top of page

Як перамагчы ў вайне за Беларусь?


Тэзісы выступу Паўла Латушкі на панэлі «Заходні свет у адносінах да Беларусі — што пайшло не так?»на XXXII Эканамічным форуме ў Карпачы

Ёсць вядомы выраз: «Адзінае, што патрэбна для трыюмфу зла — гэта каб добрыя людзі нічога не рабілі».

І няма нічога больш згубнага для бяздзейнасці добрых людзей, чым памылка, што нешта знаходзіцца па-за сферай іх уплыву, а з'яўляецца сферай уплыву зла.

Але зло не павінна мець сфераў уплыву.

І аніводная краіна ў свеце не павінна быць сферай уплыву зла. Незалежныя, свабодалюбівыя народы і краіны не могуць і не павінны лічыцца сферай уплыву зла пад назвай «рускі свет». Але менавіта гэта доўгі час адбывалася з Беларуссю, якая занадта доўга лічылася сферай уплыву Расіі сярод нашых заходніх партнёраў.

І гэта і ёсць адказ на пытанне «што пайшло не так у адносінах Захаду да Беларусі». А сёння мы бачым жудасныя наступствы гэтай памылкі.

Бо прама зараз у цэнтры Еўропы ідзе не адна, а адразу дзве вайны, развязаныя Расіяй. Вайна Расіі супраць незалежнай еўрапейскай Украіны. І вайна Расіі супраць незалежнай еўрапейскай Беларусі. І ў абедзвюх войнах нелегітымныя ўлады Беларусі б'юцца супраць Украіны і супраць Беларусі, б'юцца за Расію.

Але ёсць тыя, хто б'ецца за Беларусь замест іх.

Гэта беларускія дэмакратычныя сілы, гэта Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Гэта беларускія добраахвотніцкія фармаванні ва Украіне.

І таксама, як Украіне, нам патрэбныя рашучыя пра-актыўныя саюзнікі, якія маюць стратэгію. Бо дагэтуль, будзем шчырымі, пра-актыўнай стратэгіі ў нас не было.

Так, на нашай тэрыторыі зараз не ідзе баявых дзеянняў і таму я не прашу ў вас Хаймарсы, Леапарды ці знішчальнікі F-16.

Захоп Беларусі Расіяй ажыццяўляецца інакш. Гэта гібрыдная акупацыя, на якую Расея вытрачае вялізарныя рэсурсы.

Расія вытрачае мільярды на ўтрыманне ва ўладзе марыянеткавага рэжыму Лукашэнкі, на забеспячэнне яго масавых рэпрэсій, на рэалізацыю інтэграцыйных праграмаў так званай Саюзнай дзяржавы — неасавецкага праекта Расіі па паглынанню Беларусі. На выкараненне нацыянальнай свядомасці і ідэалагічную перапрашыўку беларусаў у духу ідэй рашызму і «рускага свету». На размяшчэнне ядравай зброі і бясконцыя ваенные вучэнні на нашай тэрыторыі.

Расія сёння — адзіная краіна, у якой ёсць стратэгія ў дачыненні да Беларусі.

Гэта стратэгія паглынання Беларусі ў рамках праекта Саюзнай дзяржавы і яе растварэння ў «рускім свеце». Правадніком гэтай стратэгіі, інструментам яе рэалізацыі з'яўляецца марыянеткавы рэжым Лукашэнкі.

Ён даказаў гэта, стаўшы саўдзельнікам вайны супраць Украіны ў 2022 годзе і працягвае даказваць гэта сёння, удзельнічаючы ў ваенных злачынствах Расіі, у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, размяшчаючы ў Беларусі расійскую ядравую зброю і наймітаў ПВК Вагнер. І знішчаючы ўсё беларускае.

І ўсё ж — мы, беларусы, да гэтага часу не здаліся.

«Вайна міроў» у Беларусі — вайна «рускага міру» супраць свету дэмакратычнага — яшчэ не скончана. Але вядучы яе практычна ў адзіноце, пры катастрафічна малых рэсурсах, мы, дэмакратычныя сілы, рызыкуем яе прайграць.

Таму стратэгія, пра якую я кажу — гэта Стратэгія нарошчвання патэнцыялу беларускіх дэмакратычных сіл у нашай бітве за Беларусь з «рускім светам».

На кожным з франтоў, дзе гэтая бітва ідзе.

1. Інфармацыйны фронт.

Неабходна значна павялічыць падтрымку беларускіх незалежных СМІ як на фінансавым, гэтак і на адукацыйным узроўні.

Мы павінны мець моцную і прафесійную супрацьвагу прапагандзе і медыяхолдынгу Саюзнай дзяржавы, які ствараецца зараз. Прапаганда «рускага свету» у Беларусі накіравана супраць дэмакратыі, ліберальных каштоўнасцяў, супраць Еўропы і Захаду. «Рускі свет» наш з вамі агульны вораг. І нельга дазволіць яму захапіць розумы беларусаў.

У беларускіх незалежных медыяў павінны быць значна большыя бюджэты і магчымасці на прафесійную адукацыю і павышэнне кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў, пашырэнне штату. І безумоўна — на прасоўванне і значнае пашырэнне ахопу пра-беларускага кантэнту, на ягоную рэкламу.

