзняволеная, якая правяла 2,5 года ў жаночай калоніі за сваю прабеларускую пазіцыю, падзялілася рэальнасцю беларускай турмы. Там існуе мноства розных пакаранняў, якія прыніжаюць гонар і годнасць чалавека. Адным з найбольш жудасных з'яўляецца размяшчэнне палітвязняў у клетку. У сённяшняй Беларусі няцяжка трапіць за краты, дастаткова не падзяляць ідэі і каштоўнасці рэжыму Лукашэнкі. Аднак, што за злачынства трэба здзейсніць, каб патрапіць у клетку ўнутры клеткі? Туды змяшчаюць палітычных зняволеных, якія як-небудзь парушылі рэжым: напрыклад, у выпадку бойкі ці іншага «інцыдэнту». Гэты «інцыдэнт» мае на ўвазе пад сабой вялікі спектр дзеянняў. Туды адпраўляюць, калі ў кагосьці здарылася істэрыка або пры напісанні афіцыйнай паперы аб адмове ад працы. Па расказах былой палітвязні Дар'і Чульцовай, кожная жанчына ў калоніі ведае, што калі «нахаміць» «прадстаўнікам адміністрацыі», то ў той жа момант апынешся ў клетцы. Важна ўдакладніць, што пад хамствам разумеецца любы выраз свайго меркавання. Пры гэтым казаць груба або няветліва зусім не абавязкова. Трэба проста сказаць, што ты з чымсьці не згодны і пачаць прыводзіць довады. Нават такая дробязь, як няправільна прышыты гузік, становіцца прычынай зняволення ў клетку. Таксама туды могуць трапіць і ў прафілактычных мэтах, каб паказаць іншым, што гэтая жанчына нешта парушыла. Фактычна, не патрабуецца асаблівая прычына для размяшчэння чалавека ў клетку. Дастаткова дрэннага настрою ў супрацоўнікаў адміністрацыі турмы. Гэта паўсядзённая практыка, дзе прыніжэнне і парушэнне правоў чалавека сталі нормай. Клетка — не толькі фізічны, але і псіхалагічны гвалт, якому падвяргаюцца жанчыны, якія знаходзяцца там. Адміністрацыя турмы спецыяльна стварае найцяжэйшыя ўмовы для зняволеных. Памяшканне чалавека ў клетку супярэчыць міжнароднаму і нацыянальнаму праву. Згодна з матэрыяламі праваабарончага цэнтра «Вясна», парушаецца частка 2 артыкула 10 Крымінальна-выканаўчага кодэкса РБ, а таксама правілы 39 і 47 Дакумента аб мінімальных стандартных правілах ААН у дачыненні да абыходжання са зняволенымі (Законы Нэльсана Мандэлы). Парушаецца права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму альбо зневажальнаму годнасць абыходжанню і права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, якая ўласцівая чалавечай асобе. Стойкасць беларускіх жанчын дзівіць. Па расказах былой палітзняволенай, яна бачыла ў клетцы жанчыну, якая дэманстравала свой пратэст, знаходзячыся ўнутры, іншая — што дзяўчына, якая стаіць там, увесь час усміхалася. Нам усім трэба праяўляць такую ж стойкасць і паслядоўнасць у адстойванні свабоды кожнага палітычнага зняволенага. Важна памятаць, што ў Беларусі застаюцца больш за 1400 афіцыйна прызнаных палітвязняў і больш за 5000 чалавек, якія асуджаныя па палітычных артыкулах. Усе яны знаходзяцца ў нечалавечых умовах і кожны стойка змагаецца за сваё жыццё. «Гэта па-сапраўднаму жудасная навіна. Факт, што беларускіх жанчын падвяргаюць такім нечалавечым катаванням, з'яўляецца абуральным парушэннем усіх магчымых нормаў міжнароднага права і самых базавых правоў чалавека. Аб абуральных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі, павінны ведаць як мага больш людзей, а сам ён павінен панесці прамую адказнасць за ўсе гэтыя парушэнні. Наша каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення падрыхтавала сумесна з партнёрамі ўсе неабходныя матэрыялы для перадачы «сітуацыі ў Беларусі» ў Міжнародны крымінальны суд. Падстава — здзяйсненне Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі злачынстваў супраць чалавечнасці. Толькі з траўня 2020 па травень 2023 года ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці сталі не менш за 136 тысяч беларусаў (забойстваў, знікненняў, катаванняў, палітычна матываваных прысудаў і інш.). З Беларусі па дадзеных ААН прымусова дэпартавана не менш за 300 тысяч беларусаў, перш за ўсё ў Польшчу, Літву і Латвію. Гэта 3,5% насельніцтва Беларусі. На нядаўняй сустрэчы з Лукашэнкам у Астане на саміце ШАС генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш у твар выказаў тырану прынцыповую пазіцыю па пытанні спынення рэпрэсій у Беларусі. Звяртаюся да міністраў замежных спраў Польшчы, Літвы і Латвіі, як прадстаўнікоў найбольш дружалюбных беларускаму народу краін, прыняць рашэнне, праявіць волю і перадаць справу Лукашэнкі ў Міжнародны суд у Гаазе. Даўно настаў час прымяніць усе даступныя інструменты міжнароднага і нацыянальнага права, каб прыцягнуць дыктатара да адказнасці. Беларусы, мы ўсе разам працягваем змагацца за свабоду для еўрапейскага беларускага народа. Дэмакратыя ў Беларусі не пераможа датуль пакуль не наступіць адказнасць дыктатара і яго саўдзельнікаў» — падкрэсліў Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. У матэрыяле выкарыстаныя дадзеныя праваабарончага цэнтра «Вясна», лідар якога лаўрэат Нобелеўскай узнагароды свету Алесь Бяляцкі прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі і з'яўляецца палітычным вязнем.

