top of page

Інфармацыйны пункт для беларускага бізнесу ў Гожуве-Велькапольскім


14 верасня ў Гожуве-Велькапольскім адкрыўся інфармацыйна-кансультацыйны пункт для беларускага бізнесу. На адкрыцці выступіў намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Адно з пытанняў, якія абмяркоўваліся падчас паездкі Паўла Латушкі ў Гожув-Велькапольскі ў чэрвені гэтага года, гэта наладжванне сувязяў паміж мясцовымі ўладамі і прадпрымальнікамі з аднаго боку, і прадстаўнікамі беларускага бізнэсу з другога, з мэтай інфармавання апошніх аб праграмах падтрымкі і правілах вядзення бізнесу. Таксама выказвалася ідэя стварэння адзінай крыніцы інфармацыі па гэтай праблематыцы, а таксама адукацыйнай і кансультацыйнай службы. Гэта значна спрасціла б дзейнасць беларускіх прадпрымальнікаў і рамеснікаў.

І вось зараз такі інфармацыйна-кансультацыйны цэнтр створаны ў Любускім ваяводстве. Мяркуем, што гэта можа стаць добрым прыкладам для іншых рэгіёнаў Польшчы. Гэты цэнтр стане месцам прыцягнення актыўных беларусаў, якія будуць імкнуцца пачаць або працягнуць сваю справу менавіта ў гэтым заходнім ваяводстве Польшчы.

Свой выступ Павел Латушка пачаў з урыўка рамана «Над Нёманам» выбітнай польскай пісьменніцы, ураджэнкі Беларусі Элізы Ажэшкі. Дзеянні рамана разгортваюцца пасля падаўлення агульнага для палякаў і беларусаў студзеньскага паўстання 1863 года. Царскія ўлады пераследавалі паўстанцаў, змагаліся з мясцовай культурай і рэлігіяй, прымалі дыскрымінацыйнае заканадаўства да мясцовых ураджэнцаў, пазбаўлялі іх уласнасці і вымушалі пакінуць родныя краі.

Праз 160 гадоў беларусы зноў сутыкнуліся з падобнай праблемай. Каля 500 тысяч нашых грамадзян з-за рэпрэсій і пераследу вымушаны пакінуць радзіму, тысячы беларусаў сядзяць у зняволенні па палітычных матывах, карныя нелегітымныя ўлады рыхтуюцца пазбаўляць беларусаў грамадзянства і ўласнасці. Большасць беларусаў, якія пакінулі краіну, апынуліся ў Польшчы. Яны хочуць легальна працаваць, вучыцца, выплачваць падаткі, развіваць сваю справу і рабіць свой унёсак у эканамічнае развіццё Польшчы, якая адкрытая для выхадцаў з Беларусі.

Толькі у рамках праграмы «Poland Business Harbour» пачынаючы са жніўня 2020 года беларусам было выдадзена больш за 113 тысяч віз. Цяпер ідзе размова аб пашырэнні гэтай візавай праграмы на іншыя віды дзейнасці акрамя сферы IT. Ужо зараз беларускія прадпрымальнікі і рамеснікі ўносяць свой уклад у польскую эканоміку (у тым ліку ў выглядзе павелічэння падатковых паступленняў, стварэння новых працоўных месцаў).

Беларускі бізнес летась устанавіў гістарычны рэкорд па новых рэгістрацыях у Польшчы — колькасць ізноў адкрытых кампаній, у якіх адным з заснавальнікаў з'яўляецца юрыдычная або фізічная асоба з Беларусі, у параўнанні з 2021 годам падвоілася. Усяго на тэрыторыі Польшчы на пачатак 2023 года дзейнічала 4980 бізнэсаў, якія належаць кампаніям і грамадзянам з Беларусі.

Пры гэтым са студзеня 2022 года па канец чэрвеня 2023 года амаль 12 тысяч грамадзян Беларусі зарэгістраваліся ў Польшчы ў статусе індывідуальных прадпрымальнікаў. Таксама расце і агульная колькасць беларускіх грамадзян, якія працуюць у Польшчы. У ліпені гэтага года ў Польшчы ў фонд сацыяльнага страхавання ўносілі ўнёскі 122,7 тысячы беларусаў. Студэнты з Беларусі таксама ўваходзяць у Польшчы ў тройку найбуйнейшых груп замежнікаў, якія навучаюцца ва ўніверсітэтах краіны.

У той самы час агульная сітуацыя ў Беларусі, як у цэлым у краіне, так і для беларускага бізнэсу ў прыватнасці, толькі пагаршаецца. Колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў за 2022 год у Беларусі скарацілася на 4,2%. Іх колькасць знізілася за мінулы год ва ўсіх рэгіёнах і сталіцы. Апроч беларускага бізнэсу ў Беларусі пакутуе і замежны капітал.

Напрыклад, да бізнэсу з Польшчы, таксама як і бізнэсу з іншых еўрапейскіх краін, рэжым Лукашэнкі ставіцца як да бізнэсу з «недружалюбных» дзяржаў. Колькасць кампаній з польскім капіталам на працягу апошніх чатырох гадоў няўхільна скарачалася (2019 г. – 345 кампаній, 2020 г. – 328, 2021 г. – 322, 2022 г. – 303).

Нелегітымныя беларускія ўлады забаранілі кампаніям з замежным капіталам, у тым ліку польскім, прадаваць акцыі і долі ў Беларусі.

Таму капітал сыходзіць з Беларусі і шукае надзейную гавань для інвестыцый і развіцця бізнесу. І такой гаванню можа стаць Любускае ваяводства.


Comments


bottom of page