9 кастрычніка выйшаў артыкул аўтарства спадара Яўгена Прэйгермана пад назвай «Ілжывая аналітычная парадыгма падрывае палітыку Захада ў дачыненні да Беларусі». Якая назва! Нібы хтосьці з ведамства міністра па замежных справах Алейніка яго прыдумаў. Прычым выйшаў гэты артыкул не абы дзе, а ў палітычным блогу Оксфардскага ўніверсітэта.
Падобна на тое, што гэта першая публікацыя спадара Прэйгермана на гэтай пляцоўцы. І будзем спадзявацца, што апошняя. Чаму?
Скажам так, да болю знаёмыя наратывы МЗС Лукашэнкі гэты артыкул нагадвае мне не толькі сваёй назвай. Змест там – яшчэ цікавей. І крывадушней.
Калі сцісла – Лукашэнка зусім не такі жудасны, як яго малююць на Захадзе. Наадварот, ён малайчына, які спрытна і ўмела балансаваў, «трымаў сітуацыйны нейтралітэт» і ледзь не забяспечваў гэтым гарантыі бяспекі Украіны і рэгіёну. Пакуль страшны Захад не стаў на яго занадта моцна ціснуць і забраў у беднага Лукашэнкі магчымасці быць «шматвектарным».
І праўда, чаго гэта Захад такі дрэнны?
Ну падумаеш, дыктатура, падумаеш рэпрэсіі. Яны і раней бывалі, але затое потым, калі Лукашэнка трохі саслабляў гайкі, каб Захад пераставаў на яго ціснуць, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі «прыкметна паляпшалася»!
То бок гэта вось такая разумная шматхадоўка Лукашэнкі – ладзіць рэпрэсіі, нарывацца на санкцыі, а потым «хоць і не незваротна, але паступова і бачна усё паляпшаць».
Наколькі бачнымі былі ўсе гэтыя «паляпшэнні» палітычных правоў і свабод беларусы змаглі пераканацца пасля выбараў 2020 года. На сёння – паўтары тысячы афіцыйна прызнаных палітвязняў, у рэальнасці – каля 5000. Больш за 1440 ліквідаваных грамадскіх арганізацый, разгром усіх незалежных СМІ і палітычных партый у краіне, як мінімум 136 тысяч злачынстваў супраць чалавечнасці. Агрэсія. Вайна. Яе падтрымка. Ваенныя злачынствы.
Ну і добра, ну і няхай у гэты раз маштабы рэпрэсій сталі кратна больш, ну масавыя катаванні, ну забойствы, ну згвалтаванні жанчын, мужчын, дзяцей дубінкамі. Дык гэта ж Захад вінаваты, па словах спадара Прэйгермана.
Не было б ціску, усё б пацішэла. Але Захад чамусьці не захацеў увайсці ў «складанае геапалітычнае становішча» дыктатара і сваёй рэакцыяй вымусіў Лукашэнку яшчэ больш рэпрэсаваць, яшчэ больш катаваць і забіваць. І самалёт захапіць, і міграцыйную вайну зладзіць, а потым і ў вайну супраць Украіны ўвязацца. Дзяцей украінскіх дэпартаваць. Гэта ўсё Захад, аказваецца, вінаваты.
Прычым спадар Прэйгерман выводзіць усё пералічанае як бы за дужкі, імкнецца не завастраць на гэтым увагу, не ўдавацца ў маштабы рэпрэсій і злачынстваў Лукашэнкі. Проста як гэта робяць афіцыйныя прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі на тых міжнародных пляцоўках, адкуль іх яшчэ не выгналі.
Напэўна таму, што гэта ўсё не гэтак важна, бо Лукашэнка ж нічога гэтага на самай справе не хацеў, а на шляху будучых «паступовых і бачных паляпшэнняў» стаў менавіта Захад. І менавіта Захад цяпер павінен адмовіцца ад сваёй «неканструктыўнай і зламыснай палітыкі», спыніць ціск і наладзіць з Лукашэнкам стасункі. Перагарнуць старонку.
Вы разумееце, наколькі крывадушна ўсё гэта гучыць? Па сутнасці спадар Прэйгерман рацыяналізуе і адбельвае злачынствы Лукашэнкі, які кожны дзень тэрарызуе і кідае за краты беларусаў, кожны дзень гоніць нелегальных мігрантаў на межы ЕС. І працягвае падтрымліваць Расію ў вайне. Ідзеце са мной на дыялог, забудзьцеся ўсе мае злачынствы – і, можа быць, я змякчуся? Гэта, спадар Прэйгерман, называецца банальны тэрарызм, а не «знешнепалітычнае хэджаванне».
Так што прапанова зразумець і дараваць Лукашэнку ў лепшым выпадку выглядае як ода стакгольмскаму сіндрому. Але гэта толькі на першы погляд.
Бо цалкам відавочна, што ў гэтай оды ёсць канкрэтныя мэты
Справа ў тым, што «акцыі» Лукашэнкі ў вачах Крамля моцна ўпалі і ён адчайна спрабуе гуляць на «маскоўскай біржы», каб набіць сабе кошт. І з гэтай мэтай пускае ў ход «заходнюю карту».
Менавіта тут, дарэчы, і выяўляецца так званая «шматвектарнасць» рэжыму Лукашэнкі. У сваім рэальным абліччы.
Для двух розных аўдыторый у рэжыму падрыхтаваны два розныя, але узаемазвязаныя паведамленні
Паведамленне для Крамля было сфармуляванае на нядаўняй сустрэчы Лукашэнкі з губернатарам Навасібірскай вобласці.