  • Беларусь — адзін з галоўных выклікаў у рэгіёне

    Канферэнцыя ў Варшаве «Масты для беларусаў, муры для рэжыму» — адзначыў на варшаўскай канферэнцыі па Усходняй Еўропе намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага упраўлення Павел Латушка. У Варшаве адбылася канферэнцыя на тэму «Будучыня Беларусі: забыты фронт расійскай экспансіі», на якой абмяркоўваліся галоўныя выклікі нашага рэгіёна. На канферэнцыі прысутнічалі эксперты з Беларусі, Літвы, Польшчы, ЗША і Украіны. Павел Латушка прадставіў даныя аб палітычных рэпрэсіях у Беларусі. Колькасць афіцыйна прызнаных палітвязняў складае больш за 1400 чалавек. Паводле меркавання праваабаронцаў, рэальная колькасць палітвязняў можа быць у тры, а то і ў чатыры разы большая. У кантэксце рэгіянальнай бяспекі Павел Латушка паказаў, як Лукашэнка працягвае разбураць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. Так званая «інтэграцыя» з Расіяй у межах Саюзнай дзяржавы набліжаецца да крытычнага ўзроўню. Палітычны і вайсковы кантроль над Беларуссю ўсё больш перадаецца ў рукі Расіі, ад рэсурсаў якой зараз поўнасцю залежыць існаванне яго рэжыму. Кіраўнік НАУ таксама назваў галоўныя памылкі ў падыходзе заходніх краін адносна рэжыму Лукашэнкі. Стратэгія «не злаваць дзеда», не ціснуць на Лукашэнку, з’яўляецца бессэнсоўнай. Яна прывяла нас у кропку крытычнай сітуацыі як унутры Беларусі, так і на межах з Украінай і ЕС. Лукашэнка ўжо зрабіў практычна ўсё, на што яго баяліся справакаваць. Найбольшую колькасць пагроз ён стварыў менавіта у той перыяд, калі яго практычна не чапалі. Баючыся «заштурхаць Лукашэнку ў абдымкі Расіі», Захад у выніку проста назірае за абдымкамі Пуціна і Лукашэнкі. Павел Латушка на канферэнцыі запрапанаваў канкрэтныя крокі па падтрымцы беларусаў: візавая падтрымка для беларусаў, каб умацоўваць, а не разбураць нашыя сувязі з Еўропай і Захадам; неабходнасць павелічэння падтрымкі незалежных СМІ і дэмакратычных інстытутаў, без якіх немагчыма разлічваць на еўрапейскую дэмакратычную Беларусь; сціранне «чырвоных ліній» адносна Лукашэнкі, якія ён даўно перайшоў, — гарманізацыя санкцый адносна яго рэжыму і Расіі, выдача ордэра на арышт Лукашэнкі. «Большасць беларусаў па-ранейшаму выступае за дэмакратыю і супраць вайны. Менавіта падтрымка беларусаў, узмацненне іх суб'ектнасці — гэта тое, што павінна быць асновай стратэгіі па Беларусі. А значыць, неабходна ўмацоўваць, а не разбураць сувязі беларусаў з Еўропай, з Захадам» — скончыў свой выступ Павел Латушка.