2. Ідэалагічны, культурны і грамадзянскі фронт.

Неабходна значнае павелічэнне падтрымкі грамадзянскага сектара і культуры. У першую чаргу — праектаў, накіраваных на захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і прасоўванне нацыянальна-арыентаванай і пра-еўрапейскай свядомасці беларусаў, у супрацьвагу пра-расійскай свядомасці.

3. Эканамічны фронт.

З прычыны таго, што санкцыі ў дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі дагэтуль не гарманізаваныя цалкам, Беларусь стала шэрай зонай для абыходу санкцыяў. У той жа час, эканоміка і ВПК Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы фактычна зліліся ў адзінае цэлае з эканомікай і ВПК Расіі. Нельга губляць час. Нельга дазваляць агрэсарам узмацняць ваенную машыну за кошт Беларусі.

Необходна:

  1. Як мага хутчэй цалкам гарманізаваць санкцыі ў дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі;

  2. Увесці найстражэйшы кантроль за іх выкананнем і пачаць цвёрда караць за іх парушэнне;

  3. Зрабіць спансіраванне рэжыму Лукашэнкі для Расіі максімальна дарагім.

Самым эфектыўным сродкам, безумоўна, з’яўляецца тарговае эмбарга рэжыму Лукашэнкі. І мы вітаем выстаўлены гатоўнасць Польшчы і краінаў Балтыі цалкам зачыніць межы з Беларуссю для руху тавараў. Важна, каб гэта былі ня толькі вантажны аўтамабільны, але і чыгуначны рух. Адначасова ж важна пакінуць магчымасць перамяшчэння для звычайных грамадзянаў Беларусі.

4. Палітычны фронт.

Адзіная палітычная супрацьвага рэжыму Лукашэнкі — гэта Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі на чале з абраным прэзідэнтам Святланай Ціханоўскай.

Для ўзмацнення яго патэнцыялу неабходна:

1) прызнаць Кабінет адзіным легітымным органам улады, які прадстаўляе Беларусь — Пераходным урадам Беларусі. Нелегітымны рэжым Лукашэнкі і ягоныя эліты павінны ўсвядомець — існуе прызнаная альтэрнатыва, за якой стаіць моцная міжнародная падтрымка. Гэта вельмі важная умова, магчыма — адна з вырашальных для расколу элітаў;

2) другая важная ўмова — выдача ордэру на арышт Лукашэнкі за здзяйсненне ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці. Вы ведаеце, што каманда НАУ ўжо накіравала ў МУС камунікацыю аб ролі рэжыму Лукашэнкі ў незаконным перамяшчэнні і пераадукацыі ўкраінскіх дзяцей. Таксама пры нашай падтрымцы нашымі партнерамі Justice Hub была падрыхтаваная грунтоўная справаздача аб злачынствах рэжыму супраць чалавечнасці і распрацаваныя адпаведныя механізмы ягонага прыцягнення да адказнасці. Міжнародны ордэр на арышт Лукашэнкі — гэта тое, што зробіць яго таксічным для ўласнага атачэння і паскорыць раскол у ім.

Я веру ў такі сцэнар, веру, што беларусы заўсёды змогуць дамовіцца з беларусамі. І менавіта таму трэба аказаць Кабінету ўсебаковую падтрымку для вызвалення Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі і «рускага свету», забеспячэння незалежнасці і еўрапейскай перспектывы для Беларусі.

5. Геапалітычны фронт.

Фактычна, усё пра што я казаў вышэй зводзіцца да простага пытання:

Якую Беларусь вы хочаце ўбачыць заўтра: расейскую “Беларуссію” ці еўрапейскую Беларусь?

І калі адказ — еўрапейскую Беларусь, то ўсе задачы, аб якіх я казаў вышэй, павінны легчы ў аснову нашай агульнай стратэгіі. Агульнай і пра-актыўнай.

Бо пакуль мы бачым зусім іншую Беларусь. Беларусь, якая з`яўляецца ўдзельнікам не еўрапейскіх, а расійскіх праектаў: ​​Саюзнай дзяржавы, АДКБ, ЕАЭС і СНД.

Так званая Саюзная дзяржава — гэта аснова і галоўны інструмент імперскай палітыкі Расіі.

І таму я хачу нагадаць вам словы былога Міністра замежных спраў Эстоніі Урмаса Рэйнсалу, які сказаў:

Самая магутная санкцыя, якую Захад можа прымяніць да Расеі — гэта скасаванне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.

Скасаваць рэжым Лукашэнкі - значыць скасаваць Саюзную дзяржаву - значыць хутчэй выйграць абедзве войны: вайну за Украіну і вайну за Беларусь.

Месца Беларусі — з Еўропай, а не з Расіяй. І гэтую думку падзяляюць усе нашыя партнеры. Аднак час партнераў павінен змяніцца часам пра-актыўных саюзнікаў. Час думак і заклапочаннасцяў павінен змяніцца часам рашучых дзеянняў.

Вось нашае пасланне Еўропе:

БЕЛАРУСЬ - НЕ «РУСКІ СВЕТ» І НЕ СФЕРА ЎПЛЫВУ РАСІІ.

Жыве вольная еўрапейская Беларусь!

Comentários


bottom of page