Там, спасылаючыся на «абшырныя даклады» сваёй выведкі і спецслужбаў Лукашэнка палохаў Расію планамі Захаду «разарваць адзінства Расіі і Беларусі, разбурыць Саюзную дзяржаву». Палохаў з канкрэтнай мэтай – атрымаць больш грошай ад свайго «старэйшага брата».
Пералічваючы ўсё, што трэба, каб гэтага разрыву не дапусціць:
шырокі доступ на рынкі: як сам расійскі рынак, так і тыя замежныя, дзе Расія працягвае працаваць;
павелічэнне колькасці беларускіх цэнтраў у Расіі для працы на гэтых рынках;
адмова ад дублявання вытворчасцяў у Расіі і Беларусі – г.зн. каб Расія зноў жа больш актыўна закупляла прадукцыю беларускай прамысловасці і гэтак далей.
Відавочна, што эканамічная сітуацыя ў рэжыму Лукашэнкі вельмі цяжкая, пры гэтым Расія ўжо не кампенсуе ў дастатковай ступені яго страты ад санкцый. Ці хутчэй не спяшаецца кампенсаваць, пачаўшы сумнявацца ў мэтазгоднасці інвеставаць у рэжым Лукашэнкі ў патрэбных ім аб'ёмах, разумеючы, што ён і так будзе прытрымлівацца інтарэсаў Крамля на шляху паглынання беларускага суверэнітэту Расіяй.
Лукашэнка ж такі расклад зусім не задавальняе, ён бачыць у ім не проста эканамічную пагрозу, але і прамую пагрозу сваёй уладзе, якая цалкам залежыць ад грошай і падтрымкі Крамля. І не маючы чаго прапанаваць, ён звяртаецца да тактыкі шантажу – «нас разарвуць, разбураць наша адзінства».
Пры гэтым ён разумее, што пустыя словы і пагрозы, нават пад выглядам «дакладаў спецслужбаў», у Крамлі ўжо не купяць. Таму іх трэба чымсьці падмацаваць.
І тут у ход ідуць «незалежныя аналітыкі», накшталт спадара Прэйгермана, якія нараджаюць паведамленне ўжо для заходняй аўдыторыі
А гучыць яно так – ваша палітыка ў адносінах да Лукашэнкі памылковая, з ім можна і трэба супрацоўнічаць, проста трэба заплюшчыць вочы на некаторыя асаблівасці, накшталт дыктатуры, рэпрэсій, гвалту, забойстваў і іншых дробязяў. Ён зусім не антызаходні, проста апынуўся ў складаных абставінах. Адмяняйце санкцыі, дайце яму прастору для манеўру. А інакш – ён зусім ляжа пад Расію і тады вы самі вінаватыя.
У прынцыпе, у гэтым паведамленні нічога новага няма. Менавіта так рэжым заходзіў на Захад кожны раз, калі здзяйсняў злачынствы і нарываўся на санкцыі. І раней Захад гэта купляў. І здымаў санкцыі. А потым злачынствы станавіліся кратна страшней. Пры гэтым ад Расіі ён як не збіраўся адрывацца, так і не збіраецца.
Замест гэтага «заходняя карта» кожны раз дапамагала яму павышаць свой кошт для «старэйшага брата». Менавіта на гэта ён разлічвае і цяпер. Разлічвае, што Захад зноў пойдзе з ім на дыялог, які ён зможа прадаць Расіі як пагрозу. І атрымаць ад яе тую цану, за якую ён хоча сябе прадаць, а не тую, якую яму плацяць цяпер.
Але ніякага «заходняга развароту» не будзе. Не будзе ніякага змякчэння рэжыму ў Беларусі, ніякіх «бачных паляпшэнняў». І ніякага дрэйфавання ад Расіі таксама. Лукашэнка ніколі не адмовіцца ад двух рэчаў: улады і расійскай «кармушкі». Таму што абедзве яны звязаныя напрамую.
І калі ўявіць, што Захад апынецца настолькі недальнабачным, што купіцца на чарговы «развод» ад рэжыму, а Расія рэальна спалохаецца «пацяплення стасункаў» Захаду з Лукашэнкам і пойдзе на ягоныя ўмовы, то першае, што зробіць Лукашэнка, атрымаўшы жаданае – кіне Захад гэтак жа, як рабіў гэта заўсёды.
Паверыўшы такім Прэйгерманам, Захад толькі дазволіць Лукашэнку зарабіць. Дазволіць яму даражэй прадаць беларускі суверэнітэт.
Таму адзінай адэкватнай рэакцыяй Захаду на абвінавачванні ў «няправільнай палітыцы» ў дачыненні да Лукашэнкі і прапановы спыніць на яго ціск, пайсці на дыялог, могуць быць толькі канкрэтныя сустрэчныя патрабаванні:
неадкладнае вызваленне ўсіх палітвязняў;
поўнае спыненне рэпрэсій у Беларусі;
рэабілітацыя ўсіх незаконна асуджаных і прымушаных да дэпартацыі з краіны;
спыненне міграцыйных нападаў супраць ЕС і падтрымкі вайны супраць Украіны;
правядзенне новых выбараў па ўсіх дэмакратычных стандартах.
А любы іншы падыход да рэжыму Лукашэнкі і будзе па-сапраўднаму «ілжывай аналітычнай парадыгмай», якая не проста падарве, а знішчыць любыя надзеі на перамены ў Беларусі.
Comments