  • Медыцына пры дыктатуры

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол За 2023 год у краіне колькасць лекараў рэзка скарацілася на 7 тысяч. Пры гэтым маніпуляцыі з лічбамі па колькасці практыкуючых урачоў рэжым Лукашэнкі пачаў актыўна ажыццяўляць з 2020 года, гэта значыць з моманту пандэміі. А мэтай такіх маніпуляцый быў падман міжнародных арганізацый, якія вылучалі грошы на праекты Міністэрства аховы здароўя. У чэрвені ў Беларусі святкаваўся Дзень медыцынскага работніка. Гэта прафесійнае свята прысвечана людзям, якія выбралі няпросты шлях — дапамагаць хворым, дарыць надзею на выздараўленне і ратаваць жыцці. 12 чэрвеня 2024 года адбылося «ўрачыстае» мерапрыемства, прысвечанае 105-годдзю сістэмы айчыннай аховы здароўя і Дню медыцынскіх работнікаў. Качанава павіншавала медыкаў у Палацы Рэспублікі, падкрэсліўшы, што ў нашай краіне надаецца пільная ўвага сістэме аховы здароўя і агучыла шэраг стандартных крывадушных і цынічных заяў. Качанава заявіла, што ахова здароўя — «гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Выдзяляецца фінансаванне, будуюцца новыя медыцынскія і рэканструююцца дзеючыя ўстановы, набываецца новае сучаснае абсталяванне, на нашых прадпрыемствах выпускаюцца новыя фармпрэпараты, установы адукацыі штогод рыхтуюць спецыялістаў для галіны аховы здароўя». А што ў рэальнасці? Паводле дадзеных Белстата, колькасць арганізацый аховы здароўя з 1990 па 2023 гады зменшылася з 874 да 569. Пры гэтым падлічыць колькасць бальнічных ложкаў за гэты перыяд немагчыма, паколькі Белстат не публікуе гэтыя дадзеныя ўжо некалькі гадоў. Але не складана выказаць здагадку, што колькасць бальнічных ложкаў істотна зменшылася. Усё часцей беларусы сутыкаюцца з сітуацыяй, калі медыцынскія пункты ў невялікіх вёсках і пасёлках і зусім зачыняюцца. Жыхары вёсак застаюцца без магчымасці аператыўна атрымаць медыцынскую кансультацыю, зрабіць просты лабараторны аналіз, вымераць ціск, праверыць сэрца і лёгкія. Закрыццё бальніц і медыцынскіх пунктаў прыводзіць да пагаршэння даступнасці медыцынскай дапамогі. Жыхарам асабліва аддаленых населеных пунктаў даводзіцца пераадольваць вялікія адлегласці для атрымання медыцынскіх паслуг, што асабліва цяжка для пажылых і малазабяспечаных грамадзян. Без рэгулярнага медыцынскага назірання павялічваецца рызыка абвастрэння хранічных захворванняў і несвоечасовага выяўлення новых хвароб. Але хіба гэта цікавіць чыноўнікаў, якія падтакваюць Лукашэнку, і яго самога? Дыхтоўную і якасную медыцыну для сябе, шайка, якая незаконна захапіла ўладу, забяспечыла. А факты і лічбы рэальнай захворвальнасці і смяротнасці яны хавалі і працягваюць хаваць. Жыццё і здароўе насельніцтва краіны іх не цікавіць і не будзе цікавіць.

