Нажаль да гісторыі нашай роднай Беларусі гэты выраз мае самае непасрэднае дачыненне. І прычына гэтаму — усходні сусед, якога мы не абіралі і які ніколі ў гісторыі ня быў нам ані братам, ані сябрам. І ніколі ў гісторыі не вызнаваў ані нашую краіну, ані яе народ самастойнымі і незалежнымі. Наадварот, напряцягу ўсёй нашай гісторыі Расея імкнулася акупаваць, асіміляваць і замураваць нас у сваёй імперыі.
І сёння гісторыя паўтараецца. Усходняя імперыя толькі мяняе свае назвы, але не мяняя сваёй захопніцкай сутнасці.
А нашая родная Беларусь у чарговы раз становіцца яе ахвяраю. І ў чарговы раз аказваецца перад пагрозай катастрофы. Бо катастрофы — гуманітарныя, ваенныя, тэхнагенныя — гэта тое, што мы стабільна атрымлівалі ад усходняй імперыі.
Больш за 30 год таму мы ў чарговы раз атрымалі гістарычны шанец вырвацца з абдымкаў Расеі, атрымаць сапраўдную незалежнасць і аднавіцца як самастойны народ і самастойная беларуская нацыя.
Але й тады тое, што заставалася ад тагачаснай імперыі пад назвай СССР, вынайшла спосаб захаваць Беларусь у сферы свайго ўплыву. Імя гэтаму спосабу — пра-расейскі рэжым Лукашэнкі, «гістарычнай роляй» якога ад самага пачатку было знішчэнне суверэнітэту Беларусі і вяртанне яе ў каланізаваны, а сёння мы ўжо можам казаць — акупаваны стан.
Мы вырваліся з лапаў імперыі — і фактычна зноў у яе вяртаемся. Рукамі «губернатара» па прозвішчу Лукашэнка. Які гэтаксама, як у свой час такі ж кат, губернатар Мураўёў-вешальнік, крывёю задушыў выступ беларусаў супраць тыраніі. А пасля – пераўтварыў Беларусь у расейскі ваенны палігон.
Так, магчыма падзеі 2020-га году складана назваць антыімперскім паўстаннем. Але гледзячы на іх рэтраспектыўна — становіцца зразумелым, чаму пратэсты 2020-га году былі так жорстка задушаныя пры поўнай падтрымцы Расіі.
Бо выходзячы на акцыі пратэсту і на маршы мы неслі над галовамі свае сапраўдныя нацыянальныя сымбалі. Бо нават праз стагоддзі расейскага прыгнету мы не забыліся пра наш сцяг, на якім чырвоным па белым напісаная гісторыя нашага змагання і нашых пакутаў, нашай прагі да свабоды і незалежнасці. А разам з тым кроў нашых папярэднікаў — а зараз і сучаснікаў — аддаўшых жыццё за вольную Беларусь.
На ім напісаныя імены лідараў паўстанняў і растраляных паэтаў. А цяпер і новыя імёны — імёны мірных пратэстоўцаў і пазыўныя ваяроў-добраахвотнікаў.
Гісторыя паўтараецца і зноў цягне нас у імперыю, якая прынесла нашай краіне страшэнныя масавыя рэпрэсіі і амаль што цалкам знішчыла нацыянальную эліту. Імперыю, якая прынесла нам Курапаты і пад крылом якой сёння той тэрор паўтараецца зноў. Бо сёння ў турмах зноў знішчаецца нашая эліта, зноў знішчаецца ўсё нацыянальнае.
І пад назвай «Саюзная дзяржава» рукамі «губернатара» Лукашэнкі на беларускай зямлі аднаўляецца тая імперыя, якая ў 1986 годзе прынесла нам Чарнобыльскую катастрофу. А сёння — хоча паўтарыць яе, намаляваўшы на нашай краіне ядзерную мішэнь.
Гэтая імперыя спрабуе аднавіцца ў пажары вайны супраць Украіны, у якую рукамі Лукашэнкі ўцягнутая акупаванная Беларусь. І пажар гэтай вайны у любы момант можа перакінуцца на нашую Радзіму. Дый ня проста пажар — а пажар ядзерны, бо менавіта такія рызыкі стварае для Беларусі размяшчэнне расейскай ядзернай зброі, аб якой увесь час сваёй тыраніі марыў «губернатар» Лукашэнка.
Гісторыя паўтараецца на нашых вачах. Але ж ці згодныя мы быць проста назіральнікамі, выдатна памятаючы наступствы Чарнобылю, выдатна памятаючы тую катастрофу? Ці згодныя мы пераўтварыцца ў ядзерную мішэнь, разумеючы магчымыя наступствы дзеянняў Лукашэнкі ды ягоных крамлёўскіх гаспадароў? Няўжо Беларусь дрэнна вывучыла ядзерны ўрок Чарнобылю? Дык хіба ж мы хочам яго паўтарыць?
Веру, што не. І менавіта таму заклікаю – кажыце праўду. Кажыце «Не!» ядзернай зброі. Кажыце «не!» дыктатуры і кажыце «не!» любым саюзам з Расеяй. Будзе гучнымі. Будзьце рашучымі і адказнымі за лёс Радзімы, як бы далека ад яе мы не знаходзіліся зараз.
Бо ўсе мы — беларусы і беларускі. Усе мы – адзін народ. І калі ўнутры краіны голас народу сёння душыць расейская марыянетка Лукашэнка — то мы, беларусы замежжа, мусім быць яшчэ больш гучнейшымі звонку. Натхняць беларусаў унутры Беларусі і дэманстраваць ўсяму свету, што мы супраць расейскай вайны, супраць ядзернай зброі, супраць Лукашэнкі і супраць імперыі.
Таму сёння мы кажам: «не!» дыктатуры, «не» «рускаму свету» і «не!» другому Чарнобылю! Гісторыя не павінна больш паўтарыцца, гісторыю Беларусі павінны пісаць мы — беларускі і беларусы! Час дзейнічаць!
Жыве Беларусь!
Comments