  • Лукашэнка выконвае ўльтыматум Польшчы

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Апошнім часам мы назіраем зніжэнне колькасці спробаў перасячэння мяжы нелегальнымі мігрантамі з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу, а таксама ў Літву і Латвію. Польшча, як мы ведаем, вылучыла ўльтыматум рэжыму Лукашэнкі. Фактычна гэта агучыў міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі ў нядзелю 23 чэрвеня. Лукашэнка падпарадкаваўся? Дадатковым аргументам стала абмеркаванне гэтай тэмы прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам падчас яго візіту ў Кітай. Пекін адрэагаваў і апублікаваў прэс-рэліз, у якім заклікаў бакі сесці за стол перамоваў. Пакінем за дужкамі, чаму тут не патрэбныя перамовы. Тут патрэбная аднабаковая адмова рэжыму Лукашэнкі ад дэстабілізацыі сітуацыі на мяжы. Аднак, гэта своеасаблівы падыход кітайскай дыпламатыі, які фактычна значыць, што Кітай вельмі незадаволены. Паводле нашай інфармацыі, Лукашэнка двойчы склікаў нарады, а таксама Раду бяспекі, дзе ацэньваліся фінансава-эканамічныя рызыкі ў выпадку закрыцця памежных пераходаў з краінамі ЕС. Дарэчы, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі апублікаваў твіт, спасылаючыся на мой каментар выданню «Факты», у якім гаворыцца, што мы падтрымліваем максімальна жорсткі ціск на Лукашэнку праз закрыццё памежных пераходаў для гандлю. Адначасова мы на ўсіх магчымых узроўнях, уключаючы МЗС Польшчы і польскія СМІ, заклікаем не закрываць магчымасці выезду для грамадзян Беларусі ў ЕС. Гэта наш падыход. Мне здаецца, што ў цяперашні час складваецца досыць цікавая сітуацыя. У кароткатэрміновай перспектыве можа быць нават гістарычная магчымасць націснуць на Лукашэнку. Прымусіць яго не толькі спыніць міграцыйную вайну, але таксама дамагчыся свабоды для шэрагу палітвязняў. Лепш сотняў, а лепш і ўсіх. Давайце ацэнім, якія наступствы для рэжыму Лукашэнкі будуць, калі ён не спыніць міграцыйную вайну. Бо падобна, у яго не застаецца іншага выбару, акрамя як саступіць. Страты ад закрыцця мяжы з ЕС 1. Цяпер доля ЕС у структуры знешнегандлёвага абароту Беларусі складае каля 5,8 млрд. долараў ЗША. Пастаўкі з Беларусі ў ЕС у 2023 годзе склалі 1,4 млрд еўраў (1,5 млрд даляраў ЗША). Беларусь у тым жа годзе імпартавала з ЕС на суму каля 4 млрд. еўра (4,3 млрд. долараў ЗША). 2. Не менш істотнымі чым прамыя страты для ўнутранага рынку Беларусі, будуць страты за кошт знікнення транзіту. Напрыклад, па дадзеных супольнасці чыгуначнікаў Беларусі ад страты транзіту толькі Беларуская чыгунка можа страціць каля 280 млн.даляраў ЗША. А калі падсумаваць страты ўсёй транспартнай галіны, то гэта будуць такі ўдар ад якога яна яшчэ доўга не зможа акрыяць. Праз Беларусь праходзіць, у пераважнай перавазе па чыгунцы, каля 4% кітайскага экспарту ў ЕС. Прычым часцяком гэта найбольш адчувальны экспарт па прычыне таго, што чыгуначныя зносіны, нягледзячы на тое, што з'яўляецца больш дарагім, да цяперашняга часу з'яўляецца адным з самых хуткіх (хутчэй толькі авіязносіны, якое ахоплівае нязначную долю рынку). Страта гэтага транзітнага шляху можа сур'ёзна нашкодзіць гандлю Кітая з Еўропай. Тым больш, што пасля падзення транзітнага таварапатоку з-за лакдаўна ў сувязі з эпідэміяй кавіда, а таксама з пачаткам расійскай агрэсіі ва Украіне, аб'ёмы перамяшчаных тавараў на чыгуначным шляху паміж Кітаем і Еўропай праз Беларусь зноў пачалі расці. Так, польскі чыгуначны тэрмінал Малашэвічы на мяжы з Беларуссю прадэманстраваў у першым квартале 2024 года павелічэнне праходжання тавараў амаль на 50% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Праз закрыццё мяжы акрамя цяжкасцяў для Кітая таксама і Расія не зможа хутка атрымліваць падсанкцыйныя тавары з Еўропы праз Беларусь, якія ёй па-ранейшаму ўдаецца здабываць альбо дзякуючы розніцы гандлёвых санкцый з Беларуссю, альбо з дапамогай схем так званага «фальшывага транзіту», калі падсанкцыйныя тавары пад выглядам следуемых у або з Азіі асядаюць у Расеі ці Беларусі. Акрамя чыгуначнага можа быць перакрыты і асноўны канал для грузавога аўтамабільнага транспарту. Менавіта пераход для грузавых аўтамабіляў «Казловічы» на мяжы з Польшчай з'яўляюцца асноўнымі варотамі з ЕС для дастаўкі грузаў у абодва бакі. Напрыклад, па стане на 24 чэрвеня гэтага года, праз «Казловічы» праехала 773 фуры ў адзін бок. У той жа час праз «Беняконі» толькі 98, «Каменны Лог» — 49, «Рыгораўшчыну» — 63. Разам праз усе пераходы на мяжы з Літвой і Латвіяй — 210 велікагрузаў. Ускосным эфектам закрыцця мяжы стануць таксама праблемы з кантрабандай, з дапамогай якой узбагачаюцца рэжым Лукашэнкі і афіляваныя з ім ценявыя структуры. Агульная сума выяўленай кантрабанды на ўсходняй мяжы Польшчы ў 2023 годзе склала амаль 50 млн злотых (11,6 млн еўра). Ільвіная доля ад гэтай сумы прыпадае на Беларусь. Польскія памежнікі і супрацоўнікі іншых службаў летась канфіскавалі нелегальна ўвезеных з Беларусі тавараў на суму 30 млн злотых (крыху менш за 7 млн еўраў). Дыктатары разумеюць толькі мову сілы Факт таго, што Польшча заняла жорсткую пазіцыю, і Кітай уключыўся ў гэты працэс, паказвае, што Лукашэнка павінен саступаць. Ён саступіць. Калі не саступіць, ён фактычна будзе секчы сук, на якім сядзіць. Сітуацыя патрабуе ад Лукашэнкі сур'ёзных рашэнняў. Калі ён не пойдзе на кампрамісы, эканамічныя і палітычныя наступствы могуць стаць катастрафічнымі для яго рэжыму.

  • Дзень залежнасці?

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Ці можаце вы сабе ўявіць незалежную Беларусь, па сталіцы якой у Дзень незалежнасці маршыравалі б чужыя войскі? Напэўна, не. Але вось па Мінску маршыруюць расійскія салдаты з расійскімі трыкалорамі і спяваюць «За намі Расія!» Яны што, заблукалі? Не ведаюць геаграфіі? Не разумеюць, дзе яны знаходзяцца? Не, яны ўсё выдатна разумеюць. І ніякай незалежнай Беларусі ў іх разуменні проста не існуе. Ну і як вам такі «Дзень незалежнасці»? Незалежнасці ад каго? Ад саміх беларусаў? І што на гэта скажа праславуты «гарант суверэнітэту» па прозвішчы Лукашэнка? Той самы, які ў Палацы Рэспублікі стаяў і распавядаў пра беларускую дзяржаўнасць, сувэрэнітэт, нацыянальную бяспеку. Гэта значыць салдаты краіны, якая прама цяпер вядзе супраць Украіны вайну, мэтай якой з'яўляецца знішчэнне Украіны як дзяржавы — яны маршыруюць па нашай сталіцы ў інтарэсах нашай нацыянальнай бяспекі? Можа быць у інтарэсах нашай нацыянальнай бяспекі было ўварванне расійскага войска ва Украіну з Беларусі? Знішчэнне суседняй дзяржавы — у інтарэсах нашай незалежнасці? А расійская ядзерная зброя ў нас у краіне — гэта прыкмета нашага моцнага суверэнітэту? Дык можа быць сёлета Лукашэнка ўжо проста зменіць назву свайго свята — на «Дзень незалежнасці Саюзнай дзяржавы»? Бо інакш расійскіх жаўнераў, якія маршыруюць на беларускім парадзе пад лозунгам «За намі Расія», калоны расійскай тэхнікі з георгіеўскімі стужкамі і расійскімі трыкалорамі — яму няма чым апраўдаць. Ён кажа пра выбар беларускага народа, але беларускі народ не рабіў такога выбару. А праўда ў тым, што калі Лукашэнка кажа пра важнасць суверэнітэту і незалежнасці — ён хлусіць. І чым часцей ён ужывае гэтае слова, тым больш відавочнай становіцца гэтая хлусня. І тым менш гэтага самага суверэнітэту ў Беларусі застаецца.

  • Прадстаўнікі спорту рэжыму Лукашэнкі не прайшлі кваліфікацыю на Алімпійскія гульні

    Дасье на 179 спартоўцаў рэжыму Лукашэнкі, афіляваных з ваеннымі або сілавымі структурамі, былі падрыхтаваныя ў 2023 годзе камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і перададзеныя ў адрас міжнародных партнёраў. У бягучы момант вядома, што частка з іх не прайшла кваліфікацыю на Алімпійскія гульні ў Парыжы. У снежні 2023 года выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) устанавіў строгія ўмовы допуску для ўдзелу беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы. У сакавіку 2024 года выканкам МАК стварыў індывідуальную нейтральную групу па праверцы адпаведнасці спартсменаў кваліфікацыйным патрабаванням (AINERP). Група AINERP правярае адпаведнасць спартсменаў з расійскім ці беларускім пашпартам да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года на аснове рашэнняў выканкама МАК і ўстаноўленых прынцыпаў. У сваёй працы група выкарыстоўвае інфармацыю з розных крыніц, уключаючы афіцыйныя спісы спартоўцаў, звязаных з ваеннымі і сілавымі структурамі ў Беларусі. У адпаведнасці з заяўленымі правіламі праверкі, не ўсе спартоўцы былі прызнаныя адпавядаючымі патрабаванням і запрошаны да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне прадаставіла інфармацыю пра беларускіх спартсменаў, якія маюць сувязь з ваеннымі структурамі, уключаючы, напрыклад, лідараў каманды па барацьбе, такіх як Ірына Курачкіна і Ванэса Каладзінская. Спіс спартсменаў будзе абнаўляцца ў адпаведнасці з рашэннямі AINERP. «Стварэнне спецыяльнай групы па верыфікацыі спартоўцаў на адпаведнасць крытэрам МАК і адмова ў допуску на Алімпіяду ў Парыжы беларускіх спартоўцаў, звязаных з ваеннымі структурамі, з'яўляецца важным крокам да падтрымання спорту, свабоднага ад палітычных маніпуляцый. Барацьба за алімпійскія каштоўнасці, якую вядуць свабодныя спартоўцы, не павінна быць марнай», — адзначыў намеснік кіраўніцы АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

  • Стварэнне тэатральнай прасторы для беларускіх творцаў у Польшчы

    «Цяпер ідуць перамовы аб стварэнні прасторы, якая дасць магчымасць развіваць сваю дзейнасць творцам, якія займаюцца тэатральнай творчасцю і прадстаўляюць нацыянальныя меншасці», — адзначана ў лісце Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ў адказ на зварот Паўла Латушкі ў адрас міністра культуры Польшчы і ў працяг сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з намесніцай міністра культуры Польшчы Мартай Цінькоўскай, якая адбылася ў траўні бягучага года. Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы нагадвае, што артысты з Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы, могуць прымаць удзел у праграмах, якія рэалізуе Тэатральны інстытут. Сярод іх, напрыклад, Przestrzenie Sztuki (у супрацоўніцтве з адным з аператараў праграм альбо OFF Polska) ці Lato w teatrze (у супрацоўніцтве з установай культуры ці грамадскай арганізацыяй). Важнай прапановай для беларускіх творцаў з'яўляецца ўдзел у праграме Gaude Polonia, якую рэалізоўвае Нацыянальны цэнтр культуры. Праграма служыць для пабудовы паразумення і добрых кантактаў у галіне культурнага супрацоўніцтва паміж Польшчай і яе блізкімі суседзямі. На паўгадавую стыпендыю ў Польшчы могуць прэтэндаваць творцы, якія прадстаўляюць наступныя сферы: кіно, фатаграфія, захаванне помнікаў, літаратура, пераклад, музыка, выяўленчае мастацтва, тэатр, тэатральная і кінакрытыка. Стыпендыяты працуюць пад кіраўніцтвам выбітных польскіх мастакоў, звязаных з акадэмічнымі цэнтрамі і мастацкімі коламі Польшчы. «У дачыненні да прадстаўнікоў беларускай культуры ў Беларусі не спыняюцца шырокамаштабныя рэпрэсіі. Па дадзеных Беларускага ПЭН-цэнтра, толькі ў 2023 годзе адбылося 1097 парушэнняў у дачыненні да 605 дзеячаў культуры, 163 парушэнні ў дачыненні да 147 арганізацый і супольнасцей, 57 парушэнняў у дачыненні да аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і беларускай мовы. Многія беларускія дзеячы культуры былі вымушаны пакінуць Беларусь і сёння ім патрабуецца падтрымка. Мы працягнем падтрымліваць дзейнасць Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і сумесна з Прадстаўніцтвам працягваць працу па лабіяванні інтарэсаў беларускіх дзеячаў культуры, якія вымушана знаходзяцца за мяжой», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

  • Лукашэнка прыдумаў, як працаўладкаваць беларусаў на пенсіі

    Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан у эфіры канала «6TV Biełaruś» выказаў меркаванне, што новыя матэрыяльныя стымулы для пенсіянераў, пра якія заявіў Лукашэнка — спроба зрабіць для сваіх цёплыя месцы. Як гэта будзе? Размеркаванне вайсковых пенсіянераў, былых чыноўнікаў на пасады намеснікаў па бяспецы, ідэалагічнай працы, на месцы, дзе не трэба штосьці рабіць — туды пасадзяць сваіх людзей. А знайсці рукі туды, дзе сапраўды трэба працаваць — не атрымаецца. А такіх вакансіяў усё больш. Гэта будзе сапраўдны «стрэл у нагу». На тых працоўных месцах, на якія яны хочуць знайсці сталых людзей, пенсіянерам будзе складана працаваць. Такія стымулы — гэта проста тэзісы новай перадвыбарчай кампаніі Такую задачу далі прафсаюзам і не проста так. Сам Лукашэнка называў іх самай вялікай палітычнай партыяй. Гэта азначае, што выкарыстоўваць прафсаюзы будуць як палітычны інструмент. Калі раней яны збіралі подпісы на прадпрыемствах абы як, то цяпер будзе сапраўдная праверка на лаяльнасць. На лаяльнасць перад выбарамі. Нацыянальная канцэпцыя па-лукашэнкаўскі Гэта таксама крок да выбарчай кампаніі. Як мы ўсе ведаем, Лукашэнка — элітны баец інфармацыйна-псіхалагічных аперацый. Мядведзеў — баец у Telegram, а ёсць больш элітны, які адкрыта праводзіць вучэнні, робіць заявы пра падрыхтаванасць да ўсяго. І гэта працуе на Захад. Лукашэнка штосьці кажа скандальнае пра пагрозы, заходнія палітыкі і СМІ абмяркоўваюць, а краіны пачынаюць рэагаваць.

  • Узброены канфлікт паміж Расіяй і Украінай на тэрыторыі Беларусі

    28 чэрвеня Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што з турмы рэжыму Лукашэнкі на волю выйшлі грамадзяне Украіны, некаторыя з якіх раней былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Экспертнае меркаванне НАУ аб юрыдычных аспектах дадзенага працэсу Нягледзячы на тое, што Беларусь ажыццявіла акт агрэсіі супраць Украіны, яна тым не менш юрыдычна не з'яўляецца ўдзельнікам узброенага канфлікту. Умовы для прызнання дзяржавы ўдзельнікам узброенага канфлікту ўтрымліваюцца ў артыкуле 2 агульных для ўсіх Жэнеўскіх канвенцый 1949 года. Гэтыя ўмовы для Беларусі не выконваюцца. Калі абмен адбыўся па правілах чацвёртай Жэнеўскай Канвенцыі 1949 года, то гэта значыць, што бакамі такога абмену выступалі Расія і Украіна, паміж якімі і існуе міжнародны ўзброены канфлікт. Гэта азначае, што вернутыя Украіне грамадзянскія асобы, якія былі затрыманыя ў Беларусі, дэ-юрэ былі перададзеныя ў распараджэнне Расіі і фактычна разглядаліся як інтэрнаваныя асобы ў адпаведнасці з палажэннямі артыкулаў 41, 42, 43, 68 і 78 IV-й Жэнеўскай канвенцыі 1949 года. Украіна і Расія ўжо мелі багаты досвед абмену ваеннапалонных і інтэрнаваных грамадзянскіх асоб. Гэта адзін з такіх выпадкаў. Беларусь юрыдычна знаходзіцца па-за гэтым працэсам і не можа быць яго ўдзельнікам. І таму, няглядзечы на тое, што Беларусь не з’яўляецца ўдзельнікам узброеннага канфлікту, тым не менш сцверджанне аб тым, што ён «мае месца на тэрыторыі Беларусі паміж Украінай і Расіяй» з'яўляецца верным.

bottom of page